Рут 2 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
У Наомі быў сваяк па мужу яе, чалавек багаты і магутны, на імя Баоз.
У Наомі быў крэўны мужа ейнага, чалавек вельмі багаты, з калена Элімэлеха, і імя ягонае Боаз.
І Рут маабка сказала свекрыві сваёй: «Дазволь, я пайду на поле і буду збіраць каласы, якія пазбеглі рук жней, паўсюль, дзе знайду я ласку да сябе ад мяккасардэчнага галавы сям’і». Наомі адказала ёй: «Ідзі, дачка мая».
І сказала Рут Мааўлянка Наомі: «Дазволь мне пайсьці на поле зьбіраць каласы за тым, у каго ў вачах я знайду ласку». І яна сказала: «Ідзі, дачка мая».
Дык яна пайшла і збірала каласы за жнеямі. А здарылася, што поле тое мела гаспадара імем Баоз, які быў з роду Элімэлеха.
І пайшла, і прыйшла, і зьбірала на полі за жняцамі. І здарылася, што яна патрапіла на частку поля Боаза, які быў з калена Элімэлеха.
І вось, прыйшоў ён з Бэтлехэма і сказаў жнеям: «Госпад з вамі». Яны адказалі: «Хай дабраславіць цябе Госпад».
І вось, Боаз прыйшоў з Бэтлеему і сказаў жняцам: «ГОСПАД з вамі». І яны сказалі яму: «Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД».
І сказаў Баоз юнаку, што кіраваў жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?»
І сказаў Боаз хлопцу свайму, пастаўленаму над жняцамі: «Чыя гэтая дзяўчына?»
Ён адказаў: «Гэта маабка, якая з Наомі прыйшла з зямлі Мааб
І адказаў хлопец, пастаўлены над жняцамі, і сказаў: «Гэтая дзяўчына — Мааўлянка, якая вярнулася з Наомі з краіны Мааў.
і папрасіла аб тым, каб збіраць пакінутыя каласы, ідучы за жнеямі; і ад раніцы да цяперашняга моманту яна знаходзіцца на полі і толькі зараз зрабіла кароткі адпачынак».
І яна сказала: “Дазволь мне зьбіраць і падбіраць між снапамі за жняцамі”. І яна прыйшла, і застаецца ад раніцы аж да цяпер, а ў доме не адпачывала».
І кажа Баоз Рут: «Слухай, дачка: не ідзі больш збіраць каласы на іншае поле і не адыходзь з гэтага месца, а далучыся да маіх дзяўчат.
І сказаў Боаз Рут: «Паслухай мяне, дачка мая. Не хадзі зьбіраць на іншыя палі і не адыходзь адсюль, і заставайся з дзяўчатамі маімі.
Глядзі, дзе жнуць, і ідзі за імі, бо я загадаў паслугачам, каб ніхто не рабіў табе прыкрасці, а калі будзеш адчуваць смагу, ідзі да пасудзін і напіся вады, якую п’юць паслугачы».
Падымі вочы твае на поле, на якім жнуць, і хадзі за імі, бо я загадаў хлопцам не чапаць цябе. І калі будзеш смагнуць, падыходзь да глякоў і напіся з таго, адкуль чэрпаюць юнакі».
Яна, упаўшы на твар свой і пакланіўшыся да зямлі, сказала яму: «Адкуль мне гэта, што я знайшла ласку ў вачах тваіх і што ты звярнуў увагу на чужаземку?»
І яна ўпала на аблічча сваё, і пакланілася да зямлі, і сказала яму: «Чаму я знайшла ласку ў вачах тваіх, і ты заўважыў мяне, хоць я — чужынка».
Ён адказаў ёй: «Мне ўсё расказалі: што ты зрабіла для свекрыві сваёй па смерці мужа твайго, і што ты пакінула бацькоў сваіх і зямлю, у якой нарадзілася, і прыбыла да народа, якога раней не ведала.
І адказаў Боаз, і сказаў ёй: «Расказваючы, расказалі мне пра ўсё, што ты зрабіла для сьвякрухі тваёй пасьля сьмерці мужа твайго, і што ты пакінула бацьку твайго і маці тваю, і зямлю юнацтва твайго, і прыйшла да народу, якога ня ведала ўчора і тры дні таму.
Хай аддзячыць табе Госпад за ўчынак твой, і поўную ўзнагароду атрымаеш ад Госпада, Бога Ізраэля, да Якога ты прыйшла і пад крылы Якога схавалася».
Няхай ГОСПАД аднагародзіць табе за ўчынак твой, і няхай будзе поўная твая ўзнагарода ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, пад крылы Якога ты прыйшла схавацца».
Яна кажа: «Знайду я ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, бо ты суцешыў мяне і сказаў да сэрца паслугачкі сваёй, якая не вартая ніводнай з паслугачак тваіх».
А яна сказала: «Я знайшла ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, бо ты пацешыў мяне і гаварыў да сэрца служкі тваёй, хоць я ня роўная ніводнай са служак тваіх».
І ў час падсілкавання сказаў ёй Баоз: «Хадзі сюды і еж хлеб, і макай лусту сваю ў воцат». Дык села яна каля жней, а ён падаў ёй пражанае зерне ячменю, і яна ела і наелася, а рэшткі ўзяла з сабою.
І сказаў Боаз да яе: «У час пасілку прыходзь сюды і еш хлеб, і мачай кавалак свой у воцаце». І яна села пры жняцах, і ён даў ёй пражаную пшаніцу, і яна ела, і насыцілася, і яшчэ засталося.
А затым устала, каб, як звычайна, збіраць каласы. А Баоз загадаў паслугачам сваім, кажучы: «Хай яна таксама збірае між снапоў, не забараняйце ёй.
І яна ўстала зьбіраць, і Боаз загадаў хлопцам сваім: «Дайце ёй зьбіраць таксама між снапамі, і не саромце яе.
І нават ад снапоў адкідвайце ёй і дазваляйце заставацца, каб збіраць, і хай ніхто не крычыць на яе».
І нават кідайце каласы для яе, і пакідайце для яе, і яна будзе зьбіраць, і ня ганьце яе».
Дык збірала яна каласы ў полі аж да вечара; а калі вымалаціла палкай тое, што сабрала, было ў яе каля эфы ячменю.
І зьбірала яна на тым полі аж да вечару, і памалаціла тое, што сабрала, і было гэта каля эфы ячменю.
Узяўшы іх, вярнулася яна ў горад і паказала свекрыві сваёй тое, што сабрала; акрамя таго, аддала ёй рэшткі з ежы сваёй, якой насыцілася.
І яна ўзяла гэта, і пайшла ў горад, і сьвякруха ейная ўбачыла тое, што яна назьбірала. І яна дастала, і дала ёй тое, што засталося з пасілку.
І свякроў сказала ёй: «Дзе ты сёння збірала каласы і дзе працавала? Хай дабраславёны будзе той, хто быў літасцівы да цябе». І расказала яна ёй, у каго працавала, і казала: «Імя мужчыны таго Баоз».
І сказала ёй сьвякруха ейная: «Дзе ты зьбірала ў гэты дзень? І дзе ты працавала? Няхай будзе дабраслаўлёны той, хто зьвярнуў на цябе ўвагу». І яна распавяла сьвякрусе сваёй, у каго яна працавала, і сказала: «Імя чалавека, у якога я працавала сёньня, Боаз».
Наомі адказала ёй: «Хай дабраславёны будзе Госпадам, бо не адмовіў у ласцы сваёй ані жывым, ані памерлым!» І далей казала: «Гэты чалавек — наш сваяк; ён адзін з тых, што маюць права выкупу за нас».
І сказала Наомі нявестцы сваёй: «Няхай ён будзе дабраслаўлёны ГОСПАДАМ, Які не забыўся пра міласэрнасьць Сваю для жывых і памерлых». І сказала ёй Наомі: «Гэты чалавек — блізкі сваяк наш, ён — сваяк-абаронца наш».
Рут ж дадала: «Таксама ён сказаў мне, каб я далучылася да жнеяў яго да той пары, пакуль не скончаць яны ўсяго жніва».
І сказала Рут Мааўлянка: «Ён сказаў яшчэ мне: “Заставайся з хлопцамі маімі, пакуль яны ня скончаць усяго жніва”».
Сказала ёй свякроў: «Лепш, дачка мая, каб ты выходзіла з яго дзяўчатамі жаць, чым ісці на чужое поле, дзе хтосьці табе зробіць прыкрасць».
І сказала Наомі Рут, нявестцы сваёй: «Добра гэта, дачка мая, што ты будзеш хадзіць з дзяўчатамі ягонымі і ня будуць табой пагарджаць на іншым полі».
Такім чынам, далучылася яна да дзяўчат Баоза аж да канца жніва ячменю і пшаніцы; і жыла яна са свякроўю сваёй.
І яна заставалася з дзяўчатамі Боаза, і зьбірала каласы, аж пакуль скончылася жніво ячменя і пшаніцы, і яна жыла са сьвякрухай сваёй.