1 У тым часе, калі кіравалі судзьдзі, здарыўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек зь Віфлеему Юдэйскага са сваею жонкаю і двумя сынамі сваімі жыць у краіну Моабіцкую.
2 Імя чалавека таго Элімэлех, імя жонкі ягонае Наэма, а імя двух выноў ягоных Махлён і Хілеон; яны былі Эфрацянамі зь Віфлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны ў краіну Моабіцкую і засталіся тамака.
3 І памёр Элімэлех, муж Наэмы, і засталася яна, з двума сынамі сваімі.
4 Яны пабралі сабе жанок з Моабіцянак, — імя аднае Орфа, а імя другой — Рут, і жылі тамака каля дзесяці гадоў.
5 Але пасьля абодва сыны яе, Махлён і Хілеон, памерлі, і засталася тая жанчына пасьля абодвых сыноў сваіх і пасьля мужа свайго.
6 І сабралася яна са сваімі нявесткамі і пайшла назад з краіны Моабіцкае, бо пачула ў краіне Моабіцкай, што Бог наведаў народ Свой і даў яму хлеб.
7 І выйшла яна з таго месца, дзе жыла, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. Калі яны ішлі па дарозе, вяртаючыся у Юдэйскую зямлю,
8 Наэма сказала дзьвум нявесткам сваім: пайдзеце, вярнецеся кажная ў хату маці свае; няхай Госпад учыніць з вамі міласэрдзьдзе, як вы абыходзіліся з памершымі і са мною!
9 Няхай дасьць вам Госпад, каб вы знайшлі схоў кажная ў хаце мужа свайго! І пацалавала іх. Але яны ўзьнялі лямант і плакалі,
10 І сказалі: не, мы з табою вернемся да народу твайго.
11 А Наэма сказала: вярнецеся, дочкі мае; нашто вам ісьці са мною? Ці-ж ёсьць яшчэ ў чэраве маём сыны, якія былі-б вам мужамі?
12 Вярнецеся, дочкі мае, пайдзеце, бо я ўжо старая, каб выйсьці замуж; але, каб я і сказала: Ёсьць яшчэ мне спадзея, і нават, калі-б я гэтую ноч была з мужам і нават радзіла сыноў, —
13 Дык ці-ж можна вам чакаць, пакуль вырасьлі-б яны? Ці-ж можна вам дзелягэтага чакаць і ня выходзіць замуж? Не, дочкі мае! Бо літасьць мая большая, чымся вашая, бо рука Госпадава супроць мяне.
14 Яны ўзьнялі лямант, і зноў пачалі плакаць. І Орфа пацалавала на разьвітаньне сваю сьвякроў, а Рут засталася зь ёю.
15 /Наэма/ сказала /да Руты/: вось швагерка твая вярнулася да народу свайго і да багоў сваіх; вяртайся-ж і ты сьледам за ёю.
16 Але Рут сказала: ня змушай мяне пакінуць цябе і вярнуцца ад цябе. Але куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, тамака і я буду жыць. Народ твой будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам;
17 І дзе ты памрэш, тамака і я памру і пахавана буду; гэтак няхай мне учыніць Госпад і гэта няхай дасьць мне, але толькі сьмерць адна разлучыць мяне з табою.
18 /Наэма/ бачучы, што яна цьвёрда пастанавіла ісьці зь ёю, перастала намаўляць яе.
19 І ішлі абедзьве, аж пакуль ня прыйшлі ў Віфлеем. Калі прыйшлі яны ў Віфлеем, дык усё места ўзварушылася празь іх, і казалі: ці гэта Наэма?
20 Яна сказала ім: не называйце мяне Наэмаю (Прыемная), называйце мяне Мараю (Горкая), бо Ўсемагутны наслаў на мяне вялікае гора.
21 Я выйшла адсюль з дабыткам, а вярнуў мяне Госпад з пустымі рукамі. Нашто называць мяне Наэмаю, калі Госпад змусіў мяне цярпець, а Ўсемагутны наслаў на мяне няшчасьце?
22 І вярнулася Наэма, і зь ёю нявестка яе Рут Моабіцянка, якая прыйшла з краіны Моабіцкае і прыйшлі яны ў Віфлеем на пачатку ячменнага жніва.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Руты, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.