Рут 3 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І Наомі, свякроў Рут, сказала ёй: «Дачка мая, я буду шукаць табе месца спакойнага і паруплюся пра тое, каб добра было табе.
 
І сказала ёй Наомі, сьвякрывя ейная: «Дачка мая, ці не пашукаць табе супачынку, каб табе добра было?

Баоз, сваяк наш, да дзяўчат якога далучылася ты на полі, вось, ён у гэтую ноч мае веяць на таку ячмень.
 
І гля, ці не Воаз, сваяк наш, што ты была зь дзяўчатамі ягонымі? Вось, ён вее на таку ячмень гэтае ночы.

Дык ты памыйся, намасціся і апрані строі свае і схадзі на ток; але не з’яўляйся перад ім, пакуль не скончыць ён есці і піць.
 
Дык умыйся, памажся, надзень на сябе адзецьці свае, і зыйдзі на ток, але не паказуйся чалавеку, пакуль ня сконча есьці й піць.

А калі пойдзе ён спаць, ты прыкмець месца, у якім будзе класціся; і прыйдзі, і адкрый плашч, якім ён накрываецца, з боку ног, і там ляжаш. А ён скажа табе, што павінна ты рабіць».
 
А як ён ляжа спаць, і будзеш ведаць месца, ідзе ён ляжыць, тады прыйдзеш і адкрыеш ля ног ягоных, і ляжаш. Ён скажа табе, што табе рабіць».

Яна адказала: «Што ты загадала, зраблю».
 
І сказала ёй: «Зраблю ўсе, што ты сказала імне».

І пайшла яна на ток, і зрабіла ўсё, што загадала ёй свякроў.
 
І зышла на ток, і зрабіла ўсе так, як казала ёй сьвякрывя ейная.

І калі Баоз наеўся, і напіўся, і стаў весялейшым, і пайшоў спаць у крайняй частцы пры мностве снапоў ячменю, Рут падышла ціха і, адкрыўшы плашч ля ног яго, лягла.
 
І еў Воаз, і піў, і разьвесялілася сэрца ягонае, і пайшоў легчы ля канца тарпы. І яна прышла ціхенька, і адкрыла ля ног ягоных, і лягла.

І вось, ужо апоўначы, спалохаўся ён, і падняўся, і ўбачыў жанчыну, што ляжала ля ног яго.
 
І было а поўначы: і здрыгануўся гэты чалавек, і павярнуўся, і вось, жонка ляжыць ля ног ягоных.

І ён кажа ёй: «Хто ты?» І яна адказала: «Я Рут, паслугачка твая. Накрый плашчом сваім паслугачку сваю, бо ты маеш права выкупу».
 
І сказаў: «Хто ты?» Яна сказала: «Я Рут, служэбка твая; прасьцягні крысо свае на служэбку сваю, бо ты блізкі».

І ён сказаў: «Дабраславёна будзь, дачка, Госпадам; пераўзышла ты і папярэднюю высакароднасць наступнаю, бо не шукала ты юнакоў, ані бедных, ані багатых.
 
І ён сказаў: «Дабраславёна ты СПАДАРОМ, дачка мая! гэты апошні свой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ ляпей за раньшы, што ты не пайшла за маладзёнамі, ці яны бедныя, ці багатыя.

Дык не бойся, а я ўсё, што скажаш мне, зраблю табе; бо ўвесь народ, які жыве ва ўсіх брамах горада майго, ведае, што ты — жанчына дабрадзейная.
 
Дык цяпер, дачка мая, ня бойся, усе, што ты кажаш, я зраблю табе, бо ўсі брамы люду майго ведаюць, што ты жонка малайчына.

І не пярэчу, што я сваяк табе, але ёсць другі, бліжэйшы за мяне.
 
Дык хоць і праўда, хоць я й сваяк, але таксама ё сваяк бліжшы за мяне.

Адпачывай у гэтую ноч, а раніцай, калі захоча ён выканаць адносна цябе абавязак сваяцтва, добра будзе, хай выконвае; а калі не захоча, то, жыве Госпад, я без усякага сумнення вазьму цябе. Спі да раніцы».
 
Пераначуй гэтую ноч; і будзе нараніцы: калі ён выкупе цябе, то добра, хай выкупляе; а калі ён не захоча выкупіць, то я выкуплю цябе; жыў СПАДАР! Ляжы да раньня».

І спала яна ля ног яго, аж пакуль не скончылася ноч. І ўстала, пакуль яшчэ людзі не могуць пазнаць адзін аднаго; і сказаў Боаз: «Сцеражыся, каб ніхто не ведаў, што ты сюды прыйшла».
 
І ляжала яна ля ног ягоных аж да раньня, і ўстала ўперад, чымся хто мог пазнаць адзін аднаго. І сказаў: «Хай ня ведаюць, што жонка прыходзіла на ток».

І яшчэ сказаў ён: «Рассцялі невялікі плашч свой, якім накрываешся, і трымай абодва канцы рукою». Калі яна рассцяліла і трымала так, адмераў ён шэсць мер ячменю і насыпаў на яго; і пайшла яна ў горад, трымаючы яго,
 
І сказаў: «Падай хусту, што на табе, і падзяржы яе». І яна дзяржала яе, і ён адмераў шэсьць мераў ячменю, і паддаў ёй, і яна прышла да места.

і прыйшла да свекрыві сваёй. Яна сказала ёй: «Што ты рабіла, дачка?» І расказала ёй Рут усё, што зрабіў ёй той чалавек,
 
І прышла да сьвякрыві свае. І сказала: «Што ты, дачка мая?» І яна пераказала ёй усе, што зрабіў ёй чалавек тый.

і дадала: «Вось, шэсць мер ячменю даў ён мне, і казаў: “Не хачу, каб ты вярнулася да свекрыві сваёй з пустымі рукамі”».
 
І сказала: «Гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў імне, бо сказаў імне: "Ня прыйдзі пустой да сьвякрыві свае"».

І Наомі сказала: «Чакай, дачка, пакуль мы не ўбачым, што з гэтага выйдзе; бо не спыніцца чалавек гэты, аж пакуль не споўніць сёння тое, што сказаў».
 
І сказала: «Пасядзі, дачка мая, пакуль не даведаешся, як скончыцца справа, бо чалавек гэты не супакоіцца, ня скончыўшы сядні справы».