Рут 3 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

І Наомі, свякроў Рут, сказала ёй: «Дачка мая, я буду шукаць табе месца спакойнага і паруплюся пра тое, каб добра было табе.
 
І сказала ёй Наэма, сьвякроў яе: дачка мая, ці не пашукаць табе прыстаньня, каб табе было добра?

Баоз, сваяк наш, да дзяўчат якога далучылася ты на полі, вось, ён у гэтую ноч мае веяць на таку ячмень.
 
Вось Бооз, са служаньніцамі якога ты была, сваяк наш; вось ён у гэтую ноч вее на таку ячмень.

Дык ты памыйся, намасціся і апрані строі свае і схадзі на ток; але не з’яўляйся перад ім, пакуль не скончыць ён есці і піць.
 
Памыйся, памажся, ды апрані на сябе /прыгожыя/ вопраткі твае і пайдзі на ток, але не паказвайся яму, пакуль ня кончыць есьці ды піць.

А калі пойдзе ён спаць, ты прыкмець месца, у якім будзе класціся; і прыйдзі, і адкрый плашч, якім ён накрываецца, з боку ног, і там ляжаш. А ён скажа табе, што павінна ты рабіць».
 
Калі-ж ён ляжа спаць, запамятай тое месца, дзе ён ляжа; тады прыйдзеш і пасьцелеш у нагах ягоных і ляжаш; тады ён скажа табе, што табе рабіць.

Яна адказала: «Што ты загадала, зраблю».
 
Рут сказала ёй: зраблю ўсё, што ты сказала мне.

І пайшла яна на ток, і зрабіла ўсё, што загадала ёй свякроў.
 
І пайшла на ток і ўчыніла ўсё гэтак, як загадала ёй сьвякроў яе.

І калі Баоз наеўся, і напіўся, і стаў весялейшым, і пайшоў спаць у крайняй частцы пры мностве снапоў ячменю, Рут падышла ціха і, адкрыўшы плашч ля ног яго, лягла.
 
Бооз наеўся і напіўся, і разьвесяліў сэрца сваё, і пайшоў і лёг спаць пад стогам. І яна прыйшла ціхінька і паслала ў нагах ягоных і лягла.

І вось, ужо апоўначы, спалохаўся ён, і падняўся, і ўбачыў жанчыну, што ляжала ля ног яго.
 
І апоўначы садрыгнуўся ён, і вось бачыць у нагах ягоных ляжыць жанчына.

І ён кажа ёй: «Хто ты?» І яна адказала: «Я Рут, паслугачка твая. Накрый плашчом сваім паслугачку сваю, бо ты маеш права выкупу».
 
І сказаў ён: хто ты? Яна сказала: я Рут, твая служаньніца, распасьцяры крыло тваё на служаньніцу тваю, бо ты сваяк.

І ён сказаў: «Дабраславёна будзь, дачка, Госпадам; пераўзышла ты і папярэднюю высакароднасць наступнаю, бо не шукала ты юнакоў, ані бедных, ані багатых.
 
Бооз сказаў: багаслаўлена ты ад Госпада Бога, дачка мая! Гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ ляпей за папярэдні, што ты не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых.

Дык не бойся, а я ўсё, што скажаш мне, зраблю табе; бо ўвесь народ, які жыве ва ўсіх брамах горада майго, ведае, што ты — жанчына дабрадзейная.
 
І гэтак, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала, бо каля кажнае брамы народу майго ведаюць, што ты жанчына добрая.

І не пярэчу, што я сваяк табе, але ёсць другі, бліжэйшы за мяне.
 
Хоць і праўда, што я сваяк, але ёсьць яшчэ сваяк бліжэйшы за мяне.

Адпачывай у гэтую ноч, а раніцай, калі захоча ён выканаць адносна цябе абавязак сваяцтва, добра будзе, хай выконвае; а калі не захоча, то, жыве Госпад, я без усякага сумнення вазьму цябе. Спі да раніцы».
 
Пераначуй гэтую ноч: заўтра-ж, калі ён прыйме цябе, дык добра, няхай прыйме; а, калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыйму; жыве Госпад! Сьпі да раніцы.

І спала яна ля ног яго, аж пакуль не скончылася ноч. І ўстала, пакуль яшчэ людзі не могуць пазнаць адзін аднаго; і сказаў Боаз: «Сцеражыся, каб ніхто не ведаў, што ты сюды прыйшла».
 
І спала яна ў нагах ягоных да раніцы, і ўстала раней, чымся маглі яны распазнаць адзін другога. І сказаў Бооз: няхай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла на ток,

І яшчэ сказаў ён: «Рассцялі невялікі плашч свой, якім накрываешся, і трымай абодва канцы рукою». Калі яна рассцяліла і трымала так, адмераў ён шэсць мер ячменю і насыпаў на яго; і пайшла яна ў горад, трымаючы яго,
 
І сказаў ён: падай верхнюю вопратку, што на табе, і патрымай яе. Яна трымала, і ён адмерыў ёй шэсьць мерак ячменю і паддаў ёй на плечы, і пайшоў у места.

і прыйшла да свекрыві сваёй. Яна сказала ёй: «Што ты рабіла, дачка?» І расказала ёй Рут усё, што зрабіў ёй той чалавек,
 
А яна прыйшла да свякроўі свае. Тая сказала ёй: што, дачка мая? Яна расказала ёй усё, што ўчыніў ёй чалавек той.

і дадала: «Вось, шэсць мер ячменю даў ён мне, і казаў: “Не хачу, каб ты вярнулася да свекрыві сваёй з пустымі рукамі”».
 
І сказала ёй: гэтыя шэсьць мерак ячменю ён даў мне і сказаў мне: ня ідзі да сьвякроў і свае з пустымі рукамі.

І Наомі сказала: «Чакай, дачка, пакуль мы не ўбачым, што з гэтага выйдзе; бо не спыніцца чалавек гэты, аж пакуль не споўніць сёння тое, што сказаў».
 
Тая сказала: пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым кончыцца гэтая справа; бо чалавек гэты ня супыніцца, ня кончыўшы сягоньня гэтае справы.