Судзьдзяў 8 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І сказалі яму Яфрэмляне: навошта ты гэта зрабіў, што не паклікаў нас, калі ішоў ваяваць з Мадыяніцянамі? І моцна пасварыліся зь ім.
І сказалі Гідэону сыны Эфраіма: «Што гэта такое, што не захацеў ты браць нас ваяваць супраць Мадыянцаў?» І моцна з ім спрачаліся.
Гедэон адказваў ім: ці зрабіў я што такое, як вы сёньня? ці шчасьлівей Яфрэм дабіраў вінаград, чым Авіезэр абіраў?
А ён ім сказаў: «Ці зрабіў я што такое, што вы зрабілі? Ці ня лепшы апошні збор вінаграду ў Эфраіма, чым першы ў Абіезэра?
У вашыя рукі аддаў Бог князёў Мадыямскіх Арыва і Зіва, і што мог я зрабіць такое, як вы? Тады супакоіўся дух іхні супроць яго, калі сказаў ён ім такія словы.
У рукі вашыя аддаў Бог князёў Мадыянскіх Арэба і Зээба. Што болей мог я зрабіць у параўнаньні з вамі?» Калі ён сказаў словы гэтыя, супакоілася ў іх абурэньне супраць яго.
І прыйшоў Гедэон да Ярдана, і перайшоў сам і трыста чалавек, якія былі зь ім. Яны былі стомленыя, перасьледуючы ворагаў.
І прыйшоў Гідэон да Ярдану, і перайшоў яго з трымастамі ваярамі, якія з ім былі. А былі яны змучаныя, перасьледуючы ворагаў.
І сказаў ён жыхарам Сакхота: дайце хлеба народу, які ідзе за мною; яны стаміліся, а я перасьледую Зэвэя і Салмана, цароў Мадыямскіх.
І сказаў Гідэон жыхарам Сукоту: «Дайце, калі ласка, людзям маім хлеба, бо яны вельмі стаміліся, а я перасьледую Зэбаха і Цальмуну, валадароў Мадыянскіх».
Князі Сакхота сказалі: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб войску твайму даваць хлеб?
А князі Сукоту адказалі: «Ці ўжо рукі Зэбаха і Цальмуны ў руках тваіх, каб мелі мы даваць хлеб войску твайму?»
І сказаў Гедэон: за гэта, калі аддасьць Гасподзь Зэвэя і Салмана ў рукі мае, я разарву цела ваша цярноўнікам пустынным і малацільнымі зубчатымі дошкамі.
І сказаў Гідэон: «Калі выдасьць ГОСПАД Зэбаха і Цальмуну ў рукі мае, я буду малаціць целы вашыя цернем пустынным і асотам».
Адтуль пайшоў ён у Пэнуэл і тое самае сказаў жыхарам яго, і жыхары Пэнуэла адказвалі яму тое самае, што адказвалі жыхары Сакхота.
І пайшоў адтуль у Пэнуэль, і падобна прасіў жыхароў той мясцовасьці. І тыя яму адказалі, як жыхары Сукоту.
Ён сказаў і жыхарам Пэнуэла: калі я вярнуся ў міры, разбуру вежу гэтую.
І таксама ім ён сказаў: «Калі вярнуся ў супакоі, развалю вежу вашую».
А Зэвэй і Салман былі ў Каркоры і зь імі іхняе рушэньне да пятнаццаці тысяч, усё, што засталося з усяго рушэньня жыхароў усходу; а загінула сто тысяч чалавек, што агалялі меч.
А Зэбах і Цальмуна адпачывалі ў Каркоры з усім войскам сваім, каля пятнаццаці тысячаў ваяроў, якія засталіся з усіх дружынаў сыноў Усходу. А тых, што згінулі, было сто дваццаць тысячаў чалавек, якія валодалі мячом.
Гедэон пайшоў да тых, што жылі ў намётах на ўсход ад Новы і Ёгбэгі і пабіў табар, калі табар стаяў бясьпечна.
І Гідэон пайшоў шляхам жыхароў намётаў на ўсход ад Набаху і Ёгбэгі, і напаў на табар ворагаў, якія пачуваліся ў бясьпецы.
Зэвэй і Салман пабеглі; ён пагнаўся за імі і схапіў абодвух цароў Мадыямскіх, Зэвэя і Салмана, і ўвесь табар увёў у замяшаньне.
Зэбах і Цальмуна ўцяклі, але Гідэон дагнаў іх і схапіў абодвух валадароў Мадыяну, Зэбаха і Цальмуну, а ўсё войска іхняе разьбіў.
І вярнуўся Гедэон, сын Ёаса, з вайны ад узвышша Херэса.
І варочаўся Гідэон, сын Ёаша, з вайны праз Маале-Га-Хэрэс.
І захапіў хлопца з жыхароў Сакхота і выпытаў у яго; і ён напісаў яму князёў і старэйшын Сакхоцкіх семдзесят сем чалавек.
І схапіў ён юнака з жыхароў Сукоту, і спытаў у яго пра князёў і старшыняў Сукоту. І той напісаў яму [імёны] сямідзесяці сямі чалавек.
І прыйшоў ён да жыхароў Сакхоцкіх і сказаў: вось Зэвэй і Салман, за якіх вы пасьмяяліся зь мяне, кажучы: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб мы давалі хлеб стомленым людзям тваім?
І прыйшоў ён да жыхароў Сукоту, і сказаў ім: «Вось Зэбах і Цальмуна, дзеля якіх вы абражалі мяне, кажучы: “Ці ж рука Зэбаха і Цальмуна ўжо ў руках тваіх, каб даваць хлеб ваярам тваім, што зьняможаны?”»
І ўзяў старэйшын горада і церне пустэльнае і зубчатыя малацільныя дошкі і пакараў імі жыхароў Сакхота;
І схапіў ён старшыняў гораду, і, узяўшы церні пустынныя і асот, пакараў імі жыхароў Сукоту.
і вежу Пэнуэльскую разбурыў і перабіў жыхароў горада.
Таксама вежу Пэнуэля разваліў і выбіў жыхароў гораду таго.
І сказаў Зэвэю і Салману: якія былі тыя, якіх вы забілі на Фаворы? Яны сказалі: яны былі такія, як ты, кожны з выгляду сын царскі.
І сказаў Зэбаху і Цальмуне: «Што гэта за людзі былі, якіх вы забілі каля Табору?» Яны адказалі: «Яны былі падобныя да цябе, і кожны з іх меў выгляд сыноў валадара».
Гедэон сказаў: гэта былі браты мае, сыны маці маёй! жывы Гасподзь: калі б вы пакінулі іх жывымі, я не забіў бы вас.
Ён ім сказаў: «Гэта былі браты мае, сыны маці маёй. Як жывы ГОСПАД! Калі б вы іх захавалі, я вас не забіў бы!»
І сказаў Эфэру, першынцу свайму: устань, забі іх. Але хлопец не дастаў меча свайго, бо баяўся, бо быў яшчэ малады.
І даў ён загад Етэру, першароднаму свайму: «Устань і забі іх!» Але ён ня выцягнуў мяча, бо баяўся, бо быў яшчэ малы.
І сказалі Зэвэй і Салман: устань сам і забі нас, бо па чалавеку і сіла ягоная. І ўстаў Гедэон, і забіў Зэвэя і Салмана, і ўзяў спражкі, якія былі на шыях у вярблюдаў іхніх.
І сказалі Зэбах і Цальмуна: «Ты сам устань і забі нас, бо які чалавек, такая і сіла ягоная». І ўстаў Гідэон, і забіў Зэбаха і Цальмуна, і забраў паўмесяцы, што віселі на шыях вярблюдаў іхніх.
І сказалі Ізраільцяне Гедэону: валодай намі ты і сын твой і сын сына твайго, бо ты выратаваў нас з рук Мадыяніцянаў.
І сказалі Ізраільцяне Гідэону: «Валадар над намі ты, і сын твой, і ўнук твой, бо ты вызваліў нас з рук Мадыянцаў».
Гедэон сказаў ім: ні я ня буду валодаць вамі, ні мой сын ня будзе валодаць вамі; Гасподзь хай валодае вамі.
І сказаў ён ім: «Ня буду я валадарыць над вамі, і ня будзе валадарыць над вамі сын мой, але будзе валадарыць над вамі ГОСПАД».
І сказаў ім Гедэон: прашу ў вас аднаго, дайце мне кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
І гаварыў ім: «Адну толькі маю просьбу да вас: дайце мне кожны па колцу са здабычы вашай». Бо звычайна залатыя колцы насілі [забітыя], бо былі Ізмаэльцы.
Яны сказалі: дамо. І паслалі вопратку і кідалі туды кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
Яны адказалі: «Вельмі ахвотна дамо». І расклалі плашч на зямлі, і кожны са здабычы сваёй палажыў залатое колца.
Вагі ў залатых завушніцах, якія ён выпрасіў, было тысяча сямсот залатых сікляў, апрача спражак, гузікаў і пурпуровых вопратак, якія былі на царах Мадыямскіх, і апрача ланцужкоў, якія былі на шыі ў вярблюдаў іхніх.
І вага прынесеных залатых колцаў была тысяча семсот сыкляў золата, ня лічачы паўмесяцаў, колцаў і пурпуровых шатаў, якія насілі валадары Мадыянскія, таксама ня лічачы ланцужкоў, што віселі на шыях вярблюдаў іхніх.
З гэтага зрабіў Гедэон эфод і паклаў яго ў сваім горадзе, у Офры, і пачалі ўсе Ізраільцяне блудна хадзіць туды за ім, і быў ён сеткаю Гедэону і ўсяму дому ягонаму.
З іх зрабіў Гідэон эфод і паставіў яго на радзіме сваёй, у Офры. І ўвесь Ізраіль чужаложыў там з ім, і сталася гэта для Гідэона і сям’і ягонай загубай.
Так упакорыліся Мадыяніцяне сынам Ізраіля і не падымалі ўжо галавы сваёй, і сьцішылася зямля на сорак гадоў у дні Гедэона.
І ўпакорыліся Мадыянцы перад сынамі Ізраіля, і не паднялі яны болей галавы, і зямля сорак гадоў адпачывала, калі жыў Гідэон.
І пайшоў Ераваал, сын Ёасаў, і жыў у доме сваім.
І Еруббаал, сын Ёаша, пайшоў, і жыў у доме сваім.
У Гедэона было семдзесят сыноў, што пайшлі ад сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было многа жонак.
Гідэон меў семдзясят сыноў, што выйшлі з паясьніцы ягонай, бо меў шмат жонак.
Таксама і наложніца, якая жыла ў Сіхеме, нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Авімэлэх.
Адна з наложніцаў ягоных, што жыла ў Сыхеме, нарадзіла яму сына, якому дадзена імя Абімэлех.
І памёр Гедэон, сын Ёасаў, у глыбокай старасьці, і пахаваны ў магіле бацькі свайго Ёаса, у Офры Авіезэравай.
Праз нейкі час Гідэон, сын Ёаша, памёр у добрай старасьці, і быў пахаваны ў магіле Ёаша, бацькі свайго, у Офры Абіезэравай.
Калі памёр Гедэон, сыны Ізраілевыя зноў пачалі блудна хадзіць сьледам за Вааламі і паставілі сабе за бога Ваалвэрыта;
Пасьля сьмерці Гідэона зноў сыны Ізраіля адвярнуліся ад ГОСПАДА і паганіліся з Баалам, і паставілі Баал-Бэрыта за бога сабе.
і ня ўзгадвалі сыны Ізраілевыя Госпада Бога свайго, Які выбаўляў іх з рук усіх ворагаў навокал іх;
І забыліся сыны Ізраіля пра ГОСПАДА, Бога свайго, Які вызваліў іх з рукі ўсіх ворагаў іхніх навакол.
і дому Ераваалаваму, альбо Гедэонаваму, не зрабілі міласьці дабрачынствы, якія ён зрабіў Ізраілю.
І не зьявілі яны спагаднасьці для сям’і Еруббала, ці Гідэона, нягледзячы на тое, што столькі дабра зрабіў ён для Ізраіля.