Судзьдзяў 19 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
У тыя дні, калі ня было цара ў Ізраіля, жыў адзін лявіт на схіле гары Яфрэмавай. І ўзяў сабе наложніцу зь Віфляема Юдэйскага.
У тыя дні не было яшчэ цара ў Ізраэлі. Быў жа нейкі левіт, які, як чужаземец, жыў на ўзбоччы гары Эфраім і меў за жонку наложніцу з Бэтлехэма Юдэйскага.
Наложніца ягоная пасварылася зь ім, і пайшла ад яго ў дом бацькі свайго ў Віфляем Юдэйскі, і была там чатыры месяцы.
Яна, з ім пасварыўшыся, вярнулася ў дом бацькі свайго ў Бэтлехэм і заставалася ў яго чатыры месяцы.
Муж яе ўстаў і пайшоў за ёю, каб пагаварыць у сэрца яе і вярнуць яе да сябе. Зь ім быў слуга ягоны і пара аслоў. Яна ўвяла яго ў дом бацькі свайго.
І пайшоў за ёю муж яе, жадаючы прамовіць да сэрца яе і вывезці яе з сабою, маючы з сабой паслугача і двух аслоў. Яна прыняла яго і завяла ў дом бацькі свайго. Калі цесць убачыў яго, ён, узрадаваўшыся, выйшаў яму насустрач
Бацька гэтай маладой жанчыны, убачыўшы яго, радасна сустрэў яго, і затрымаў яго цесьць ягоны, бацька маладой жанчыны. І прабыў ён у яго тры дні; яны елі і пілі і начавалі там.
і затрымаў там гэтага чалавека. І заставаўся зяць у доме цесця тры дні, снедаючы з ім і па-сяброўску выпіваючы.
На чацьвёрты дзень усталі яны рана, і ён устаў, каб ісьці. І сказаў бацька маладой жанчыны зяцю свайму: падмацуй сэрца тваё лустай хлеба, і потым пойдзеце.
А чацвёртага дня, калі ён устаў уночы і пажадаў адправіцца, цесць сказаў яму: «Пакаштуй спярша троху хлеба, умацуй сэрца сваё, а потым пойдзеш у дарогу».
Яны засталіся, і абодва разам елі і пілі. І сказаў бацька маладой жанчыны чалавеку таму: застанься яшчэ на ноч, і хай павесяліцца сэрца тваё.
І зноў сядзелі яны разам абодва, і елі, і пілі. І бацька той жанчыны сказаў зяцю свайму: «Прашу цябе, каб ты сёння пабыў тут, і хай павесялімся разам».
Чалавек той устаў быў, каб ісьці, але цесьць упрасіў яго, і ён зноў начаваў там.
Але ён, устаўшы, пачаў збірацца ісці. Але ўсё адно, усімі сіламі цесць затрымліваў яго і прымусіў яго застацца ў сябе.
На пяты дзень устаў ён раніцай, каб ісьці. І сказаў бацька маладой жанчыны той: падмацуй сэрца тваё хлебам, і пачакайце, пакуль ня схіліцца дзень. І елі абое яны.
Калі ж настала раніца пятага дня, левіт сабраўся ў дарогу, але цесць зноў кажа яму: «Прашу цябе, каб умацаваў ты сэрца сваё». І марудзілі да канца дня; і абодва частаваліся разам.
І ўстаў той чалавек, каб ісьці, сам ён, наложніца ягоная і слуга ягоны. І сказаў яму цесьць ягоны, бацька маладой жанчыны: вось, дзень схіліўся на вечар, начуйце, калі ласка; вось, дзень хутка скончыцца, начуй тут, хай павесяліцца сэрца тваё; заўтра раней устанеце ў дарогу вашую, і пойдзеш у дом твой.
І ўстаў той юнак, каб разам з жонкай сваёй і паслугачом адпраўляцца. Цесць, бацька жанчыны, зноў сказаў яму: «Падумай, дзень ужо хіліцца на вечар; застаньцеся ў мяне таксама і сёння, пераначуй тут і будзь у добрым настроі, а заўтра раніцай адправіцеся, каб вярнуцца ў дом свой».
Але мужчына не згадзіўся начаваць, устаў і пайшоў; і прыйшоў у Евус, што сёньня Ерусалім; зь ім пара наўючаных аслоў і наложніца ягоная зь ім.
Але зяць не паддаўся на яго ўгаворы, і зараз жа адправіўся, і прыбыў у Евус, гэта значыць у Ерузалім, ведучы з сабой двух наўючаных аслоў і наложніцу.
Калі яны былі паблізу Евуса, дзень ужо моцна схіліўся. І сказаў слуга гаспадару свайму: зойдзем у гэты горад Евусэяў, і заначуем у ім.
І ўжо былі яны каля Евуса, і дзень ператвараўся ў ноч; і кажа паслугач гаспадару свайму: «Хадзем, прашу, звернем у горад евусеяў і затрымаемся там».
Гаспадар яго сказаў яму: не, ня пойдзем у горад іншапляменцаў, якія ня з сыноў Ізраілевых, а дойдзем ла Гівы.
Яму адказаў гаспадар: «Не, не пойдзем у горад чужога народа, бо ён не з сыноў Ізраэля, але пройдзем да Габы».
І сказаў слузе свайму: дойдзем да аднаго з гэтых месцаў, і заначуем у Гіве, або ў Раме.
І сказаў слузе свайму: «Хадзем, дабяромся да адной з мясцовасцей, і пераначуем у Габе або ў Раме».
І пайшлі, і ішлі, і закацілася сонца каля Гівы Веньямінавай.
І мінулі яны Евус, і працягвалі пачатую дарогу; і зайшло ім сонца каля Габы, што належыць пакаленню Бэньяміна.
І завярнулі яны туды, каб пайсьці начаваць у Гіве. І прыйшоў ён і сеў на вуліцы ў горадзе; але ніхто не запрашаў іх у дом на начлег.
І завярнулі яны туды, каб там пераначаваць; калі туды ўвайшлі, сядзелі яны на плошчы горада і ніхто не хацеў узяць іх на пастой.
І вось, ідзе адзін стары з працы сваёй з поля ўвечары; ён родам быў з гары Яфрэмавай, і жыў у Гіве. А жыхары горада гэтага былі сыны Веньямінавыя.
І вось, з’явіўся стары чалавек, што вяртаўся вечарам са сваёй працы ў полі; ён і сам быў з гары Эфраім і як чужынец жыў у Габе; а ў той мясцовасці людзі былі з пакалення Бэньяміна.
Ён падняў вочы свае, убачыў прахожага на вуліцы гарадской. І сказаў стары: куды ідзеш? і адкуль ты прыйшоў?
І, падняўшы вочы, убачыў стары падарожнага чалавека, што сядзеў на гарадской плошчы, і спытаўся ў яго: «Адкуль ты прыйшоў і куды ідзеш?»
Той сказаў яму: мы ідзём зь Віфляема Юдэйскага да гары Яфрэмавай, адкуль я. Я хадзіў у Віфляем Юдэйскі, а цяпер іду да дома Госпада; і ніхто не запрашае мяне ў дом.
Той адказаў яму: «Адправіліся мы з Бэтлехэма Юдэйскага і вяртаемся ў сваю мясцовасць, што на ўзбоччы гары Эфраім, адкуль пайшоў я ў Бэтлехэм. А цяпер іду я да дому свайго, і ніхто не хоча прыняць мяне пад дах свой,
У нас ёсьць і салома і корм аслам нашым: таксама хлеб і віно мне, рабыні тваёй і слузе гэтаму ёсьць у рабоў тваіх; ні ў чым няма нястачы.
а я маю салому і корм для аслоў нашых, а хлеб і віно для сваіх спадарожнікаў: для ўжывання паслугачкі тваёй і гэтага маладога чалавека, які ідзе разам з паслугачом тваім; нічога не патрабуем, акрамя пастою».
Стары сказаў яму: будзь спакойны; уся нястача твая на мне; толькі не начуй на дварэ.
Стары яму адказаў: «Будзь у супакоі! Я дам табе ўсё, што патрэбна; толькі, калі ласка, не начуй на плошчы».
І ўвёў яго ў свой дом і задаў корму аслам ягоным, а самыя яны абмылі ногі свае, і елі і пілі.
І завёў яго ў дом свой, і даў мяшанку аслам, і, пасля таго як памыў ногі свае, прыняў іх на пачастунак.
Калі яны разьвесялілі сэрцы свае, вось, жыхары горада, людзі распусныя, атачылі дом, стукаліся ў дзьверы і казалі старому, гаспадару дома: выведзі чалавека, які ўвайшоў у дом твой, мы спазнаем яго.
Калі яны балявалі з вясёлым сэрцам, прыбылі мужчыны горада таго, сыны Бэліяла, і, абкружыўшы дом старога, пачалі грукаць у дзверы, крычучы і кажучы гаспадару дома: «Выведзі мужчыну, які ўвайшоў у дом твой, каб мы скарысталі яго».
Гаспадар дома выйшаў да іх і сказаў ім: не, братове мае, не рабеце ліха, калі гэты чалавек увайшоў у дом мой, не рабеце гэтага вар’яцтва.
І выйшаў да іх стары і казаў: «Не, браты, не рабіце гэтага ліха, бо прыйшоў да мяне чалавек у госці, і не рабіце гэтае дурасці.
Вось у мяне дачка дзяўчына, і ў яго наложніца, выведу я іх, упакорце іх, і рабеце зь імі, што вам заўгодна; а з чалавекам гэтым не рабеце ніякага вар’яцтва.
Маю дачку дзяўчыну, а гэты чалавек мае наложніцу: выведу іх да вас, каб зняважылі іх і зрабілі з імі, што вам падабаецца; толькі, прашу, чалавеку гэтаму не рабіце знявагі».
Але яны не хацелі слухаць яго. Тады мужчына ўзяў сваю наложніцу, і вывеў да іх на вуліцу. Яны спазналі яе, і глуміліся зь яе ўсю ноч да раніцы. І адпусьцілі яе, як толькі занялася зара.
Яны не хацелі слухаць словы яго; бачачы гэта, узяў той чалавек і вывеў да іх сваю наложніцу: і яны скарысталі яе і гвалтавалі яе ўсю ноч, а раніцай адпусцілі яе.
І прыйшла жанчына з зарою, і ўпала каля дзьвярэй дома таго чалавека, у якога быў гаспадар яе, і ляжала да сьвятла.
І жанчына, калі адступіла цемра, дайшла да брамы дома, дзе заставаўся гаспадар яе, і там упала.
Гаспадар яе ўстаў раніцай, адчыніў дзьверы дома, і выйшаў, каб ісьці ў дарогу сваю: аж вось, ляжыць наложніца ягоная каля дзьвярэй дома, і рукі яе на парозе.
Раніцай устаў чалавек і адчыніў браму, каб прадоўжыць пачатую дарогу; і вось, наложніца яго ляжыць перад брамаю, раскінуўшы рукі на парозе.
Ён сказаў ёй: уставай, пойдзем. Але адказу ня было, бо яна памерла. Ён паклаў яе на асла, устаў і пайшоў у сваё месца.
Ён ёй сказаў: «Уставай, пойдзем». Калі яна нічога не адказала, ён, зразумеўшы, што яна нежывая, узяў яе і паклаў на асла; і вярнуўся ў дом свой.
Прыйшоўшы ў дом свой, узяў нож, і, узяўшы наложніцу сваю, разрэзаў яе па чэлесах на дванаццаць частак, і паслаў ва ўсе межы Ізраілевыя.
Калі ўвайшоў у дом, схапіў ён меч і, пасекшы цела жонкі разам з косткамі на дванаццаць частак, кускі разаслаў па ўсіх межах Ізраэля.
Кожны, хто бачыў гэта, казаў: ня бывала і ня бачана было такога зь дня выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай да сёньня; уважце гэтаму, парайцеся і скажэце.
Кожны, бачачы гэта, крычаў: «Ніколі такога не было і не бачана нічога падобнага ў Ізраэлі ад таго дня, у які бацькі нашы выйшлі з Егіпта, па цяперашні час!» Бо загадаў ён мужчынам, якіх паслаў, кажучы: «Вось што скажыце кожнаму ізраэльцу: “Ці зроблена было што-небудзь падобнае з дня, калі выйшлі сыны Ізраэля з зямлі Егіпта аж па цяперашні час?” Звярніце ўвагу на гэта, парайцеся і скажыце, што рабіць».