Да Ціта 3 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,
 
Дамяняй ім, каб былі падданыя начэльнікам а ўладзе, каб былі паслухменыя, гатовыя да кажнага добрага ўчынку,

нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але ціхімі, выяўляць да ўсіх людзей усю ласкавасць.
 
На нікога не вярнулі, ня былі звадлівыя, былі рахманыя, выказуючы ўсялякую лагоднасьць да ўсіх людзёў.

Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім асалодам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных.
 
Бо й мы былі калісь неразумныя, непаслухменыя, зьведзеныя, служачыя жадлівасьцям і розным прыемнасьцям, жывучы ў злосьці а завідасьці, ненавіджаныя, ненавідзячыя адны адных.

Калі ж з’явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,
 
Але як зьявілася добрасьць а любосьць да людзёў Спаса нашага, Бога,

дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы выканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым,
 
Ён спас нас ня з учынкаў справядлівасьці, учыненых намі, але подле міласэрдзя Свайго абмыцьцём адраджэньня й аднаўленьня Духам Сьвятым,

Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
 
Каторага выліў на нас багата перазь Ісуса Хрыста, Спаса нашага,

каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі паводле надзеі жыцця вечнага.
 
Каб, будучы апраўленыя ласкаю, мы сталі спадкаемцамі подле надзеі вечнага жыцьця.

Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна людзям.
 
Слова гэта вернае, і я зычу, каб ты ў гэтым быў упорысты, каб тыя, што ўверылі ў Бога, рупіліся быць улеглівымі ў добрыя ўчынкі. Гэта добра й карысна людзём.

Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя.
 
Дурных жа пытаньняў а радаводаў а сьпярэчак а звадаў праз Закон сьцеражыся, бо яны бескарысныя й пустыя.

Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай,
 
Ад гэрэтыка, па першым і другім дамяненьню, здаляйся,

ведаючы, што такі — пераваротнік, і ён грашыць, сам сябе асуджаючы.
 
Ведаючы, што такі папсаваўшыся й грэша, будучы сам сабою засуджаны.

Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць.
 
Як прышлю да цябе Арцёма альбо Тыхіка, пабарзьдзі прыйсьці да мяне да Цікаполю, бо я пастанавіў зімаваць там.

Зэну, заканазнаўца, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала.
 
Зіну праўніка а Аполоса парупся выправіць так, каб у іх ні ў чым ня бьгло нястачы.

Хай навучацца і нашы быць першымі ў добрых учынках дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі.
 
Хай і нашы вучацца займацца добрымі справамі дзеля канечных патрэбаў, каб ня былі бясплодныя.

Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.
 
Усі, што з імною, здароваюць цябе. Паздаровай тых, што любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі.