Судзьдзяў 5 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І ў той дзень спявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы:
І пяяла Дэвора а Варак Авіноаменак таго дня, кажучы:
«Ізраэль адпомшчаны, народ паказаў руплівасць, дабраславіце Госпада!
«Як вайводцы павялі Ізраеля, як люд самахоць аброкся, дабраслаўце СПАДАРА!
Слухайце, цары, адкрыйце вушы, кіраўнікі; я тая, хто Госпаду будзе спяваць, хто будзе граць хвалу Госпаду, Богу Ізраэля!
Слухайце, каралёве, настаўце вуха, князі, я СПАДАРУ, я буду пяяць а выхваляць СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
Госпадзе, калі Ты выходзіў з Сэіра, калі Ты выходзіў з ваколіц Эдома, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі кроплі вады;
СПАДАРУ, як выходзіў Ты із Сэвіру, як сігаў з поля Едомскага, зямля трэслася, таксама неба капала, таксама булакі капалі вадою;
горы таялі перад абліччам Госпада з Сіная, перад абліччам Госпада, Бога Ізраэля.
Горы сьцякалі ад віду СПАДАРА, гэты Сынай ад віду СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
У дні Самгара, сына Аната, у дні Ягэлі апусцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сцежкамі кружнымі.
За дзён Шамґара Анафёнка, за дзён Яілі былі пустыя гасьцінцы, і ходзячыя сьцежкамі хадзілі крывымі гасьцінцамі.
Зніклі мужныя ў Ізраэлі, іх не стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраэлі.
Перасталі быць адкрытыя месты ў Ізраелю, перасталі быць, пакуль не паўстала я, Дэвора, не паўстала я, маці ў Ізраелю.
Выбралі яны сабе багоў новых; тады прыйшла вайна ў брамы. Не з’явіліся ані шчыт, ані дзіда ў сарака тысяч Ізраэля.
Абралі новыя багі, тады бывала вайна ў брамах. Ці відзён быў шчыт а дзіда ў сараку тысячаў Ізраеля?
Сэрца маё любіць князёў Ізраэля. Тыя, хто добраахвотна ахвяраваў сябе за народ, дабраслаўляйце Госпада!
Сэрца мае да правадаўцаў Ізраеля, што абракаліся самахоць памеж люду. Дабраслаўце СПАДАРА!
Вы, хто едзе на асліцах белых, і сядзіць на кілімах, і хто ідзе па дарозе, спявайце!
Езьдзячыя на асьліцах сьветлых, седзячыя на каберцах і ходзячыя па дарозе, гукайце!
Галасы тых, хто размяркоўвае ваду на каналах, хай расказваюць пра справядлівасць Госпада, пра справядлівасць магутнасці Яго ў Ізраэлі; тады збярэцца народ Госпадаў ля брамаў.
Голасам лучнікаў ля месцаў сіляньня вады, там паўтарайце справядлівасьці СПАДАРОВЫ, справядлівасьці над адкрытымі местамі ў Ізраелю! Тады ўзыйдуць да брамаў люд СПАДАРОЎ.
Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і заспявай песню! Устань, Барак, і вазьмі палонных сваіх, сын Абінаама!
Ушчоль, ушчоль, Дэвора, ушчоль, ушчоль! кажы песьню! Устань Варача! і вядзі палоненікаў сваіх, Авіноаменку!
Тады апошнія далучыліся да слаўных, народ Госпада далучыўся да магутных.
Тады зышла астача дабрародных люду; СПАДАР зышоў да мяне меж дужасілаў.
Ад Эфраіма прыбылі князі ў даліну, за ім Бэньямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Забулона тыя, хто трымае скіпетр.
Зь Яхрэма тыя, што ўкараніліся ў зямлі Амаліка; за табою Венямін сярод люду твайго; з Махіру зышлі правадаўцы, і із Завулона валодуючыя пяром кніжніка.
Князі Ісахара былі з Дэбораю; так Барак пасланы быў у даліну з пешымі сваімі. А ў ваколіцах Рубэна разважаюць доўга.
І князь у Іссасхару з Дэвораю, і Іссасхар, як і Варак, пасланы ў даліну пехатой. У цур’ёх Рувінавых вялікія рассудкі сэрца.
Чаму ты сядзеў паміж хлявамі, каб слухаць свіст дудкі пры статку? У ваколіцах Рубэна разважаюць доўга.
Чаго сядзіш памеж авечнікаў, слухаць бляяньне стадаў? Ля цур’ёў Рувінавых вялікія ўпікі сэрца.
Галаад адпачываў за Ярданам; а Дан чаму, як вандроўнік, не меў караблёў? Асэр пражываў на беразе мора і заставаўся ў портах.
Ґілеад жывець за Ёрданом, і чаму Дан падарожжуе ў караблёх? Ашэр сядзідь на беразе мора, і ля партоў сваіх перабывае.
Забулон жа ахвяраваў душу сваю смерці, а Нэфталі — на ўзвышшах краіны.
Завулон — люд, што даў у небясьпечнасьць душу сваю на сьмерць, і Неффалім на вышынях поля.
Прыйшлі цары і ваявалі, ваявалі цары Ханаана ў Танаху ля водаў Магеды, але здабычы срэбра не дасталі!
Прышлі каралі, ваявалі, тады ж ваявалі каралі Канаанскія ў Фаамасе ля водаў Меґідзкіх, але прыбытку срэбра ня бралі.
У небе змагаліся зоркі, шляхам сваім супраць Сісары ваявалі.
Зь неба ваявалі, зоры ізь сьцежкаў сваіх ваявалі із Сысэрам.
Ручай Кісон панёс трупы іх, ручай баёў, ручай Кісон; трымайся моцна, душа мая.
Цурэй Кішон панёс іх, цурэй Кедумін, цурэй Кішон. Тапчы, душа мая, сілу!
Тады гучаў тупат капытоў іх моцных коней, калі імчаліся яны ў бездань.
Тады стукацелі капыты конскія ад подскакаў, ад подскакаў дужых ягоных.
“Праклінайце Мэроз, — сказаў Анёл Госпадаў, — праклінайце жыхароў яго, бо не прыйшлі яны на дапамогу Госпаду, на дапамогу Госпаду з ваярамі сваімі”.
"Праклініце Мероз, — казаў Ангіл СПАДАРОЎ, — праклініце, праклініце жыхараў яго за тое, што ня прышлі на помач СПАДАРУ, на помач СПАДАРУ з харобрымі".
Хай будзе дабраславёна між жанчынамі Ягэль, жонка Хабэра кінэя, хай будзе яна дабраславёна між жанчынамі ў палатках!
Няхай будзе дабраславёная меж жанок Яіль, жонка Гэвера Кіняніна, меж жанок у буданох хай будзе дабраславёная.
Таму, хто просіць вады, яна дала малака, і ў чашы князёў прынесла яму масла.
Вады прасіў ён, малака падала яна, дабліжыла масла ў жбанку дабрародных.
Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат; ударыла Сісару, прабіўшы ранаю галаву яго і моцна праламаўшы скронь.
Руку сваю выцягнула да калка, а правую сваю да молата работніцкага; прабіла молатам Сысэру, працяла галаву ягоную, разьбіла а пракалола віскавіцу ягоную.
Ля ног яе ён зваліўся, упаў, ляжаў; ля ног яе зваліўся, упаў, дзе зваліўся, там і ляжаў нежывы.
Меж ног ейных укляк, паў, ляжаў меж ног ейных, укляк, паў; ідзе ўкляк, там і паў спабыты жыцьця.
Праз акно глядзіць маці Сісары і галосіць праз аконныя краты: “Чаму марудзіць калясніца яго вярнуцца? Чаму не спяшаюцца колы квадрыгі яго?”
З акна глядзела далоў і галасіла маці Сысэрына: "Чаму адвалакае прыбыць коньніца ягоная, чаму длякаюцца сігі цялежак ягоных?"
Жанчына, разумнейшая за іншых, адказвае ёй, і сама сабе паўтарае яна яе словы:
Разумнейшыя з княгіняў ейных адказуюць ёй, і сама яна адказуе сабе на словы свае:
“Зараз, канешне ж, дзеляць захопленую здабычу, па адной, па дзве жанчыны кожнаму ваяру; а два пакрывалы розных колераў — здабыча для Сісары, а на шыю маю са здабычы — два палатны рознакаляровыя”.
"Ці не знайшлі яны, дзеляць здабытак, па дзеўцы, па дзьве дзеўкі на кажнага дужасіла; у здабытак калярыстыя Сысэру, у здабытак калярыстыя вышытыя, калярыстыя вышытыя на шыі тым, што ўзялі здабытак".
Так няхай, Госпадзе, знікнуць усе ворагі Твае! А хто Цябе любіць, хай ззяе так, як ззяе ўзыходзячае сонца!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.
Так хай загінуць усі варагі Твае СПАДАРУ. Любячыя ж Яго — як сонца, што ўзыходзе ў сіле сваёй». І сьцішылася зямля на сорак год.