Судзьдзяў 8 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сказалі яму Яфрэмляне: навошта ты гэта зрабіў, што не паклікаў нас, калі ішоў ваяваць з Мадыяніцянамі? І моцна пасварыліся зь ім.
 
І сказалі Гедэону сыны Эфраіма: «Што гэта такое, што нас не захацеў ты браць ваяваць супраць мадыянцаў?» — і моцна з ім спрачаліся, ледзь не ўступаючы ў бойку.

Гедэон адказваў ім: ці зрабіў я што такое, як вы сёньня? ці шчасьлівей Яфрэм дабіраў вінаград, чым Авіезэр абіраў?
 
Ён ім адказаў: «Ці мог я зрабіць штосьці такое, што вы зрабілі? Ці не лепшы вінаград у Эфраіма, чым у Абіязэра вінаград?

У вашыя рукі аддаў Бог князёў Мадыямскіх Арыва і Зіва, і што мог я зрабіць такое, як вы? Тады супакоіўся дух іхні супроць яго, калі сказаў ён ім такія словы.
 
У вашыя рукі аддаў Бог князёў мадыянскіх Арэба і Зэба. Што болей мог я зрабіць у параўнанні з вамі?» Калі ён гэта сказаў, супакоіўся дух іх, што абураўся супраць яго.

І прыйшоў Гедэон да Ярдана, і перайшоў сам і трыста чалавек, якія былі зь ім. Яны былі стомленыя, перасьледуючы ворагаў.
 
І калі Гедэон прыбыў да Ярдана, перайшоў яго з трымастамі ваярамі, што з ім былі, і ледзь маглі ісці, стомленыя пераследаваннем ворагаў.

І сказаў ён жыхарам Сакхота: дайце хлеба народу, які ідзе за мною; яны стаміліся, а я перасьледую Зэвэя і Салмана, цароў Мадыямскіх.
 
І сказаў Гедэон жыхарам Сукота: «Дайце, прашу, людзям маім хлеба, бо яны вельмі стаміліся, а я пераследую Зэбаха і Салману, цароў мадыянскіх».

Князі Сакхота сказалі: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб войску твайму даваць хлеб?
 
Князі Сукота адказалі: «Ці ўжо рукі Зэбаха і Салманы ў тваіх руках, каб мы далі хлеба твайму войску?»

І сказаў Гедэон: за гэта, калі аддасьць Гасподзь Зэвэя і Салмана ў рукі мае, я разарву цела ваша цярноўнікам пустынным і малацільнымі зубчатымі дошкамі.
 
Ён ім кажа: «Такім чынам, калі выдасць Госпад Зэбаха і Салману ў рукі мае, я буду малаціць целы вашыя з цернем пустынным і чылімам».

Адтуль пайшоў ён у Пэнуэл і тое самае сказаў жыхарам яго, і жыхары Пэнуэла адказвалі яму тое самае, што адказвалі жыхары Сакхота.
 
І пайшоў адтуль і прыйшоў у Пэнуэль, і падобна прасіў жыхароў тае мясцовасці. І тыя яму адказалі, як адказалі жыхары Сукота.

Ён сказаў і жыхарам Пэнуэла: калі я вярнуся ў міры, разбуру вежу гэтую.
 
Такім чынам, і ім ён сказаў: «Калі вярнуся ў супакоі, разбуру гэтую вежу».

А Зэвэй і Салман былі ў Каркоры і зь імі іхняе рушэньне да пятнаццаці тысяч, усё, што засталося з усяго рушэньня жыхароў усходу; а загінула сто тысяч чалавек, што агалялі меч.
 
А Зэбах і Салмана адпачывалі ў Каркары з усім сваім войскам, каля пятнаццаці тысяч ваяроў, якія засталіся з усіх дружынаў усходніх народаў, а тых, што загінулі, было сто дваццаць тысяч чалавек, што валодалі мечам.

Гедэон пайшоў да тых, што жылі ў намётах на ўсход ад Новы і Ёгбэгі і пабіў табар, калі табар стаяў бясьпечна.
 
А Гедэон пайшоў шляхам тых, што заставаліся ў палатках на ўсходнім баку Нобэ і Егбаі, і напаў на лагер ворагаў, якія былі бесклапотнымі і не падазравалі нічога дрэннага.

Зэвэй і Салман пабеглі; ён пагнаўся за імі і схапіў абодвух цароў Мадыямскіх, Зэвэя і Салмана, і ўвесь табар увёў у замяшаньне.
 
І Зэбах і Салмана ўцяклі, а Гедэон іх пераследаваў і схапіў абодвух цароў Мадыяна, Зэбаха і Салману, а ўсё войска іх разбіў.

І вярнуўся Гедэон, сын Ёаса, з вайны ад узвышша Херэса.
 
І, вяртаючыся з вайны праз узыходжанне ў Гарэс, Гедэон, сын Ёаса,

І захапіў хлопца з жыхароў Сакхота і выпытаў у яго; і ён напісаў яму князёў і старэйшын Сакхоцкіх семдзесят сем чалавек.
 
схапіў юнака з жыхароў Сукота, і выпытаў у яго імёны князёў і старэйшын Сукота, а ён напісаў яму [імёны] сямідзесяці сямі чалавек.

І прыйшоў ён да жыхароў Сакхоцкіх і сказаў: вось Зэвэй і Салман, за якіх вы пасьмяяліся зь мяне, кажучы: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб мы давалі хлеб стомленым людзям тваім?
 
І прыйшоў ён да жыхароў Сукота, і сказаў ім: «Вось Зэбах і Салмана, дзеля якіх вы ўпікалі мне, кажучы: “Ці ж рукі Зэбаха і Салманы ўжо ў тваіх руках, каб мы давалі хлеб ваярам тваім, якія зняможаны?”»

І ўзяў старэйшын горада і церне пустэльнае і зубчатыя малацільныя дошкі і пакараў імі жыхароў Сакхота;
 
Такім чынам, схапіў ён старэйшын горада, і церні пустынныя, і чылім і змалаціў з імі жыхароў Сукота.

і вежу Пэнуэльскую разбурыў і перабіў жыхароў горада.
 
Таксама вежу Пэнуэля разбурыў, забіўшы жыхароў горада.

І сказаў Зэвэю і Салману: якія былі тыя, якіх вы забілі на Фаворы? Яны сказалі: яны былі такія, як ты, кожны з выгляду сын царскі.
 
І сказаў Зэбаху і Салмане: «Што гэта за людзі былі, якіх вы забілі ў Таборы?» Яны адказалі: «Яны былі падобныя да цябе, і кожны з іх меў выгляд сына царскага».

Гедэон сказаў: гэта былі браты мае, сыны маці маёй! жывы Гасподзь: калі б вы пакінулі іх жывымі, я не забіў бы вас.
 
Ён ім сказаў: «Гэта былі браты мае, сыны маці маёй. Жыве Госпад, калі б вы іх захавалі, то і я вас не забіў бы!»

І сказаў Эфэру, першынцу свайму: устань, забі іх. Але хлопец не дастаў меча свайго, бо баяўся, бо быў яшчэ малады.
 
І даў загад Етэру, першароднаму свайму: «Устань і забі іх!» Ён не выцягнуў меча; бо баяўся, бо быў яшчэ малы.

І сказалі Зэвэй і Салман: устань сам і забі нас, бо па чалавеку і сіла ягоная. І ўстаў Гедэон, і забіў Зэвэя і Салмана, і ўзяў спражкі, якія былі на шыях у вярблюдаў іхніх.
 
І сказалі Зэбах і Салмана: «Ты сам устань і забі нас, бо адпаведна ўзросту чалавека сіла яго». Падняўся Гедэон, і забіў Зэбаха і Салману, і забраў паўмесяцы, якімі былі ўпрыгожаны шыі іх вярблюдаў.

І сказалі Ізраільцяне Гедэону: валодай намі ты і сын твой і сын сына твайго, бо ты выратаваў нас з рук Мадыяніцянаў.
 
І сказалі ізраэльцы Гедэону: «Валадар над намі ты, і сын твой, і сын сына твайго, бо вызваліў ты нас з рук мадыянцаў».

Гедэон сказаў ім: ні я ня буду валодаць вамі, ні мой сын ня будзе валодаць вамі; Гасподзь хай валодае вамі.
 
Кажа ён ім: «Не буду валадарыць я над вамі, і не будзе валадарыць над вамі мой сын, але будзе валадарыць Госпад».

І сказаў ім Гедэон: прашу ў вас аднаго, дайце мне кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
 
І сказаў ім: «Адну толькі маю просьбу да вас: дайце мне кожны па кольцу з вашай здабычы». Бо звычайна залатыя кольцы насілі ізмаэльцы.

Яны сказалі: дамо. І паслалі вопратку і кідалі туды кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
 
Яны адказалі: «Вельмі ахвотна дамо». І, расклаўшы плашч на зямлі, кожны са сваёй здабычы паклаў на ім залатое кольца.

Вагі ў залатых завушніцах, якія ён выпрасіў, было тысяча сямсот залатых сікляў, апрача спражак, гузікаў і пурпуровых вопратак, якія былі на царах Мадыямскіх, і апрача ланцужкоў, якія былі на шыі ў вярблюдаў іхніх.
 
І вага патрабаваных кольцаў была тысяча семсот сікляў золата, не ўлічваючы паўмесяцаў, завушніц і пурпуровых шатаў, якія звычайна насілі цары мадыянскія, таксама не ўлічваючы хамутоў вярблюдаў.

З гэтага зрабіў Гедэон эфод і паклаў яго ў сваім горадзе, у Офры, і пачалі ўсе Ізраільцяне блудна хадзіць туды за ім, і быў ён сеткаю Гедэону і ўсяму дому ягонаму.
 
І з іх зрабіў Гедэон эфод і паставіў яго на радзіме сваёй, у Эфры. І ўвесь Ізраэль чужаложыў там, і сталася гэта для Гедэона і яго сям’і загубай.

Так упакорыліся Мадыяніцяне сынам Ізраіля і не падымалі ўжо галавы сваёй, і сьцішылася зямля на сорак гадоў у дні Гедэона.
 
Зняважыліся ж мадыянцы перад сынамі Ізраэля і не змаглі падняць болей галавы, а зямля сорак гадоў супачывала, калі жыў Гедэон.

І пайшоў Ераваал, сын Ёасаў, і жыў у доме сваім.
 
А Ерабаал, сын Ёаса, пайшоў і жыў у сваім доме;

У Гедэона было семдзесят сыноў, што пайшлі ад сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было многа жонак.
 
і Гедэон меў семдзесят сыноў, што выйшлі са сцёгнаў яго, бо меў многа жонак.

Таксама і наложніца, якая жыла ў Сіхеме, нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Авімэлэх.
 
Таксама адна з наложніц яго, якая пражывала ў Сіхэме, нарадзіла яму сына, якому сам ён даў імя Абімэлех.

І памёр Гедэон, сын Ёасаў, у глыбокай старасьці, і пахаваны ў магіле бацькі свайго Ёаса, у Офры Авіезэравай.
 
І Гедэон, сын Ёаса, памёр у добрай старасці, і пахаваны быў у магіле Ёаса, бацькі свайго, у Эфры сыноў Абіязэра.

Калі памёр Гедэон, сыны Ізраілевыя зноў пачалі блудна хадзіць сьледам за Вааламі і паставілі сабе за бога Ваалвэрыта;
 
А па смерці Гедэона зноў сыны Ізраэля адвярнуліся ад Госпада і паганіліся з Баалам, і паставілі Баал-Бэрыта за бога сабе.

і ня ўзгадвалі сыны Ізраілевыя Госпада Бога свайго, Які выбаўляў іх з рук усіх ворагаў навокал іх;
 
І забыліся сыны Ізраэля на Госпада, Бога свайго, Які вызваліў іх з рукі ўсіх ворагаў іх навакол.

і дому Ераваалаваму, альбо Гедэонаваму, не зрабілі міласьці дабрачынствы, якія ён зрабіў Ізраілю.
 
І не былі яны міласэрнымі з сям’ёй Ерабаала Гедэона, нягледзячы на ўсё дабро, што зрабіў ён для Ізраэля.