Судзьдзяў 4 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі памёр Аод, сыны Ізраілевыя пачалі зноў учыняць ліхое перад вачыма Госпада.
Па смерці Эгуда сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада,
І аддаў іх Гасподзь у рукі Явіна, цара Ханаанскага, які цараваў у Асоры; ваеначальнікам у яго быў Сісора, які жыў у Харашат-Гаіме.
і аддаў іх Госпад у рукі Явіна, цара Ханаана, які цараваў у Асоры. І кіраўніком войска ён меў Сісару, сам ён жыў у Гарасэт-Гагаіме.
І заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада. Бо ў яго было дзевяцьсот жалезных калясьніц, і ён жорстка прыгнятаў сыноў Ізраілевых дваццаць гадоў.
І прызывалі сыны Ізраэля Госпада, бо Явін меў дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі і дваццаць гадоў бязлітасна ўціскаў ізраэльцаў.
У той час была судзьдзёю Ізраіля Дэвора прарочыца, жонка Лапідотава.
А ў гэты час судзіла Ізраэль Дэбора, прарочыца, жонка Лапідота.
Яна жыла пад Пальмаю Дэворынаю, паміж Рамаю і Вэтылем, на гары Яфрэмавай; і прыходзілі да яе сыны Ізраілевыя на суд.
І яна спраўляла суд пад пальмаю Дэборы, між Рамаю і Бэтэлем, на гары Эфраім; і прыходзілі да яе сыны Ізраэля на суд.
Дэвора паслала і паклікала Варака, сына Авінаамавага, з Кедэса Нэфталімавага, і сказала яму: загадвае табе Гасподзь, Бог Ізраілеў: ідзі, падыміся на гару Фавор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч чалавек з сыноў Нэфталімавых і сыноў Завулонавых;
Яна паслала паклікаць Барака, сына Абінаама, з Кадэса Нэфталімава і сказаць яму: «Вось што загадаў табе Госпад, Бог Ізраэля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Забулона.
а Я прывяду да цябе, да патока Кісона, Сісару, ваеначальніка Явінавага, і калясьніцы ягоныя і шматлюднае войска ягонае, і аддам яго ў рукі твае.
А я прывяду да цябе да ручая Кісон кіраўніка войска Явіна Сісару і яго калясніцы, і ўсё мноства яго, і аддам яго ў рукі твае”».
Варак сказаў ёй: калі ты пойдзеш са мною, пайду; а калі ня пойдзеш са мною, не пайду.
І адказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, я пайду; а калі не пажадаеш ісці са мной, я не пайду».
Яна сказала: пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе слава на шляху гэтым, куды ты ідзеш; а ў рукі жанчыне аддасьць Гасподзь Сісару. І ўстала Дэвора і пайшла з Варакам у Кедэс.
Яна сказала яму: «Хаця я пайду з табою, але на гэтай дарозе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жанчыны аддасць Госпад Сісару». Дык прыгатавалася Дэбора і разам з Баракам вырушыла ў Кадэс.
Варак склікаў Завулонцаў і Нэфталімцаў у Кедэс, і пайшлі сьледам за ім дзесяць тысяч чалавек, і Дэвора пайшла зь ім.
Барак, сабраўшы сыноў Забулона і Нэфталі ў Кадэсе, вырушыў з дзесяццю тысячамі ваяроў, маючы ў таварыстве сваім Дэбору.
Хэвэр, Кенэянін, аддзяліўся ад Кенэйцаў, сыноў Халвава, родзіча Майсеевага, і раскінуў намёт свой каля дубровы ў Цаанііме паблізу Кедэса.
А Хабэр кінэй, аддзяліўся ад іншых кінэяў, братоў сваіх, сыноў Хабаба, цесця Майсея, і стаў лагерам каля дуба ў Саананіме каля Кадэса.
І данесьлі Сісару, што Варак, сын Авінаамаў, падняўся на гару Фавор.
І даведаўся Сісара, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор,
Сісара склікаў усе калясьніцы свае, дзевяцьсот жалезных калясьніц, і ўвесь народ, які ў яго, з Харашэт-Гаіма да патока Кісона.
і сабраў Сісара дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі, і ўсе свае дружыны, якія меў, ад Гарасэт-Гагаіма да ручая Кісон.
І сказала Дэвора Вараку: устань, бо гэта той дзень, у які Гасподзь аддасьць Сісару ў рукі твае; Сам Гасподзь пойдзе перад табою. І сышоў Варак з гары Фавор і за ім дзесяць тысяч чалавек.
І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень аддасць Госпад у рукі твае Сісару. Сам Госпад пойдзе перад табою». Такім чынам, сышоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысяч ваяроў.
Тады Гасподзь прывёў у замяшаньне Сісару і ўсе калясьніцы ягоныя і ўсё рушэньне яго ад меча Варакавага, і сышоў Сісара з калясьніцы, і пабег пеша.
І Госпад навёў жах на Сісару, і на ўсе калясніцы яго, і на ўсё мноства войска яго перад вастрыём меча Барака, так што сам Сісара, выскачыўшы з калясніцы, уцякаў пешшу.
Варак гнаў калясьніцы яго і рушэньне да Харашэт-Гаіма, і загінуў увесь табар Сісараў ад меча, не засталося нікога.
Барак жа гнаў уцякаючыя калясніцы і войска аж да Гарасэт-Гагаіма, і ўсё мноства войска Сісары загінула.
А Сісара ўцёк пеша ў намёт Яілі, жонкі Хэвэра Кенэяніна: бо паміж Явінам, царом Асорскім, і домам Хэвэра Кенэяніна быў мір.
А Сісара ўцякаў пешшу і прыбег да палаткі Ягэлі, жонкі Хабэра кінэя; бо быў мір між Явінам, царом Асора, і домам Хабэра кінэя.
І выйшла Яіль насустрач Сісару, і сказала яму: зайдзі, гаспадару мой, зайдзі да мяне, ня бойся. Ён зайшоў да яе ў намёт, і яна накрыла яго кілімам.
Такім чынам, Ягэль, выйшаўшы насустрач Сісару, сказала яму: «Увайдзі да мяне, гаспадар мой; увайдзі, не бойся». Ён увайшоў у палатку яе, і яна накрыла яго кілімам.
Сісара сказаў ёй: дай мне крыху вады напіцца, я піць хачу. Яна разьвязала мех з малаком, і напаіла яго, і накрыла яго.
Ён папрасіў яе: «Дай мне, прашу, крыху вады, бо вельмі смягну». Яна адкрыла бурдзюк з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго.
Сісара сказаў ёй: стань каля дзьвярэй намёта, і калі хто прыйдзе і спытаецца ў цябе і скажа: «ці няма тут каго?», ты скажы: «няма».
І Сісара папрасіў яе: «Пастой каля ўваходу ў палатку, і, калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсць тут хто?” — ты адкажы: “Нікога няма”».
Яіль, жонка Хэвэрава, узяла кол ад намёта, і ўзяла малаток у руку сваю, і падышла да яго ціхенька, і ўбіла кол у скроню яму так, што прыкалола да зямлі; а ён спаў стомлены і памёр.
Тады Ягэль, жонка Хабэра, узяла калок ад палаткі, узяўшы разам молат; і ўвайшла таемна і ціха да яго, і ўсклала на скронь галавы яго калок, і, ударыўшы яго молатам, убіла калок у галаву аж да зямлі; а ён аслабеў і памёр, злучыўшы сон са смерцю.
І вось Варак гоніцца за Сісарам. Яіль выйшла насустрач яму, і сказала яму: увайдзі, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш. Ён увайшоў да яе, і вось, Сісара ляжыць мёртвы, і кол у скроні ў яго.
А тут Барак, гонячыся за Сісарам, прыйшоў; і Ягэль выйшла да яго і сказала яму: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісару, што ляжаў нежывы і з калком, убітым у скронь яго.
І ўпакорыў Бог таго дня Явіна, цара Ханаанскага, сынам Ізраілевым.
Такім чынам, у той дзень прынізіў Бог Явіна, цара Ханаана, перад сынамі Ізраэля,
Рука сыноў Ізраілевых мацавалася болей і болей над Явінам, царом Ханаанскім, пакуль ня зьнішчылі яны Явіна, цара Ханаанскага.
якія мацнелі штодзень і цвёрдай рукой уціскалі Явіна, цара Ханаана, пакуль не знішчылі яго.