Рут 2 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага
У Наомі быў сваяк па мужу яе, чалавек багаты і магутны, на імя Баоз.
У Наэмы быў сваяк па мужу яе, чалавек вельмі заможны, з роду Элімэлехавага, імя ягонае Бооз.
І Рут маабка сказала свекрыві сваёй: «Дазволь, я пайду на поле і буду збіраць каласы, якія пазбеглі рук жней, паўсюль, дзе знайду я ласку да сябе ад мяккасардэчнага галавы сям’і». Наомі адказала ёй: «Ідзі, дачка мая».
І сказала Рут Моабіцянка, Наэме: я пайду на поле і буду зьбіраць калосьсе па сьлядох таго, у каго знайду ласку. Яна сказла ёй: ідзі, дачка мая.
Дык яна пайшла і збірала каласы за жнеямі. А здарылася, што поле тое мела гаспадара імем Баоз, які быў з роду Элімэлеха.
Яна пайшла, і прыйшоўшы, зьбірала на полі калосьсе з-заду жанцоў. І здарылася, што тая частка поля належыла да Бооза, што быў з роду Элімэлехавага.
І вось, прыйшоў ён з Бэтлехэма і сказаў жнеям: «Госпад з вамі». Яны адказалі: «Хай дабраславіць цябе Госпад».
І вось, Бооз прыйшоў зь Віфлеему і сказаў жанцом: Госпад з вамі! Яны адказалі яму: няхай багаславіць цябе Госпад!
І сказаў Баоз юнаку, што кіраваў жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?»
І сказаў Бооз да найміта, што даглядаў каля жанцоў: чыя гэтая маладая жанчына?
Ён адказаў: «Гэта маабка, якая з Наомі прыйшла з зямлі Мааб
Найміт, што даглядаў каля жанцоў, сказаў, кажучы: гэтая маладая жанчына — Моабіцянка, што прыйшла з Наэмаю з краіны Моабіцкае;
і папрасіла аб тым, каб збіраць пакінутыя каласы, ідучы за жнеямі; і ад раніцы да цяперашняга моманту яна знаходзіцца на полі і толькі зараз зрабіла кароткі адпачынак».
Яна сказала: дазволь мне, калі ласка, зьбіраць паміж снапамі з-заду жанцоў калосьсе; і прыйшла яна, і знаходзіцца тутака з самае раніцы аж дагэтуль; яна мала бывае дома.
І кажа Баоз Рут: «Слухай, дачка: не ідзі больш збіраць каласы на іншае поле і не адыходзь з гэтага месца, а далучыся да маіх дзяўчат.
І сказаў Бооз да Руты: паслухай, дачка мая, не хадзі зьбіраць на другое поле, і не пераходзь адгэтуль, але будзь тутака з маімі дзяўчатамі;
Глядзі, дзе жнуць, і ідзі за імі, бо я загадаў паслугачам, каб ніхто не рабіў табе прыкрасці, а калі будзеш адчуваць смагу, ідзі да пасудзін і напіся вады, якую п’юць паслугачы».
Няхай у вачох тваіх будзе гэтае поле, дзе яны жнуць, і хадзі за імі; вось я загадаў слугам маім не чапаць цябе; калі захочаш піць, дык ідзі да пасудзіны і пі, адкуль чэрпаюць слугі мае.
Яна, упаўшы на твар свой і пакланіўшыся да зямлі, сказала яму: «Адкуль мне гэта, што я знайшла ласку ў вачах тваіх і што ты звярнуў увагу на чужаземку?»
Яна ўпала на твар свой і пакланілася да зямлі, і сказала яму: чым я зыскала ласку ў вачох тваіх, што ты прыймаеш мяне, хоць я і чужынка?
Ён адказаў ёй: «Мне ўсё расказалі: што ты зрабіла для свекрыві сваёй па смерці мужа твайго, і што ты пакінула бацькоў сваіх і зямлю, у якой нарадзілася, і прыбыла да народа, якога раней не ведала.
Бооз, адказваючы, з, сказаў ёй: мне расказалі пра ўсё, што учыніла ты для свае сьвякроўі пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і маці тваю і зямлю, дзе ты радзілася і прыйшла да, народу, якога ты ня ведала ані ўчора, ані пазаўчора;
Хай аддзячыць табе Госпад за ўчынак твой, і поўную ўзнагароду атрымаеш ад Госпада, Бога Ізраэля, да Якога ты прыйшла і пад крылы Якога схавалася».
Няхай-жа адплаціць Госпад за гэтую справу тваю, і няхай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада, Бога Ізраілевага, да Якогаты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыльлямі!
Яна кажа: «Знайду я ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, бо ты суцешыў мяне і сказаў да сэрца паслугачкі сваёй, якая не вартая ніводнай з паслугачак тваіх».
Яна сказала: няхай-жа і я знайду ласку ў вачох тваіх, гаспадару мой! Ты пацешыў мяне і гаварыў паводля сэрца служаньніцы твае, тымчасам як я ня варта ні адной із служаньніц тваіх.
І ў час падсілкавання сказаў ёй Баоз: «Хадзі сюды і еж хлеб, і макай лусту сваю ў воцат». Дык села яна каля жней, а ён падаў ёй пражанае зерне ячменю, і яна ела і наелася, а рэшткі ўзяла з сабою.
І сказаў ёй Бооз: як будзе час абеду, прыйдзі сюды і еж хлеб і мачай кусох твой у воцат. І яна села каля жанцоў. Ён падаў ёй хлеба; яна ела, наелася, і яшчэ засталося.
А затым устала, каб, як звычайна, збіраць каласы. А Баоз загадаў паслугачам сваім, кажучы: «Хай яна таксама збірае між снапоў, не забараняйце ёй.
І ўстала яна, каб зьбіраць. Бооз даў загад слугам сваім, сказаўшы: няхай зьбірае яна і паміж снапамі, і ня крыўдзьце яе;
І нават ад снапоў адкідвайце ёй і дазваляйце заставацца, каб збіраць, і хай ніхто не крычыць на яе».
Дый ад снапоў адкідайце ёй і пакідайце, няхай яна зьбірае для ежы, і ня гневайцёся на яе.
Дык збірала яна каласы ў полі аж да вечара; а калі вымалаціла палкай тое, што сабрала, было ў яе каля эфы ячменю.
Гэтак зьбірала яна на полі да вечару і вымалаціла ўсё, што сабрала, і выйшла каля эфы ячменю.
Узяўшы іх, вярнулася яна ў горад і паказала свекрыві сваёй тое, што сабрала; акрамя таго, аддала ёй рэшткі з ежы сваёй, якой насыцілася.
Узяўшы гэта, пайшла яна ў места, і сьвякроў яе ўбачыла што яна назьбірала. І дастала яна і дала ёй тое, што пакінула, наеўшыся сама.
І свякроў сказала ёй: «Дзе ты сёння збірала каласы і дзе працавала? Хай дабраславёны будзе той, хто быў літасцівы да цябе». І расказала яна ёй, у каго працавала, і казала: «Імя мужчыны таго Баоз».
І сказала ёй сьвякроў яе: дзе ты зьбірала сягоньня і дзе працавала? Няхай будзе багаслаўлены той, што прыняў цябе! Рут сказала сваёй сьвякроўі ў каго яна працавала, кажучы: чалавек той, у якога я сягоньня працавала, называецца Бооз.
Наомі адказала ёй: «Хай дабраславёны будзе Госпадам, бо не адмовіў у ласцы сваёй ані жывым, ані памерлым!» І далей казала: «Гэты чалавек — наш сваяк; ён адзін з тых, што маюць права выкупу за нас».
І сказала Наэма нявестцы сваёй: багаслаўлены ён праз Госпада за тое, што не пазбавіў ласкі свае ані жывых, ані памершых! І сказала, ёй Наэма: чалавек гэты блізкі да нас; ён з нашых сваякоў.
Рут ж дадала: «Таксама ён сказаў мне, каб я далучылася да жнеяў яго да той пары, пакуль не скончаць яны ўсяго жніва».
Рут Моабіцянка сказала: ён нават сказаў мне: будзь з маімі служаньніцамі, пакуль ня кончаць яны жніва майго.
Сказала ёй свякроў: «Лепш, дачка мая, каб ты выходзіла з яго дзяўчатамі жаць, чым ісці на чужое поле, дзе хтосьці табе зробіць прыкрасць».
І сказала Наэма нявестцы сваёй Рут: добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць са служаньніцамі яго, і ня будуць крыўдзіць цябе на другім полі.
Такім чынам, далучылася яна да дзяўчат Баоза аж да канца жніва ячменю і пшаніцы; і жыла яна са свякроўю сваёй.
Гэтак была яна са служаньніцамі Боозавымі і зьбірала калосьсе, пакуль ня кончылася жніва ячменю і жніва пшаніцы, і жыла ў сьвякроўі сваёй.