Судзьдзяў 13 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Сыны Ізраілевыя і далей рабілі ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Філістымлянам на сорак гадоў.
І сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада, Які аддаў іх на сорак гадоў у рукі філістынцаў.
Тым часам быў чалавек з Цоры, ад племя Данавага, імем Маной; жонка ў яго была няплодная і не радзіла.
У Цоры быў нейкі чалавек з пакалення Дана на імя Маноах, які меў бясплодную жонку.
І зьявіўся анёл Гасподні жонцы і сказаў ёй: вось, ты няплодная і ня родзіш; але зачнеш і народзіш сына;
З’явіўся Анёл Госпадаў той жанчыне і сказаў ёй: «Вось, ты бясплодная і бяздзетная, але пачнеш і народзіш сына.
але глядзі, ня пі віна і сікеру і ня еж нічога нячыстага;
Дык сцеражыся, каб не піць ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага не есці,
бо вось, ты зачнеш і народзіш сына, і брытва не кранецца галавы ягонай, бо ад самага чэрава дзіця гэтае будзе назарэем Божым, і ён пачне ратаваць Ізраіля ад рукі Філістымлянаў.
бо пачнеш і народзіш сына, галавы якога не дакранецца лязо: ён будзе назірам Божым ад улоння маці і ён пачне выратоўваць Ізраэль з рук філістынцаў».
Жонка прыйшла і сказала мужу свайму: чалавек Божы прыходзіў да мяне, у якога выгляд, як у анёла Божага, вельмі пачцівы; я ня спыталася ў яго, адкуль ён, і ён не сказаў мне імя свайго;
Калі яна прыйшла да мужа, яна сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, меў аблічча ён Анёла Госпадавага, што наводзіць вялікі жах. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне свайго імя.
ён сказаў мне: «вось, ты зачнеш і народзіш сына; дык ня пі віна і сікеру і ня еж нічога нячыстага, бо дзіця ад самага чэрава да сьмерці сваёй будзе назарэй Божы».
І ён сказаў мне: “Неўзабаве пачнеш і народзіш сына. Сцеражыся, каб не піць віна і сікеры, і нічога нячыстага не есці, бо хлопец будзе назірам Божым ад улоння маці аж да дня смерці сваёй”».
Маной памаліўся Госпаду і сказаў: Госпадзе! няхай прыйдзе зноў да нас чалавек Божы, якога пасылаў Ты, і навучыць нас, што нам рабіць зь дзіцём, якое мае нарадзіцца.
Дык маліўся Маноах Госпаду і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, хай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца».
І пачуў Бог голас Маноя, і анёл Божы зноў прыйшоў да жонкі, калі яна была ў полі, і Маноя, мужа яе, ня было зь ёю.
І выслухаў Госпад просьбу Маноаха, і з’явіўся зноў Анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі. А мужа яе, Маноаха, не было разам з ёю.
Жонка адразу пабегла і паведаміла мужу свайму і сказала яму: вось, зьявіўся мне чалавек, які прыходзіў тады.
Дык яна паспяшалася, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму, кажучы: «Вось, з’явіўся мне чалавек, які ў той дзень прыйшоў да мяне».
Маной устаў і пайшоў з жонкаю сваёю, і прыйшоў да таго чалавека і сказаў яму: ці той ты чалавек, які гаварыў з гэтаю жанчынаю? Анёл сказаў: я.
Ён устаў, і пайшоў за жонкай сваёй, і, падышоўшы да чалавека таго, сказаў яму: «Ці ты той, хто размаўляў з жонкай маёй?» А ён адказаў: «Я».
І сказаў Маной: дык вось, калі спраўдзіцца слова тваё, як нам абыходзіцца зь дзіцём гэтым і што рабіць зь ім?
Кажа яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам і што маем рабіць?»
Анёл Гасподні сказаў Маною: хай ён асьцерагаецца ўсяго, пра што я сказаў жонцы;
І сказаў Маноаху Анёл Госпадаў: «Хай усяго таго, аб чым я сказаў жонцы тваёй, яна сцеражэцца;
хай ня есьць нічога, што родзіць вінаградная лаза; хай ня п’е віна і сікеру і ня есьць нічога нячыстага і пільнуецца ўсяго, што я загадаў ёй.
хай не есць нічога, што з вінаграду паходзіць, хай не п’е ані віна, ані сікеры, хай нічога не есць нячыстага, і хай тое, што я загадаў, выконвае».
І сказаў Маной анёлу Гасподняму: дазволь цябе затрымаць, пакуль мы не прыгатуем табе казьляня.
І сказаў Маноах Анёлу Госпадаву: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем для цябе казляня з казінага статка».
Анёл Гасподні сказаў Маною: хоць бы ты і ўтрымаў мяне, але я ня буду есьці хлеба твайго; а калі хочаш учыніць цэласпаленьне Госпаду, дык учыні яго. А Маной жа ня ведаў, што гэта анёл Гасподні.
Анёл Госпадаў адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я не буду есці хлеба твайго; а калі хочаш прыгатаваць цэласпаленне, ахвяруй яго Госпаду». І Маноах не ведаў, што гэта Анёл Госпадаў.
І сказаў Маной анёлу Гасподняму: якое тваё імя? каб мы цябе ўславілі, калі спраўдзіцца слова тваё.
І сказаў ён яму: «Якое імя тваё, каб, калі слова тваё споўніцца, мы ўшанавалі цябе?»
Анёл Гасподні сказаў яму: што ты пытаеш пра імя маё? яно цудоўнае.
Анёл адказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё? Яно таемнае».
І ўзяў Маной казьляня і хлебнае прынашэньне і ўчыніў Госпаду на камені. І зрабіў Ён цуд, які бачылі Маной і жонка ягоная.
Дык прынёс Маноах казляня з казінага статка і ахвяру з ежы і паклаў на скале, ахвяруючы Госпаду, Які творыць цуды; і глядзелі на гэта Маноах і жонка яго.
Калі полымя пачало падымацца ад ахвярніка да неба, анёл Гасподні падняўся ў полымі ахвярніка. Убачыўшы гэта, Маной і жонка ўпалі тварам на зямлю.
І калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама Анёл Госпадаў падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка яго, упалі з паклонам на зямлю;
І нябачны зрабіўся анёл Гасподні Маною і жонцы ягонай. Тады Маной даведаўся, што гэта анёл Гасподні.
і ўжо болей не з’яўляўся ім Анёл Госпадаў. Тады зразумеў Маноах, што гэта Анёл Госпадаў,
І сказаў Маной жонцы сваёй: мабыць, мы памрэм, бо бачылі мы Бога.
і сказаў жонцы сваёй: «Смерцю мы памром, бо мы бачылі Бога».
Жонка яго сказала яму: калі б Гасподзь хацеў сьмерці нашай, дык ня прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня, і не паказаў бы нам усяго таго, і цяпер не адкрыў бы нам гэтага.
Адказала яму жонка: «Калі б Госпад хацеў нас забіць, то не прыняў бы з рук нашых цэласпалення і ахвяры з ежы, і не даў бы бачыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам такіх слоў».
І нарадзіла жонка сына і дала яму імя: Самсон. І расло дзіця, і дабраслаўляў яго Гасподзь.
Пасля нарадзіла яна сына і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго Госпад.
І пачаў Дух Гасподні дзейнічаць у ім у табары Данавым, паміж Цораю і Эстаолам.
І Дух Госпадаў пачаў сыходзіць на яго ў лагеры Дана між Цораю і Эстаолам.