Лукаша 17 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І гаворыць Ён вучням Сваім: «Немагчыма, каб не прыйшлі згаршэнні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
І сказаў вучням Сваім: «Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
Лепш было б яму, каб павесіць яму жоран млынавы на шыю ды ўкінуць у мора, чым бы ён згоршыў аднаго з малых гэтых.
Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых.
Сачыце за сабой! Калі брат твой зграшыў супраць цябе, дакары яго і, калі навернецца, даруй яму.
Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца, даруй яму.
І, калі б сем разоў на дзень зграшыў адносна цябе і сем разоў на дзень звярнуўся да цябе, кажучы: “Каюся за гэта”, — даруй яму».
І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, даруй яму».
І сказалі Апосталы Госпаду: «Павяліч нам веру».
І сказалі апосталы Госпаду: «Дадай нам веры».
А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, дык сказалі б гэтаму дрэву морвы: “Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора”, і яно паслухала б вас.
А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: “Будзь вырванае з коранем і перасаджанае ў мора”, яно паслухала б вас.
А хто з вас, маючы паслугача аратага або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: “Ідзі хутчэй за стол”?
А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: “Ідзі хутчэй, узьляж [за сталом]”?
І ці не скажа: “Прыгатуй мне вячэру і падперажыся ды паслугуй мне, пакуль буду есці і піць, а потым ты будзеш есці і піць”?
Але ж ці ня скажа яму: “Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам”?
Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадана? Не думаю.
Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.
Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: “Паслугачы мы нічога не вартыя; што павінны былі зрабіць, зрабілі”».
Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: “Мы — слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць”».
І сталася, калі ішоў Ён у Ерузалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
І сталася, як ішоў у Ерусалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
І калі ўваходзіў Ён у адно паселішча, перанялі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія сталі здалёк
І, калі ўваходзіў Ён у адно мястэчка, сустрэлі яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк.
і крычалі яны ўголас, кажучы: «Ісусе, Вучыцель, памілуй нас!»
І ўзвысілі яны голас, кажучы: «Ісусе, Настаўнік! Зьлітуйся над намі».
Ён, як убачыў іх, сказаў: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». І сталася, што, калі яны ішлі, ачысціліся.
І, убачыўшы, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам». І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаныя.
Адзін жа з іх, як агледзеўся, што стаў здаровы, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
Адзін жа з іх, бачачы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
і паў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму; а быў ён самарыцянін.
і ўпаў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.
І, адказваючы, Ісус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? І дзе ж дзевяць?
Адказваючы, Ісус сказаў: «Ці ня дзесяць былі ачышчаныя? Дзе ж дзевяць?
Не знайшоўся з іх ніхто, хто б вярнуўся, каб аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага чужынца?»
Яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца».
І гаворыць яму: «Устань, ідзі: вера твая выратавала цябе».
І сказаў яму: «Устань, ідзі. Вера твая збавіла цябе».
І, запытаны фарысеямі, калі надыдзе Валадарства Божае, адказваючы, сказаў ім: «Валадарства Божае не прыйдзе відавочна
Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Валадарства Божае, адказаў ім і сказаў: «Не прыходзіць Валадарства Божае відавочна.
і не скажуць: “Вось тут” або: “Там”; вось жа Валадарства Божае ўнутры вас ёсць».
І ня скажуць: “Вось, яно тут”, ці: “Вось, там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць».
І гаворыць вучням: «Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага і не ўбачыце.
Вучням жа сказаў: «Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце.
І скажуць вам: “Вось, тут”, “Вось, там”; не ідзіце і не шукайце.
І скажуць вам: “Вось, тут”, ці: “Вось, там”, — не хадзіце і не ганяйцеся,
Бо, як маланка, ззяючы з-пад неба, асвятляе тое, што пад небам, такім будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба да другога краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
Але трэба, каб Ён перш многа перацярпеў ды быў адкінуты гэтым пакаленнем.
Спачатку ж Ён мусіць шмат перацярпець і быць адкінутым пакаленьнем гэтым.
І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:
І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:
елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і выгубіў усіх.
елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх.
Падобна, як сталася ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
Падобна як было ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, продалі, садзілі, будавалі,
аж у дзень, калі Лот выйшаў з Садома, паліліся з неба дажджом агонь ды серка і выгубілі ўсіх.
а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь з серкаю і загубіў усіх.
Так будзе ў дзень, калі Сын Чалавечы аб’явіцца.
Такім будзе той дзень, калі зьявіцца Сын Чалавечы.
У той дзень, хто будзе на даху, а прылады яго дома, хай не сыходзіць, каб іх забраць; і хто на полі, хай таксама не вяртаецца.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца.
Памятайце пра жонку Лота.
Памятайце жонку Лота.
Калі б хто стараўся душу сваю зберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
Бо хто шукае, каб здабыць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
Кажу вам: у тую ноч будуць удвух на адным ложку: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты;
і дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута.
дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзятая, а другая — пакінутая;
І ўдвух будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты».
двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты».
Адказваючы Яму, яны кажуць: «Дзе, Госпадзе?» А Ён сказаў ім: «Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы».
І, адказваючы, кажуць Яму: «Дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «Дзе цела, там зьбяруцца і арлы».