Судзьдзяў 5 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Таго дня засьпявалі Дэвора і Варак, сын Авінаамаў, такімі словамі:
У той дзень засьпявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы:
Ізраіль адпомшчаны, народ паказаў руплівасьць, праслаўце Госпада!
«Адпомшчаны Ізраіль, бо народ выступіў дабраахвотна! Дабраславіце ГОСПАДА!
Слухайце, цары, уважайце, вяльможы: я Госпаду сьпяваю, я граю, Богу Ізраілеваму.
Слухайце, валадары, прыхіліце вушы, начальнікі. Я ГОСПАДУ буду сьпяваць, буду граць хвалу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля!
Калі Ты выходзіў, Госпадзе, ад Сэіра, калі ішоў з поля Эдомскага, затрэслася зямля, закапала неба, вадою закапалі хмары;
ГОСПАДЗЕ, калі Ты выходзіў з Сэіру, калі Ты выходзіў з ваколіцаў Эдому, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі [кроплі] вады.
раставалі горы ад аблічча Госпада, нават гэты Сінай ад аблічча Госпада, Бога Ізраілевага.
Горы таялі перад абліччам ГОСПАДА з Сынаю, перад абліччам ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
У дні Самэгара, сына Анатавага, у дні Яілі, былі пустыя дарогі, хто раней хадзіў шляхамі простымі, хадзіў тады кружнымі дарогамі.
У дні Шамгара, сына Аната, у дні Яэлі апусьцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сьцежкамі бочнымі.
Не засталося насельнікаў у селішчах у Ізраіля, ня стала, пакуль не паўстала я, Дэвора, пакуль не паўстала я, маці ў Ізраілі.
Зьніклі мужныя ў Ізраілі, іх ня стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраілі.
Выбралі новых багоў, таму і вайна каля брамы. Ці відны былі шчыт і дзіда ў сарака тысяч Ізраіля?
Выбралі яны сабе багоў новых, і тады [прыйшла] вайна ў брамы, але не відаць ані шчыта, ані дзіды ў сарака тысячаў Ізраіля.
Сэрца маё — вам, правадыры Ізраіля, рупліўцам народным; праслаўце Госпада!
Сэрца маё [зьвяртаецца] да князёў Ізраіля, якія дабраахвотна ахвяраваліся за народ, дабраславіце ГОСПАДА!
Хто езьдзіць на белых асьліцах, хто сядзіць на дыванах і хто ходзіць па дарозе, сьпявайце песьню!
Вы, што едзеце на асьліцах белых, і вы, што сядзіце на кілімах і вы, што ідзіцё дарогамі, сьпявайце!
Сярод галасоў, што зьбіраюць статкі каля калодзежаў, там хай засьпяваюць хвалу правадырам Ізраіля! Тады выступіў да брамы народ Гасподні.
Галасы тых, якія дзеляць [здабычу] пры вадапоях, няхай расказваюць пра праведнасьць ГОСПАДА, пра праведнасьць магуцьця Яго ў Ізраілі; тады зьбярэцца народ ГОСПАДА каля брамаў.
Паўстань, паўстань, Дэвора, паўстань, паўстань! засьпявай песьню! Паўстань, Варак! і вядзі палонных тваіх, сыне Авінаамаў!
Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і засьпявай сьпеў! Устань, Барак, вазьмі палонных тваіх, сын Абінаама!
Тады нямногім з моцных падначаліў Ён народ; Гасподзь падначаліў мне адважных.
Тады запануе рэшта правадыроў народу; ГОСПАД зыйдзе сярод волатаў.
Ад Яфрэма прыйшлі тыя, што ўкараніліся ў зямлі Амаліка; за табою Веньямін, сярод народа твайго; ад Махіра ішлі правадыры, і ад Завулона тыя, што валодалі трысьцінай пісцовай.
Ад Эфраіма прыйшлі князі ў даліну, за ім Бэн’ямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Завулёна [прыйшлі] тыя, што трымаюць скіпетр.
І князі Ісахаравыя з Дэвораю, і Ісахар гэтак сама, як Варак, кінуўся ў даліну пешы. У родах Рувімавых вялікая нясуладзіца.
Князі Ісахара былі з Дэбораю; і Ісахар разам з Баракам пасланы быў у даліну. А ў ваколіцах Рубэна вялікая нарада.
Чаго сядзіш ты паміж кашарамі, слухаючы бляяньне авечак? У плямёнах Рувімавых вялікая нясуладзіца.
Чаму ты сядзіш паміж аборамі, каб слухаць мэканьне статку? У ваколіцах Рубэна вялікая нарада.
Галаад жыве спакойна за Ярданам; Дану чаго баяцца з караблямі? Асір сядзіць на беразе мора і каля прыстаняў сваіх жыве спакойна.
Гілеад адпачывае за Ярданам, а Дан як вандроўнік узыйшоў на караблі. Асэр жыве на беразе мора і пры затоках сваіх застаўся.
Завулон — гэта люд, які душу сваю асудзіў на сьмерць, і Нэфталім на вышынях поля.
Завулён ахвяраваў душу сваю на сьмерць, а Нэфталі — у гарыстых мясцовасьцях.
Прыйшлі цары, паваяваліся, тады паваяваліся цары Ханаанскія ў Танааху і каля водаў Магідонскіх, але не атрымалі ніякага срэбра.
Прыйшлі валадары і ваявалі, ваявалі валадары Ханаану ў Таанаху каля водаў Мэгіддо, але здабычы срэбра не атрымалі!
Зь неба ваявалі зоркі, са шляхоў сваіх ваявалі зь Сісарам.
З неба змагаліся зоркі, з шляхоў сваіх супраць Сісэры ваявалі.
Паток Кісон падхапіў іх, паток Кедумін, паток Кісон. Тапчы, душа мая, сілу!
Ручай Кішон панёс іх, ручай старадаўні, ручай Кішон; трымайся моцна, душа мая.
Тады ламаліся капыты конскія ад уцёкаў, ад уцёкаў борздых ягоных.
Тады гучаў тупат капытоў коней, калі імчалі дужыя іхнія.
Праклянеце Мэроз, кажа анёл Гасподні, праклянеце жыхароў яго за тое, што ня прыйшлі на дапамогу Госпаду, на дапамогу Госпаду з адважнымі.
“Праклінайце Мэроз, — сказаў анёл ГОСПАДА, — праклінайце праклёнам жыхароў ягоных, бо не прыйшлі яны на дапамогу ГОСПАДУ, на дапамогу ГОСПАДУ з волатамі [сваімі]”.
Хай будзе дабраславёная сярод жанчын Яіль, жонка Хэвэра Кенэяніна, сярод жанчын у намётах хай будзе дабраславёная!
Няхай будзе дабраслаўлёная між жанчынамі Яэль, жонка Хэвэра Кенэяніна, няхай будзе яна дабраслаўлёная між жанчынамі ў намётах!
Вады папрасіў ён: малака прынесла яна, у чары вяльможніцкай падала малака выдатнага.
Таму, хто прасіў вады, яна дала малака, і ў куфлі князёў прынесла яму малако.
Руку левую працягнула яна да кала, а сваю правую да малатка работніцкага; ударыла Сісару, прабіла галаву ягоную, разьбіла і пранізала скроню яму.
Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат. І ўдарыла Сісэру, і прабіла галаву яму, скроні яго разьбіла.
І схіліўся да ног яе, упаў і ляжаў, да ног яе схіліўся, упаў: дзе схіліўся, там і ўпаў забіты.
Каля ног яе ён зваліўся, упаў і ляжаў, каля ног яе ўпаў, паваліўся. Дзе ўпаў, там і ляжаў забіты.
У вакно выглядае й галосіць маці Сісаравая праз рашотку: чаму доўга ня йдзе яго коньніца, чаго замарудзілі колы яго калясьніц?
Праз акно глядзіць маці Сісэры і галосіць праз ваконныя краты: “Чаму марудзіць калясьніца ягоная вярнуцца? Чаму не сьпяшаецца грукат калясьніцаў ягоных?”
Рассудлівыя зь яе каляжанак ёй адказалі, і сама яна адказвае на пытаньні свае:
Разумнейшыя з жанчынаў ейных адказваюць ёй, і сама сабе паўтарае яна словы іхнія:
знайшлі яны, мабыць, і дзеляць здабычу, па дзяўчыне, па дзьве дзяўчыны на кожнага воіна, лупам дасталася каляровая вопратка Сісару, тканіна дасталася ў луп каляровая, вышываная паабапал, у палоннага з плячэй зьнятая.
“Дык жа зьбіраюць здабычу і разьдзяляюць па паланянцы ці па дзьве кожнаму ваяру, а шаты каляровыя — для Сісэры, шаты каляровыя, гафтаваныя, а на шыю той, [якая дзеліць] здабычу — каляровыя хусткі”.
Так няхай прападуць усе ворагі Твае, Госпадзе! а хто любіць Яго, няхай будзе, як сонца, што ўзыходзіць у поўнай моцы сваёй! — І сьцішылася зямля на сорак гадоў.
Няхай гэтак, ГОСПАДЗЕ, зьнікнуць усе ворагі Твае! А тыя, што любяць Цябе, няхай ясьнеюць як сонца, якое ўзыходзіць!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.