Судзьдзяў 21 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прысягнулі Ізраільцяне ў Масіфе, кажучы: ніхто з нас не аддасьць дачкі сваёй сынам Веньяміна замуж.
 
І ў Міцпе сыны Ізраіля злажылі прысягу: «Ніхто з нас ня дасьць дачкі сваёй [сынам] Бэн’яміна за жонку».

І прыйшоў народ у дом Божы, і сядзелі там да вечара перад Богам, і нарабілі вялікага галасу, і моцна плакалі,
 
І пайшоў народ у Бэтэль, і перад абліччам Бога былі аж да вечара, галосячы і плачучы плачам вялікім.

і сказалі: Госпадзе, Божа Ізраілеў! навошта здарылася гэта ў Ізраілі, што ня стала цяпер у Ізраіля аднаго племя?
 
І казалі: «Чаму, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, сталася, што ў народзе Тваім сёньня ня стала ў Ізраіля аднаго калена?»

На другі дзень устаў народ раніцай, і паставілі там ахвярнік, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры.
 
І назаўтра, устаўшы на сьвітаньні, паставілі ахвярнік і склалі на ім ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя.

І сказалі сыны Ізраілевыя: хто ня прыходзіў на сход да Госпада з усіх плямёнаў Ізраілевых? Бо вялікі праклён сказаны быў на тых, якія ня прыйшлі да Госпада ў Масіфу, і сказана было, што тыя аддадзены будуць сьмерці.
 
І сказалі сыны Ізраіля: «Хто з усіх каленаў Ізраіля не прыйшоў на супольны сход перад ГОСПАДАМ?» Бо зьвязаліся яны ўрачыстаю прысягаю, што сьмерцю памрэ той, хто ня прыйдзе ў Міцпу да ГОСПАДА.

І ўмілажаліліся сыны Ізраілевыя зь Веньяміна, брата свайго, і сказалі: сёньня адцята адно племя ад Ізраіля;
 
І сыны Ізраіля шкадавалі дзеля брата свайго Бэн’яміна, і казалі: «Ня стала сёньня аднаго калена ў Ізраілі.

што нам рабіць з рэштаю іх, з жанчынамі, калі мы прысягнулі Госпадам не даваць ім жонак з дочак нашых?
 
Што мы зробім, каб тыя, што засталіся, [мелі] жонак? Бо ўсе мы прысягалі перад ГОСПАДАМ, што не дамо ім за жонак дочак нашых».

І сказалі: ці няма каго з плямёнаў Ізраілевых, хто ня прыходзіў перад Госпада ў Масіфу? І выявілася, што зь Явіса Галаадскага ніхто ня прыходзіў перад Госпада ў табар на сход.
 
І сказалі яны: «Якое з усіх каленаў Ізраіля не прыйшло да ГОСПАДА ў Міцпу?» І вось з Ябэш Гілеадзкага ніхто не прыйшоў на супольны сход у табар.

І агледжаны народ, і вось, ня было там ніводнага з жыхароў Явіса Галаадскага.
 
І народ быў пералічаны, і вось, нікога не было з жыхароў Ябэшу Гілеадзкага.

І паслала туды супольства дванаццаць тысяч чалавек, мужчын дужых, і далі ім загад, кажучы: ідзеце і пабеце жыхароў Явіса Галаадскага мечам, і жанчын і дзяцей;
 
І грамада паслала туды дванаццаць тысячаў ваяроў мужных, і загадала ім: «Ідзіце і забіце жыхароў Ябэшу Гілеадзкага вострывам мяча, і жанчын, і дзяцей іхніх.

і вось што зрабеце: кожнага мужчыну і кожную жанчыну, якія зьведалі ложак мужаў, праклянеце.
 
І вось што зробіце: усіх мужчынаў і жанчынаў, якія пазналі мужа, пазабівайце».

І знайшлі яны сярод жыхароў Явіса Галаадскага чатырыста дзяўчат, якія ня зьведалі ложка мужавага, і прывялі іх у табар у Сілом, што ў зямлі Ханаанскай.
 
І знайшлі яны сярод жыхароў Ябэшу чатырыста дзяўчат, якія не пазналі мужа, і прывялі іх у табар у Шыло ў зямлі Ханаан.

І паслала ўсё супольства перагаварыць з сынамі Веньямінавымі, якія былі ў скале Рымоне, і абвясьціла ім мір.
 
І грамада паслала да сыноў Бэн’яміна, якія былі на скале Рымон, каб аб’явіць ім мір.

Тады вярнуліся сыны Веньяміна, і далі ім жонак, якіх пакінулі жывымі з жанчын Явіса Галаадскага; але выявілася, што гэтага было недастаткова.
 
І вярнуліся сыны Бэн’яміна ў той час, і далі ім жонак з дачок Ябэшу Гілеадзкага, але не хапіла для іх усіх.

А народ шкадаваў Веньяміна, што Гасподзь не захаваў цэласьці плямёнаў Ізраілевых.
 
І народ вельмі моцна шкадаваў дзеля Бэн’яміна, што ГОСПАД зрабіў вылом у каленах Ізраіля.

І сказалі старэйшыны супольства: што нам рабіць з астатнімі, што да жонак, бо зьнішчаны жанчыны ў Веньяміна?
 
І сказалі старшыні грамады: «Што зробім з рэштаю, якія не атрымалі жонак? Бо ўсе жанчыны ў Бэн’яміна загінулі».

І сказалі: спадчынная зямля няхай застаецца ацалелым сынам Веньяміна, каб ня зьнікла племя зь Ізраіля;
 
І сказалі яны: «Спадчынная зямля застаецца ацалелым [сынам] Бэн’яміна, каб не прапала адно калена ў Ізраілі.

але мы ня можам даць ім жонак з дочак нашых. Бо сыны Ізраілевыя прысягнуліся, кажучы: пракляты, хто дасьць жонку Веньяміну;
 
Дачок сваіх мы ня можам ім даць, бо мы зьвязаныя прысягаю, бо прысягнулі сыны Ізраіля: “Пракляты, хто дасьць жонку Бэн’яміну!”»

І сказалі: вось, кожны год бывае сьвята Гасподняе ў Сіломе, што на поўначы ад Вэтыля і на ўсход ад дарогі, якая вядзе з Вэтыля ў Сіхем, і на поўдзень ад Левоны.
 
І сказалі: «Кожны год бывае сьвята ГОСПАДА ў Шыло, які на поўнач ад Бэтэлю, а на захад ад дарогі, што ідзе з Бэтэлю ў Сыхем, і на поўдзень ад Лебоны».

І загадалі сынам Веньяміна і сказалі: ідзеце і засядзьце ў вінаградніках,
 
І загадалі яны сынам Бэн’яміна, кажучы: «Ідзіце і схавайцеся ў вінаградніках.

і глядзеце, калі выйдуць дзяўчаты Сіломскія скакаць у карагодах: тады выйдзіце зь вінаграднікаў і схапеце сабе кожны жонку зь дзяўчат Сіломскіх і ідзеце ў зямлю Веньямінавую;
 
Калі ўбачыце дзяўчатаў з Шыло, якія выйшлі ў карагодах танчыць, выходзьце з вінаграднікаў і хапайце іх, кожны сабе жонку спасярод дочак Шыло, і вядзіце ў зямлю Бэн’яміна.

і калі прыйдуць бацькі іхнія, альбо браты іхнія са скаргаю да нас, мы скажам ім: прасеце нас за іх, бо мы не ўзялі кожнаму зь іх жонкі на вайне, і вы не далі ім; цяпер вы вінаватыя.
 
Калі ж бацькі іхнія або браты прыйдуць да нас жаліцца, мы скажам ім: “Пашкадуйце іх, бо не здабылі мы ім жонак на вайне, а вы таксама, калі б ім далі, саграшылі б”».

Сыны Веньяміна так і зрабілі, і ўзялі жонак паводле ліку свайго з тых, што былі ў карагодзе, якіх яны захапілі, і пайшлі і вярнуліся ў надзел свой, і пабудавалі гарады і пачалі жыць у іх.
 
І сыны Бэн’яміна зрабілі так, і ўзялі жонак паводле ліку свайго, з тых, якія танчылі. І вярнуліся яны ў спадчыну сваю, і адбудавалі гарады свае, і жылі ў іх.

У той самы час Ізраільцяне разышліся адтуль кожны ў племя сваё і ў род свой, і пайшлі адтуль кожны ў надзел свой.
 
І сыны Ізраіля вярнуліся адтуль кожны да калена свайго і да сям’і сваёй, і пайшлі кожны ў спадчыну сваю.

У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў тое, што яму здавалася правільным.
 
У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушна ў вачах ягоных.