Данііла 3 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Цар Набукаданосар пабудаваў залатую статую, вышынёю ў шэсцьдзесят локцяў, а шырынёю — на шэсць локцяў; і загадаў яе паставіць на раўніне Дура ў правінцыі бабілонскай.
 
Навухаданосар валадар зрабіў балвана з золата, вышыня ягоная — шэсцьдзясят локцяў, а шырыня ягоная — шэсьць локцяў. Ён паставіў яго на раўніне Дура ў краіне Бабілонскай.

Такім чынам, даручыў цар Набукаданосар сатрапам, намеснікам і суддзям, кіраўнікам і правіцелям, і загадчыкам ды ўсім правіцелям правінцый сабрацца і ўдзельнічаць у асвячэнні статуі, пабудаванай царом Набукаданосарам.
 
І Навухаданосар валадар паслаў сабраць князёў, начальнікаў і ваяводаў, судзьдзяў, скарбнікаў, раднікаў, урадоўцаў і ўсіх кіраўнікоў акругаў, каб яны прыйшлі на асьвячэньне балвана, якога паставіў Навухаданосар валадар.

Дык сабраліся сатрапы, намеснікі і суддзі, кіраўнікі і правіцелі, магнаты, якія былі пастаўлены да ўлады, ды ўсе кіраўнікі правінцый на асвячэнне статуі, пабудаванай царом Набукаданосарам. А стаялі яны перад статуяй, якую пабудаваў Набукаданосар.
 
Тады сабраліся князі, начальнікі і ваяводы, судзьдзі, скарбнікі, раднікі, урадоўцы і ўсе кіраўнікі акругаў на асьвячэньне балвана, якога паставіў Навухаданосар валадар, і сталі яны перад балванам, якога паставіў Навухаданосар валадар.

Герольд абвяшчаў уголас: «Загад для вас, народы, пакаленні і мовы:
 
І весьнік голасна клікаў: «Вам паведамляецца, народы, плямёны і мовы!

у гадзіну, калі пачуеце гучанне рога, і флейты, і ліры, і арфы, і псалтэрыёна, і дудаў ды ўсякага роду інструментаў музычных, упадзіце і пакланіцеся залатой статуі, якую паставіў цар Набукаданосар.
 
У час, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упадзіце і пакланіцеся балвану залатому, якога паставіў Навухаданосар валадар.

Калі ж хто не ўпадзе і не паклоніцца, будзе той адразу ўкінуты ў распаленую печ».
 
А хто не ўпадзе і не паклоніцца, у той жа момант будзе кінуты ў сярэдзіну печы, якая палае агнём».

Такім чынам, пасля гэтага адразу, як пачулі ўсе народы гук рога, флейты, і арфы, і псалтэрыёна, дудаў ды ўсякага роду музычных інструментаў, то ўсе народы, пакаленні і мовы ўпалі і пакланіліся залатой статуі, якую паставіў цар Набукаданосар.
 
Дзеля гэтага ў той час, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, усе народы, плямёны і мовы ўпалі і пакланіліся балвану залатому, якога паставіў Навухаданосар валадар.

І адразу ж, і ў тую ж самую гадзіну некаторыя халдэйцы прыйшлі абвінаваціць юдэяў,
 
Дзеля гэтага ў той момант наблізіліся [да валадара] мужы Халдэйскія і абвінавацілі зласьліва Юдэяў.

і звярнуліся яны да цара Набукаданосара: «Цару, вечна жыві!
 
Яны адказалі і сказалі Навухаданосару валадару: «Валадару, жыві на вякі!

Ты, цару, распарадзіўся, каб кожны чалавек, калі пачуе гук рога, флейты, ліры, арфы, псалтэрыёна, дудаў і ўсякага роду музычных інструментаў, упаў і пакланіўся залатой статуі;
 
Ты, валадару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся балвану залатому.

калі ж хто не ўпадзе і не паклоніцца, будзе ўкінуты ў распаленую печ.
 
А хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе кінуты ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.

Такім чынам, ёсць мужы юдэі, якіх ты паставіў над работамі правінцыі бабілонскай: Сэдрак, Місак, Абдэнага; мужы гэтыя не лічацца з табою, цару, не даюць пашаны тваім багам і не пакланяюцца залатой статуі, якую ты паставіў».
 
Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі краіны Бабілонскай, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго. Гэтыя мужы, валадару, не зважаюць на твой, валадару, загад, багам тваім ня служаць, і балвану залатому, якога ты паставіў, не пакланяюцца».

Тады Набукаданосар закіпеў гневам і загадаў прывесці Сэдрака, Місака і Абдэнагу; і прывялі тых мужоў да цара.
 
Тады Навухаданосар у гневе і ў лютасьці сказаў прывесьці Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго. Тады мужоў гэтых прывялі да валадара.

І Набукаданосар звярнуўся да іх і спытаўся: «Ці праўда, Сэдраку, Місаку і Абдэнагу, што не шануеце маіх багоў і не пакланяецеся залатой статуі, якую я паставіў?
 
Адказаў Навухаданосар і сказаў ім: «Ці праўда, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, што вы багам маім ня служыце і балвану залатому, якога я паставіў, не пакланяецеся?

Ці цяпер гатовыя вы — у любую гадзіну, калі пачуеце гучанне рога, флейты, ліры, арфы, псалтэрыёна, дудаў і ўсякага роду музычных інструментаў, упасці і пакланіцца статуі, якую я зрабіў? Калі бо не аддасцё паклону, будзеце ў тую ж гадзіну ўкінуты ў распаленую печ; які бог зможа вас вырваць з маіх рук?»
 
Цяпер ці вы гатовыя, каб у час, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упасьці і пакланіцца балвану, якога я зрабіў? Але калі вы не паклоніцеся, у той жа момант будзеце кінутыя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём. І хто той Бог, Які выратуе вас з рук маіх?»

Сэдрак, Місак і Абдэнага адказалі, звяртаючыся да цара Набукаданосара: «Не павінны мы табе, цару, адказваць у гэтай справе:
 
Адказалі Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго і сказалі валадару: «Навухаданосар! Няма нам патрэбы адказваць табе ў гэтай справе.

калі бо наш Бог, якому мы служым, можа нас выратаваць з распаленай печы, то і з тваіх рук, цару, вызваліць.
 
Калі Бог наш, Якому мы служым, можа выратаваць нас з печы, якая палае агнём, Ён і з рукі тваёй, валадару, вызваліць.

Калі не пажадае, то ведай, цару, што не будзем ушаноўваць тваіх багоў, ані пакланяцца залатой статуі, якую ты паставіў».
 
А [нават] калі не [вызваліць], няхай будзе вядома табе, валадару, што багам тваім мы ня будзем служыць і балвану залатому, якога ты паставіў, ня будзем пакланяцца».

На гэта Набукаданосар узгарэўся гневам, і выгляд яго твару змяніўся ў адносінах да Сэдрака, Місака і Абдэнагі; і прыказаў у адказ напаліць печ у сем разоў больш, чым звычайна;
 
Тады Навухаданосар напоўніўся гневам супраць Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, і выгляд аблічча ягонага зьмяніўся. Ён адказаў і сказаў, каб распалілі печ у сем разоў болей, чым была яна распаленая.

і мужчынам найдужэйшым паміж свайго войска даручыў звязаць Сэдрака, Місака і Абдэнагу ды ўкінуць іх у распаленую печ.
 
А ваярам-асілкам, якія [былі] ў войску ягоным, сказаў зьвязаць Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго і ўкінуць у печ, якая палае агнём.

Дык адразу ж звязалі гэтых мужоў у іх шараварах, і ў галаўных павязках, і ў абутку, і ў шатах і ўкінулі ў сярэдзіну распаленай печы;
 
Тады мужы гэтыя былі зьвязаныя ў плашчах іхніх, кашулях іхніх, турбанах іхніх і ў адзеньні іхнім і кінутыя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.

такім чынам, паколькі загад цара быў сур’ёзны і печ была залішне распалена, полымя агню забіла тых людзей, якія кідалі Сэдрака, Місака і Абдэнагу.
 
А як слова валадара было жорсткае, печ была распалена надзвычайна, і мужоў тых, якія схапілі Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, забіла полымя агню.

Тры ж чалавекі, Сэдрак, Місак і Абдэнага, упалі звязанымі ў сярэдзіну распаленай печы.24 І яны хадзілі сярод полымя, славячы Бога і дабраслаўляючы Госпада.25 Падняўшыся ж, Азарыя так маліўся і, раскрыўшы свае вусны, казаў пасярэдзіне агню:26 «Дабраславёны Ты, Госпадзе, Божа нашых бацькоў, і поўны хвалы; і імя Тваё дабраславёна на векі.27 Ты бо справядлівы ва ўсім, што нам учыніў, а ўсе дзеянні Твае поўныя праўды, і дарогі Твае прамыя, ды ўсе прысуды Твае справядлівыя.28 Бо выдаў Ты праўдзівыя прысуды ва ўсім, што Ты навёў на нас і на Ерузалім, святы горад нашых бацькоў, бо ў праўдзе і ў законнасці навёў Ты ўсё гэта на нас з прычыны нашых грахоў.29 Бо зграшылі мы і дапусціліся беззаконнасці, адыходзячы ад Цябе, і пакінулі мы Цябе ва ўсім; і прыказанняў Тваіх не спаўнялі мы,30 і не бераглі іх ані не спаўнялі таго, што нам загадваў, каб нам добра было.31 Такім чынам, усё, што Ты на нас навёў, ды ўсё, што нам зрабіў, зрабіў Ты ўсё паводле справядлівага рашэння;32 і выдаў нас у рукі нашых ліхіх непрыяцеляў і найгоршых паміж адступнікаў і несправядліваму цару, найболей крывадушнаму на ўсёй зямлі;33 і цяпер не маем смеласці адкрыць вусны свае; сорам і ганьба ахутала тваіх паслугачоў і тых, што Цябе славяць.34 Просім: не кідай нас назаўсёды — дзеля імя Твайго, і не разрывай Твайго запавету,35 і не ўхіляй ад нас Сваёй міласэрнасці з увагі да Твайго прыяцеля Абрагама, і да паслугача Твайго Ізаака, ды Твайго святога Ізраэля,36 якім сказаў Ты, што размножыш патомства іх, як зоркі на небе ды як пясок на беразе мора;37 бо, Госпадзе, мы найменшыя сярод усіх народаў; і мы сёння паніжаны на ўсёй зямлі з прычыны грахоў нашых;38 і няма цяпер валадара, ані прарока, ані правадыра, ані цэласпалення, ані ахвяр, ані дароў з ежы, ані ўспалення, ані месца дзеля пяршыняў для Цябе, каб маглі мы спазнаць Тваю міласэрнасць;39 аднак у душы стурбаванай і ў духу пакорлівасці няхай нас прымуць, як цэласпаленне з бараноў і быкоў ды як з тысяч тлустых авечак,40 дык хай сёння наша ахвяра стане на віду ў Цябе, і ўдасканаль тых, хто ідзе за Табою, бо тыя, што пакладаюцца на Цябе, не пасаромяцца.41 І цяпер ідзём за Табою ўсім сэрцам, і адчуваем страх перад Табою, ды шукаем Твайго аблічча;42 не сарамаці нас, але рабі з намі паводле Сваёй спагадлівасці і паводле Сваёй вялікай міласэрнасці,43 і выбаві нас Сваімі цудамі, і праслаў імя Сваё, Госпадзе.44 І ўсе тыя, што крыўдзяць паслугачоў Тваіх, хай спазнаюць ганьбу; хай іх сорам пакрые, пазбавіць усякай сілы, і моц іх хай будзе прыдушана.45 Хай бо яны пазнаюць, што Ты — Госпад Бог адзіны і поўны славы на зямлі».46 І паслугачы царскія, якія іх укінулі, не пераставалі распальваць печ нафтаю, і смалой, і пакуллем, і галлём;47 і полымя ўздымалася на сорак дзевяць локцяў над печчу,48 і захапіла і спаліла тых халдэйцаў, якія знаходзіліся каля печы.49 Аднак Анёл Госпадаў сышоў у печ разам з Азарыем і яго сябрамі і ўхіліў полымя агню з печы,50 і зрабіў у сярэдзіне печы быццам вільготны вецер, і агонь не дакрануўся да іх зусім, і не выклікаў болю, ані не зрабіў ніякай крыўды.51 Тады гэтыя трое як бы адным голасам славілі і хвалілі ды дабраслаўлялі Бога ў печы, кажучы:52 «Дабраславёны Ты, Госпадзе, Божа бацькоў нашых, і поўны славы, і найузвышаны на векі; і дабраславёна хай будзе святое імя Тваё, поўнае хвалы і найслаўнейшае, і найузвышанае на векі.53 Дабраславёны Ты ў святыні Тваёй святой славы, і найслаўнейшы, і славуты на векі.54 Дабраславёны Ты на пасадзе Твайго валадарства, і найслаўнейшы, і найузвышаны на векі.55 Дабраславёны Ты, што глядзіш у апраметную, седзячы на херубінах, і славуты, найузвышаны на векі.56 Дабраславёны Ты на цвярдыні неба, і слаўны, і славуты на векі.57 Усе Госпадавы творы, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі.58 Нябёсы, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!59 Анёлы Госпадавы, дабраславіце Госпада, слаўце і ўзвялічвайце Яго на векі!60 Усе воды паднебныя, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!61 Усе Магуцці, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!62 Сонца і месяц, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!63 Зоркі нябесныя, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!64 Усе дажджы і росы, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!65 Усе вятры, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!66 Агонь і жар, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!67 Халады і спякота, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!68 Росы і іней, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!69 Маразы і халады, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!70 Ільды і снягі, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышаце Яго на векі!71 Ночы і дні, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!72 Святло і цемра, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!73 Маланкі і хмары, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!74 Хай зямля дабраслаўляе Госпада, хай хваліць і надта ўзвышае Яго на векі!75 Горы і ўзгоркі, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!76 Усе расліны зямныя, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!77 Моры і рэкі, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!78 Крыніцы, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!79 Вялікія марскія жывёлы і ўсё, што плавае ў вадзе, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!80 Усе птушкі паднебныя, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!81 Усе звяры дзікія і жывёлы, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!82 Сыны людскія, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!83 Ізраэлю, дабраславі Госпада, хвалі і надта ўзвышай Яго на векі!84 Святары Госпадавы, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!85 Паслугачы Госпада, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!86 Духі і душы справядлівых, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!87 Святыя і пакорлівыя сэрцам, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі!88 Ананію, Азарыю, Місаэлю, дабраславіце Госпада, хваліце і надта ўзвышайце Яго на векі! Бо вырваў нас з цемры і ад рукі смерці збавіў, і вызваліў нас спасярод печы, што палымнела, і вырваў нас з сярэдзіны агню.89 Праслаўце Госпада, бо ласкавы, бо вечна трывае Яго міласэрнасць!90 Усе, хто баіцца Госпада, дабраславіце Бога багоў; хваліце і слаўце Яго, бо вечная ёсць Яго міласэрнасць!»
 
А гэтыя тры мужы, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, упалі зьвязаныя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.

(91) Цар Набукаданосар вельмі здзівіўся і ўстаў паспешліва; звярнуўся ён да сваіх магнатаў, кажучы: «Ці не кінулі мы трох звязаных мужоў у сярэдзіну агню?» Яны адказалі цару: «Сапраўды, цару».
 
Тады Навухаданосар валадар зьдзівіўся і ўстаў пасьпешліва, адказаў і сказаў раднікам сваім: «Ці ня трох мужоў зьвязаных мы кінулі ў сярэдзіну печы?» Яны адказалі і сказалі валадару: «Дакладна, валадару».

(92) Ён у адказ сказаў: «Вось, бачу чатырох мужоў, што развязаныя і ходзяць у сярэдзіне агню, і не робіцца ім нічога дрэннага; і выгляд чацвёртага напамінае сына багоў».
 
Ён адказаў і сказаў: «Але я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і пашкоджаньня няма на іх, а выгляд чацьвёртага падобны да Сына Божага».

(93) Тады падышоў Набукаданосар да жарала палаючай печы і сказаў: «Сэдраку, Місаку і Абдэнагу, паслугачы Узвышняга Бога, выйдзіце і прыйдзіце сюды!» І адразу ж Сэдрак, Місак і Абдэнага выйшлі з сярэдзіны агню.
 
Тады наблізіўся Навухаданосар да адтуліны печы, якая палае агнём, і сказаў: «Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, слугі Таго, Хто ёсьць Богам Найвышэйшым, выйдзіце і прыйдзіце». Тады выйшлі Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго з сярэдзіны агню.

(94) І сатрапы, намеснікі, і суддзі, і правіцелі цара сабраліся і агледзелі тых мужоў, бо агонь не меў ніякай улады адносна цел іх, і ніводзін волас з іх галавы не быў спалены, ані іх шаравары не былі пашкоджаны, ані не дайшоў да іх пах агню.
 
І сабраліся начальнікі і раднікі валадара, і ўбачылі мужоў гэтых, што над целам іхнім агонь ня меў улады, і валасы галоваў іхніх не былі апаленыя, і плашчы іхнія не зьмяніліся, і паху агню не было ад іх.

(95) І Набукаданосар сказаў, звяртаючыся да іх: «Хай будзе дабраславёны Бог Сэдрака, Місака і Абдэнагі, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх паслугачоў, якія на Яго ўсклалі свой давер, і парушылі загад цара, і аддалі свае целы, каб не служыць і не аддаваць паклону іншаму богу, апроч Бога свайго.
 
Адказаў Навухаданосар і сказаў: «Дабраслаўлёны Бог Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, Які паслаў анёла Свайго і выратаваў слугаў Сваіх, якія спадзяваліся на Яго, і не паслухалі слова валадара, і аддалі целы свае, каб не служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога іхняга.

(96) Такім чынам, я выдаю загад, каб усякі народ, пакаленне і мова, хто скажа блюзненне супраць Бога Сэдрака, Місака і Абдэнагі, быў разарваны на кавалкі, і каб дом яго быў разбураны, бо няма іншага Бога, Які змог бы так збавіць».
 
Дзеля гэтага я выдаю загад, што ўсякі з народу, племені і мовы, хто скажа блюзьнерства на Бога Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, будзе пасечаны на кавалкі, а дом ягоны будзе ператвораны ў руіну, бо няма іншага Бога, Які мог бы гэтак выратаваць».

(97) Потым цар узвысіў Сэдрака, Місака і Абдэнагу ў правінцыі бабілонскай.
 
Тады валадар узвысіў Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго ў краіне Бабілонскай.

(98) «Цар Набукаданосар — да ўсіх народаў, пакаленняў і моў, пражываючых на ўсёй зямлі: “О, каб дасягнулі вы вялікага супакою!
 
«Навухаданосар валадар — усім народам, плямёнам і мовам, якія жывуць на ўсёй зямлі: супакой ваш няхай памножыцца!

(99) Спадабалася мне абвясціць знакі і цуды, якія Узвышні Бог учыніў для мяне: якія вялікія ёсць Яго знакі ды якія магутныя Яго цуды!
 
Знакі і цуды, якія ўчыніў мне Бог Найвышэйшы, было мне даспадобы выявіць [вам].

(100) І Яго валадарства ёсць вечнае валадарства, і валадаранне Яго — на ўсе пакаленні”.
 
Якія вялікія знакі Ягоныя і якія магутныя цуды Ягоныя! Валадарства Ягонае — валадарства вечнае, і ўлада Ягоная — з пакаленьня ў пакаленьне!