Да Ціта 3 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,
 
Нагадвай ім, каб слухаліся і падпарадкоўваліся кіраўнікам і ўладам, каб былі гатовымі да ўсякай добрай справы,

нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але ціхімі, выяўляць да ўсіх людзей усю ласкавасць.
 
каб нікога не зласловілі, не былі сварлівымі, але спагадлівымі, выяўляючы ўсялякую далікатнасць да ўсіх людзей.

Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім асалодам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных.
 
Бо і мы былі калісьці неразумнымі, непаслухмянымі, зведзенымі, служылі розным жаданням і ўцехам, жылі ў злосці і зайздрасці, былі агіднымі і ненавідзелі адзін аднаго.

Калі ж з’явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,
 
Калі ж аб’явілася дабрыня і любоў Бога, Збаўцы нашага, да людзей,

дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы выканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым,
 
Ён не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы зрабілі, але паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Духам Святым,

Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
 
якога шчодра выліў на нас праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага,

каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі паводле надзеі жыцця вечнага.
 
каб, апраўданыя Ягонай ласкаю, мы сталі паводле надзеі спадкаемцамі вечнага жыцця.

Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна людзям.
 
Слова годнае даверу, і я хачу, каб ты ўпэўнена казаў пра гэта, каб тыя, хто паверыў Богу, імкнуліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна для людзей.

Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя.
 
Недарэчных пошукаў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны бескарысныя і марныя.

Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай,
 
Таго, хто сее ерась, пасля першага і другога настаўлення аддаляй,

ведаючы, што такі — пераваротнік, і ён грашыць, сам сябе асуджаючы.
 
ведаючы, што такі чалавек выкручваецца і грашыць, асуджаючы самога сябе.

Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць.
 
Калі пашлю да цябе Артэмаса або Тыхіка, пастарайся прыйсці да мяне ў Нікаполь, бо я вырашыў там зімаваць.

Зэну, заканазнаўца, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала.
 
Зэнаса, знаўцу закону, і Апалоса старанна забяспеч, каб ні ў чым яны не адчувалі нястачы.

Хай навучацца і нашы быць першымі ў добрых учынках дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі.
 
Няхай вучацца і нашыя быць першымі ў добрых учынках у пільнай патрэбе, каб не былі яны бясплоднымі.

Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.
 
Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі.