Рут 4 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

А Баоз пайшоў да брамы і сеў там. І калі ўбачыў, што міма праходзіць сваяк, аб якім гаварыў, сказаў яму, паклікаўшы яго па імю: «Падыдзі сюды на хвіліну і сядзь тут». Той падышоў і сеў.
 
Бооз выйшаў да брамы і тамака сядзеў. І вось ідзе празь яго сваяк, аб якім гаварыў Бооз. І сказаў яму /Бооз/: зайдзі сюды і сядзь тутака. Той зайшоў і сеў.

Тады Баоз, паклікаўшы дзесяць мужчын са старэйшын горада, сказаў ім: «Сядзьце тут».
 
Узяў Бооз дзесяць чалавек із старшынь места і сказаў: сядзьце тутака. І яны селі.

Калі яны селі, сказаў ён сваяку: «Частку поля брата нашага Элімэлеха прадае Наомі, якая вярнулася з зямлі Маабскай.
 
І сказаў Бооз да сваяка: Наэма, якая вярнулася з краіны Моабіцкае, прадае частку поля, якая належыць да брата нашага Элімэлеха.

Хацеў я, каб чуў ты гэта, і табе хацеў я сказаць: перад усімі, хто сядзіць, і перад старэйшынамі народа майго, што калі хочаш мець гэтае поле па законе сваяцтва, купляй яго і валодай ім; а калі не хочаш, то паведамі мне, каб я ведаў, што маю рабіць. Няма бо іншага сваяка ў Наомі, акрамя цябе; ты — першы, а я — другі». І той адказаў: «Я куплю поле».
 
Я пастанавіў давесьці да твайго ведама і сказаць: купі пры тых, што сядзяць тутака, і пры старшынях народу майго; калі хочаш выкупіць, выкупі; а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне, і я буду ведаць; бо апрача цябе няма каму выкупіць, а па табе я. Той сказаў: я выкуплю.

Сказаў яму Баоз: «Калі купіш поле з рук Наомі, мусіш узяць таксама Рут маабку, жонку памерлага, каб захаваць імя памерлага сваяка твайго ў спадчыне яго».
 
Бооз сказаў: калі ты выкўпіш поле ў Наэмы, дык ты павінен выкупіць і ў Рут Моабіцянкі, жонкі памершага, і павінен узяць яе сабе за жонку, каб узбудзіць імя памершага ў спадчыне яго.

Ён адказаў: «Я саступаю права сваяцкасці, бо не павінен я нішчыць маёмасці сям’і сваёй. Ты скарыстайся з майго прывілею, ад якога я ахвотна адмаўляюся».
 
І сказаў той сваяк: не магу я ўзяць яе сабе, каб ня страціць спадчыны свае. Прыймі ты яе, бо я не магу прыняць.

А такі быў даўнейшы звычай у Ізраэлі адносна права выкупу і абмену: каб пацвердзіць усю справу, чалавек здымаў сандалю сваю і даваў блізкаму свайму. Такое было сведчанне ўступкі ў Ізраэлі.
 
Раней быў гэткі звычай у Ізраілю пры выкупе і пры абмене для пацьверджаньня якой-небудзь справы: адзін здымаў бот свой і даваў другому /што пераймаў права сваяка/, і гэта было сьветчаньнем у Ізраілю.

Дык сказаў той сваяк Баозу: «Купляй сабе». І зняў сандалю сваю з нагі сваёй.
 
І сказаў той сваяк Боозу: купі сабе і зьняў бот свой /і даў яму/.

І Баоз сказаў старэйшынам і ўсяму народу: «Сведкі вы сёння таго, што атрымаў я з рук Наомі ўсё, што належала Элімэлеху, Хеліёну і Махалону,
 
І сказаў Бооз старшыням і ўсяму народу: вы цяпер сьветкі, што я купляю ў Наэмы ўсё, што было Элімэлехавае і Хілеонавае, і Махлёнавае.

і таксама Рут маабку, жонку Махалона бяру сабе за жонку, каб захаваць імя памерлага ў спадчыне яго, каб не знікла імя яго паміж братоў і ў браме месца яго. Вы, — кажу я, — сведкі сёння ў гэтай справе».
 
Да гэтага яшчэ бяру сабе за жонку Рут Моабіцянку, жонку Махлёнавую, каб узбудзіць імя памершага ў спадчыне яго, і каб ня шчэзла імя памершага паміж братамі яго і каля брамы ягонага аселішча: вы сягоньня сьветкі гэтага.

Увесь народ, які быў у браме, і старэйшыны адказалі: «Мы з’яўляемся сведкамі; хай Госпад зробіць гэтую жанчыну, якая ўвойдзе ў дом твой, падобнай да Ракель і Ліі, якія абедзве збудавалі дом Ізраэля. Набывай багацце ў Эфраце і зрабі слаўным імя тваё ў Бэтлехэме!
 
І сказаў увесь народ, што быў каля брамы, і старшыні, мы сьветкі. Няхай учыніць Госпад жонку, якая ўваходзіць у хату тваю, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве ўладзілі дом Ізраілеў. Прыдбай багацьце ў Эфраце, і няхай славіцца імя тваё ў Віфлееме.

І хай дом твой станецца, як дом Пэрэса, якога нарадзіла Юдзе Тамар, з семені, якое дасць табе Госпад ад гэтай маладой дзяўчыны!»
 
І няхай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога радзіла Тамар для Юды, ад таго семя, якое дасьць табе Госпад ад гэтае маладое жанчыны.

І ўзяў Баоз Рут за жонку; і ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй пачаць і нарадзіць сына.
 
І ўзяў Бооз Рут, і яна сталася ягонаю жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй цяжарнасьць, і яна радзіла сына.

І казалі жанчыны Наомі: «Хай будзе дабраславёны Госпад, Які не дапусціў, каб у цябе сёння не было таго, хто б вызваліў тваю сям’ю. Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі,
 
І казалі жанчыны да Наэмы: багаслаўлены Госпад, што Ён не пакінуў цябе цяперака без нашчадка. І няхай імя ягонае будзе слаўнае ў Ізраілю,

і хай ён будзе суцяшэннем для душы тваёй і карміцелем у старасці; бо нарадзіла яго нявестка твая, якая любіць цябе і якая для цябе значна больш дарагая, чым сем сыноў».
 
Ён будзе табе радасьцю і жывіцелем у старасьці тваёй бо яго радзіла твая нявестка, якая любіць цябе, якая лепшая для цябе, чымся сем сыноў.

І Наомі абняла ўзятае на рукі дзіця і была для яго нянькаю.
 
І ўзяла Наэма дзіця гэтае, і насіла яго на рукох сваіх, і была яму за няньку.

А суседкі далі імя яму і казалі: «Нарадзіўся сын для Наомі»; далі яму імя Абэд. Ён бацька Ясэя, бацькі Давіда.
 
Суседкі-ж далі яму імя і казалі: у Наэмы радзіўся сын, і далі імя яму: Обід. Ён бацька Эссэя, бацькі Давідавага.

Гэта нашчадкі Пэрэса: Пэрэс быў бацькам Эсрома.
 
А вось род Фарэса: Фарэс радзіў Эсрона,

Эсром быў бацькам Арама, Арам быў бацькам Амінадаба,
 
Эсрон радзіў Раму; Рама радзіў Амінадаба.

Амінадаб быў бацькам Наасона, Наасон быў бацькам Салмона,
 
Амінадаб радзіў Наасона, а Наасон радзіў Салмона;

Салмон быў бацькам Баоза, Баоз быў бацькам Абэда.
 
Салмон радзіў Бооза; Бооз радзіў Обіда;

Абэд быў бацькам Ясэя, Ясэй быў бацькам Давіда.
 
Обід радзіў Эссэя; Эссей радзіў Давіда.