Рут 1 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

У часы, калі судзілі суддзі, запанаваў голад на зямлі. І адзін чалавек з Бэтлехэма Юдэйскага пайшоў з жонкаю сваёй і двума сынамі, каб пасяліцца ў зямлі Мааб.
 
У тым часе, калі кіравалі судзьдзі, здарыўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек зь Віфлеему Юдэйскага са сваею жонкаю і двумя сынамі сваімі жыць у краіну Моабіцкую.

Называўся ён Элімэлех, а жонка яго — Наомі, і два сыны яго, адзін называўся Махалон, а другі — Хеліён; яны былі эфратцамі з Бэтлехэма Юдэйскага. І, прыйшоўшы ў зямлю Мааб, яны там абжыліся.
 
Імя чалавека таго Элімэлех, імя жонкі ягонае Наэма, а імя двух выноў ягоных Махлён і Хілеон; яны былі Эфрацянамі зь Віфлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны ў краіну Моабіцкую і засталіся тамака.

І Элімэлех, муж Наомі, памёр, і засталася яна з сынамі,
 
І памёр Элімэлех, муж Наэмы, і засталася яна, з двума сынамі сваімі.

якія жонкамі ўзялі маабак, адна з якіх называлася Орпа, а другая — Рут; і жылі яны там каля дзесяці гадоў.
 
Яны пабралі сабе жанок з Моабіцянак, — імя аднае Орфа, а імя другой — Рут, і жылі тамака каля дзесяці гадоў.

І памерлі абодва, Махалон, зразумела, і Хеліён; і засталася жанчына тая, перажыўшы мужа і абодвух сыноў.
 
Але пасьля абодва сыны яе, Махлён і Хілеон, памерлі, і засталася тая жанчына пасьля абодвых сыноў сваіх і пасьля мужа свайго.

І ўстала тады яна, каб з абедзвюма нявесткамі з зямлі Мааб пайсці ў сваю бацькаўшчыну, бо пачула яна, што Госпад паклапаціўся аб Сваім народзе і даў ім ежу.
 
І сабралася яна са сваімі нявесткамі і пайшла назад з краіны Моабіцкае, бо пачула ў краіне Моабіцкай, што Бог наведаў народ Свой і даў яму хлеб.

Такім чынам, выйшла яна з месца пражывання свайго разам з абедзвюма нявесткамі і ўжо ў дарозе, калі вярталіся яны ў зямлю Юдэйскую,
 
І выйшла яна з таго месца, дзе жыла, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. Калі яны ішлі па дарозе, вяртаючыся у Юдэйскую зямлю,

сказала яна ім: «Вяртайцеся кожная ў дом маці сваёй; хай так з’явіць вам Госпад Сваю міласэрнасць, як вы абыходзіліся з памерлымі мужамі і са мной:
 
Наэма сказала дзьвум нявесткам сваім: пайдзеце, вярнецеся кажная ў хату маці свае; няхай Госпад учыніць з вамі міласэрдзьдзе, як вы абыходзіліся з памершымі і са мною!

хай дапаможа Ён вам знайсці супакой у дамах мужоў вашых, якія вам прызначаны». І пацалавала іх. Яны пачалі плакаць, падняўшы голас,
 
Няхай дасьць вам Госпад, каб вы знайшлі схоў кажная ў хаце мужа свайго! І пацалавала іх. Але яны ўзьнялі лямант і плакалі,

і казаць: «Пойдзем мы з табой да народа твайго».
 
І сказалі: не, мы з табою вернемся да народу твайго.

Яна ім адказала: «Вяртайцеся да сябе, дочкі мае; навошта вам ісці са мною? Я ж не маю болей сыноў ва ўлонні сваім, каб вы маглі чакаць мужоў ад мяне.
 
А Наэма сказала: вярнецеся, дочкі мае; нашто вам ісьці са мною? Ці-ж ёсьць яшчэ ў чэраве маём сыны, якія былі-б вам мужамі?

Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце; я ўжо знясілена старасцю і не падыходжу для шлюбу; калі б нават я змагла гэтай ноччу пачаць і нарадзіць сыноў,
 
Вярнецеся, дочкі мае, пайдзеце, бо я ўжо старая, каб выйсьці замуж; але, каб я і сказала: Ёсьць яшчэ мне спадзея, і нават, калі-б я гэтую ноч была з мужам і нават радзіла сыноў, —

ці ж вы хацелі б чакаць і ўстрымацца ад замужжа, пакуль яны падрастуць і дачакаюцца гадоў сталасці? Не ідзіце са мной, прашу, дочкі мае, бо гора маё большае, чым ваша, і паднялася рука Госпадава супраць мяне».
 
Дык ці-ж можна вам чакаць, пакуль вырасьлі-б яны? Ці-ж можна вам дзелягэтага чакаць і ня выходзіць замуж? Не, дочкі мае! Бо літасьць мая большая, чымся вашая, бо рука Госпадава супроць мяне.

Дык, падняўшы голас, яны зноў пачалі плакаць. Орпа пацалавала свякроў і вярнулася, а Рут засталася пры свекрыві сваёй.
 
Яны ўзьнялі лямант, і зноў пачалі плакаць. І Орфа пацалавала на разьвітаньне сваю сьвякроў, а Рут засталася зь ёю.

Наомі сказала ёй: «Вось, сваячка твая вярнулася да народа свайго і да багоў сваіх, ідзі з ёю!»
 
/Наэма/ сказала /да Руты/: вось швагерка твая вярнулася да народу свайго і да багоў сваіх; вяртайся-ж і ты сьледам за ёю.

Яна адказала: «Не прымушай мяне, каб пакінула цябе і адышла ад цябе; бо куды б ты ні пайшла, там я пайду, дзе ты будзеш жыць, там і я таксама жыць буду: твой народ будзе маім народам, і твой Бог будзе маім Богам.
 
Але Рут сказала: ня змушай мяне пакінуць цябе і вярнуцца ад цябе. Але куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, тамака і я буду жыць. Народ твой будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам;

Якая зямля прыме цябе пасля смерці, у той і я памру і там атрымаю месца для пахавання. Хай мне дасць гэта Госпад і тое дабавіць; хіба толькі смерць
 
І дзе ты памрэш, тамака і я памру і пахавана буду; гэтак няхай мне учыніць Госпад і гэта няхай дасьць мне, але толькі сьмерць адна разлучыць мяне з табою.

Дык Наомі, бачачы, што Рут цвёрда вырашыла ісці з ёю, не пажадала пярэчыць і далей пераконваць яе вяртацца да сваіх.
 
/Наэма/ бачучы, што яна цьвёрда пастанавіла ісьці зь ёю, перастала намаўляць яе.

І пайшлі яны разам, і прыйшлі ў Бэтлехэм. Калі яны ўвайшлі ў горад, узварухнуўся з-за іх увесь горад; і казалі жанчыны: «Гэта ж тая Наомі!»
 
І ішлі абедзьве, аж пакуль ня прыйшлі ў Віфлеем. Калі прыйшлі яны ў Віфлеем, дык усё места ўзварушылася празь іх, і казалі: ці гэта Наэма?

Яна казала ім: «Не называйце мяне Наоміa, але называйце мяне Мараb, бо Усемагутны напоўніў мяне горыччу занадта.
 
Яна сказала ім: не называйце мяне Наэмаю (Прыемная), называйце мяне Мараю (Горкая), бо Ўсемагутны наслаў на мяне вялікае гора.

Поўная выйшла я, а пустой вярнуў мяне Госпад; дык навошта называць Наомі мяне, якую ўпакорыў Госпад і на якую спаслаў бяду Усемагутны?»
 
Я выйшла адсюль з дабыткам, а вярнуў мяне Госпад з пустымі рукамі. Нашто называць мяне Наэмаю, калі Госпад змусіў мяне цярпець, а Ўсемагутны наслаў на мяне няшчасьце?

Такім чынам, прыйшла Наомі з Рут маабкай, нявесткай сваёй, з зямлі вандравання свайго; і прыйшла ў Бэтлехэм, калі пачыналі жаць ячмень.
 
І вярнулася Наэма, і зь ёю нявестка яе Рут Моабіцянка, якая прыйшла з краіны Моабіцкае і прыйшлі яны ў Віфлеем на пачатку ячменнага жніва.