Судзьдзяў 16 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусніцу, і ўвайшоў да яе.
І пайшоў Самсон да Ґазы, і, абачыўшы там бязулю, увыйшоў да яе.
Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны абкружылі яго і зрабілі засаду на Самсона ў браме горада; і ўсю ноч яны сядзелі ціха, чакаючы, каб, калі настане раніца, забіць яго на выхадзе.
Ґазянам наказалі: «Прышоў Самсон сюды». І хадзілі яны навокал, і цікавалі на яго ўсю ноч у браме месцкай, і ня выказаваліся ўсю тую ноч, кажучы: «Да сьвітаньня пажджэм і заб’ем яго».
А Самсон спаў аж да паўночы, а затым, устаўшы, схапіў абедзве паловы брамы разам з яе вушакамі, і вырваў іх з засаўкай, і, паклаўшы сабе на плечы, занёс на вяршыню гары, што насупраць Геброна.
І ляжаў Самсон да поўначы; і ўстаў а поўначы, і схапіў вароты месцкае брамы за абодва вушакі, і выцягнуў іх разам із завалам, і палажыў на плечы свае, і ўзьнёс іх на верх гары, каторая перад Гэўронам.
Потым Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк і звалася Даліла.
І было просьле гэтага, што закахаўся ён у жонку ў даліне Сорэк; імя ейнае Даліла.
І прыйшлі да яе кіраўнікі філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся ў яго, адкуль бярэцца яго сіла і як маглі б мы яго адолець і яго, адоленага, пакарыць; калі гэта зробіш, дамо табе па тысячы сто срэбранікаў кожны».
І ўзышлі да яе князі Пілісцкія, і сказалі ёй: «Умоў яго й зацем, у чым вялікая сіла ягоная, і чым нам здолець яго, і зьвяжам яго, каб мучыць яго; а мы дамо табе за гэта кажны тысяча а сто срэбра».
Дык казала Даліла Самсону: «Скажы мне, прашу, адкуль у цябе бярэцца такая вялікая сіла і чым можна звязаць цябе, каб пакарыць цябе?»
І сказала Даліла Самсону: «Азнаймі, калі ласка, імне, у чым вялікая сіла твая, і чым зьвязаць цябе, каб мучыць цябе?»
Самсон адказаў ёй: «Калі звязаць мяне сямю сырымі вяроўкамі, сплеценымі з сухажылляў, яшчэ не сухімі і ўжо не сырымі, то я зраблюся бяссільным і стану, як іншыя людзі».
І сказаў ёй Самсон: «Калі зьвяжуць мяне сяма вагкімі гужамі, каторыя яшчэ ня высахлі, то я скволею й буду, як адзін ізь людзтва».
І прынеслі ёй валадары філістынцаў сем вяровак, як ён казаў, і яна звязала імі яго
І ўзьнесьлі ёй князі Пілісцкія сем вагкіх гужоў, каторыя ня высахлі, і яна зьвязала яго імі.
ў той час, калі яны схаваліся ў яе пакоі. І яна яму крыкнула: «Самсон, філістынцы над табою!» Ён паразрываў вяроўкі так, як калі б хтосьці разарваў нітку, звітую з пакулля, калі яна занялася вогненным дымам; так і не даведаліся, у чым яго сіла.
Цікуючы сядзеў у яе ў пакою. І сказала яму: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» і ён разарваў гужы, як разрываюць ніту з пакульля, як перапаляе яе цяпло, і не пазнана сіла ягоная.
Па нейкім часе сказала Даліла Самсону: «Вось, падмануў ты мяне і схлусіў мне; прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць звязаны».
І сказала Даліла Самсону: «Вось, ты сьміяўся зь мяне і брахаў імне; цяпер жа азнаймі імне, чым зьвязаць цябе?»
Ён адказаў ёй: «Калі буду звязаны дзевяццю вяроўкамі, якія ніколі не былі ва ўжытку, буду кволы і падобны да іншых людзей».
Ён сказаў ёй: «Калі моцна зьвяжуць мяне новымі паварозамі, каторыя ня ўжывалі да работы, то я скволею а буду, як адзін ізь людзтва».
Даліла зноў звязала яго вяроўкамі і крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» — бо ў другім пакоі была прыгатавана засада. Ён разарваў вяроўкі на сваіх руках так, як ніткі з тканіны.
І ўзяла Даліла новыя паварозы, і зьвязала яго імі, і сказала: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» А цікуючы сядзеў у пакою. І зарваў ён іх із рук сваіх, як нітку.
І зноў сказала Даліла Самсону: «Дакуль жа будзеш ты падманваць мяне і хлусіць мне? Скажы, чым цябе трэба звязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем кос галавы маёй у тканіну і замацуеш іх калком, то я зраблюся слабым і стану, як іншыя людзі».
І сказала Даліла Самсону: «Дагэтуль ты сьміяўся зь мяне і гукаў імне брэхні; скажы імне, чым бы зьвязаць цябе?» Ён сказаў ёй: «Калі ты ўтчэш сем косаў галавы мае ў тканіну».
Калі яна яго ўсыпіла, і ўпляла сем кос галавы яго ў тканіну, і замацавала калком, яна крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, вырваў калок з утком і тканінаю.
І прымацавала іх да навою, і сказала яму: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» Ён прачхнуўся зо сну свайго й вырваў навой кроснаў разам із тканіною.
І сказала яму Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што любіш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не захацеў сказаць, у чым сіла твая найвялікшая».
Сказала яму: «Як жа ты кажаш: "Люблю цябе", а сэрца твае ня з імною? вось, ты трэйчы сьміяўся зь мяне й не азнайміў імне, у чым вялікая сіла твая».
І паколькі яна яму дакучала і штодзень мучыла безупынна яго, то душа яго самлела і аж да смерці знемагла.
І прыгадзілася, як яна дадзявала яму словамі сваімі ўсі гэтыя дні й мучыла яго, дык замлела на сьмерць душа ягоная;
Тады адкрыў ён ёй усё сэрца сваё і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я ад улоння маці сваёй — назір Божы; калі б абгалілі галаву маю, адышла б ад мяне сіла мая, і зрабіўся б я слабым, і стаў бы, як іншыя людзі».
І ён азнайміў ёй усе сэрца свае, і сказаў ёй: «Брытва ня ўзышла на галаву маю, бо назарэй Божы я ад жывата маці свае. Калі ж мяне паголяць, то адвернецца ад мяне сіла мая; я скволею й буду, як кажны зь людзтва».
Яна, зразумеўшы, што ён адкрыў ёй усю сваю душу, паслала да валадароў філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сваё сэрца». Яны прыйшлі, узяўшы грошы, якія ёй паабяцалі.
І бачыла Даліла, што ён азнайміў ёй усе сэрца свае, дык паслала й пагукала князёў Пілісцкіх, кажучы: «Узыйдзіце гэты раз, бо азнайміў імне ўсе сэрца свае». І ўзышлі да яе князі Пілісцкія, і ўзьнесьлі срэбра ў руках сваіх.
А яна ўсыпіла яго на сваіх каленях, і паклікала цырульніка, і загадала яму абгаліць сем кос яго, і ён пачаў упакорвацца, бо адступіла ад яго сіла адразу ж.
І ўсаніла яго на каленях сваіх, і пагукала чалавека, і астрыжаны сем каслаўкаў галавы ягонае. І пачала яго мучыць, і адвярнулася сіла яговая ад яго.
І сказала яна: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, падумаў у душы сваёй: «Пайду, як рабіў раней, і вызвалюся», не ведаючы, што Госпад адышоў ад яго.
І яна сказала: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» І ён прачхнуўся зо сну свайго, і сказаў: «Выйду, як і іншым разам, і абтрасуся». А ён ня ведаў, што СПАДАР адвярнуўся ад яго.
Калі схапілі яго філістынцы, зараз жа выкалалі яны яму вочы і завялі ў Газу, дзе прымусілі яны яго, закутага ў два ланцугі медныя і замкнёнага ў вязніцы, малоць зерне.
І схапілі яго Пілішчане, і выкалалі яму вочы, зьвялі яго да Ґазы, і закавалі яго мядзянымі ланцугамі, і ён малоў у доме вязьняў.
Тым часам раней паголеныя валасы сталі ў яго адрастаць.
І пачаў волас галавы ягонае адрастаць, просьле тога як быў аголены.
А валадары філістынцаў сабраліся ўсе, каб ускласці багатыя ахвяры богу свайму Дагону і павесяліцца, кажучы: «Бог наш аддаў у рукі нашы ворага нашага, Самсона».
І князі Пілісцкія зьберліся, каб абрачы вялікі аброк Даґону, богу свайму, і весяліцца, і сказалі: «Даў бог наш у рукі нашыя Самсона, ворага нашага».
І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і тое ж самае казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашы ворага нашага, які нішчыў зямлю нашу і вельмі многіх з нас забіў».
І абачыў яго люд, і хвалілі багі свае, бо гукалі: «Бог наш даў у рукі нашы непрыяцеля нашага, пустошаньніка зямлі нашае, і каторы памножыў пабітых нашых».
І калі яны зрабіліся ўжо даволі вясёлымі, патрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх пазабавіў. Ён, прыведзены з вязніцы, забаўляў іх; і прымусілі яны яго стаць паміж дзвюма калонамі.
І было, як узрадавалася сэрца іхнае, то сказалі: «Гукніце Самсона, хай ён пабаве нас». І гукнулі Самсона з дому вязьняў, і ён бавіў іх, і пастанавілі яго памеж стаўпоў.
І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусці мяне, каб мог я дакрануцца да калон, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца і трошкі адпачыць».
І сказаў Самсон хлапцу, каторы дзяржаў яго за руку: «Падвядзі мяне, каб ашчупаць імне стаўпы, на каторых дзяржыцца дом, і я абапруся на іх».
А дом той быў поўны мужчын і жанчын; і былі там усе князі філістынскія, а на даху каля трох тысяч чалавек абодвух полаў глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх.
Дом жа быў поўны мужчын і жанок, і там усі князі Пілісцкія, і на страсе было якіх тры тысячы мужчын і жанок, што глядзелі на бавячага Самсона.
Тады Самсон усклікнуў да Госпада, кажучы: «Госпадзе, Божа, прыгадай пра мяне! І вярні мне толькі ў гэты раз даўнейшую сілу маю, Божа, каб мог я адпомсціць філістынцам за абодва вокі мае!»
І загукаў Самсон да СПАДАРА, і сказаў: «Спадару СПАДАРУ! успомні мяне, калі Твая ласка, і пасілі мяне, калі Твая ласка, адно гэты раз, о Божа! і я помшчу аднэй помстаю Пілішчанам за два вокі свае».
І Самсон узяўся пасярэдзіне за абедзве калоны, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адну правай рукой, а на другую левай рукой,
І абняў Самсон два сярэднія стаўпы, на каторых дзяржаўся дом, і ўперся ў іх, у вадзін праваю рукою сваёю, а ў вадзін леваю.
і сказаў Самсон: «Хай памрэ душа мая разам з філістынцамі!» І страсянуў ён моцна калоны, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі; і тых, каго ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, каго пазабіваў за час усяго жыцця свайго.
І сказаў Самсон: «Памры, душа мая, зь Пілшчанамі!» І нахінуўся сілаю, і ўпаў дом на князёў а на ўвесь люд, што ў ім. І было памерлых, каторых забіў сьмерцю сваёю, болей, чымся колькі ён забіў у жыцьцю сваім.
І прыйшлі браты яго і ўвесь род, і ўзялі цела яго, і пахавалі яго паміж Цорай і Эстаолам, у магіле бацькі яго, Маноаха; а судзіў ён Ізраэль дваццаць гадоў.
І зышлі браты ягоныя а ўвесь дом айца ягонага, і панесьлі яго, і ўзьнесьлі, і пахавалі яго меж Цоры й Ештаолу, у гробе Маноя, айца ягонага. Ён судзіў Ізраеля дваццаць год.