Судзьдзяў 11 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Ефтай Галаадыцянін быў чалавек адважны; ён быў сын распусьніцы; ад Галаада нарадзіўся Ефтай.
А Яфтах Галаадзец быў вельмі мужным ваяром, быў ён сын распусніцы, бацькам яго быў Галаад.
І жонка Галаадава нарадзіла яму сыноў. Калі ўзмужнелі жончыныя сыны, яны выгналі Ефтая, сказаўшы яму: ты ня спадчыньнік у доме бацькі нашага, бо ты сын іншай жанчыны.
А Галаад меў жонку, ад якой меў сыноў, якія, як падраслі, выгналі Яфтаха, кажучы: «Не можаш быць спадкаемцам у доме бацькі нашага, бо нарадзіўся ад другой жанчыны».
І ўцёк Ефтай ад братоў сваіх і жыў у зямлі Тоў; і сабраліся да Ефтая людзі, якім ня было чаго траціць, і выходзілі зь ім.
І ён, уцякаючы ад іх і пазбягаючы іх, абжыўся ў зямлі Тоб; і сабраліся пры ім людзі бадзяжныя, і выходзілі з ім.
Празь некаторы час Аманіцяне пайшлі вайною на Ізраіля.
У тыя дні сыны Амона ваявалі супраць Ізраэля.
У час вайны Аманіцянаў зь Ізраільцянамі прыйшлі старэйшыны Галаадскія ўзяць Ефтая зь зямлі Тоў
Калі яны рашуча наступалі, прыйшлі старэйшыны галаадскія, каб узяць у дапамогу сабе Яфтаха з зямлі Тоб.
і сказалі Ефтаю: прыйдзі, будзь нам за правадыра, і будзем біцца з Аманіцянамі.
І сказалі яму: «Хадзі і будзь нашым кіраўніком, і будзем ваяваць супраць сыноў Амона».
Ефтай сказаў старэйшынам Галаадскім: ці ж ня вы зьненавідзелі мяне і выгналі з дому бацькі майго? навошта ж прыйшлі да мяне цяпер, калі вы ў бядзе?
Ён ім адказаў: «Ці ж вы не зненавідзелі мяне і не выкінулі мяне з дому бацькі майго? А цяпер прыйшлі да мяне, калі бяда вас прыціснула».
Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: таму мы цяпер прыйшлі да цябе, каб ты пайшоў з намі і біўся з Аманіцянамі і быў у нас за правадыра ўсім жыхарам Галаадскім.
І сказалі Яфтаху князі Галаада: «Вось з гэтае прычыны і прыйшлі мы зараз да цябе, каб ты пайшоў з намі, і ваяваў супраць сыноў Амона, і быў кіраўніком усіх, што жывуць у Галаадзе».
І сказаў Ефтай старэйшынам Галаадскім: калі вы вернеце мяне, каб біцца з Аманіцянамі, і Гасподзь аддасьць мне іх, — дык ці застануся я ў вас за правадыра?
Яфтах ізноў сказаў ім: «Калі вы клічаце мяне, каб я ваяваў за вас супраць сыноў Амона, і калі аддасць іх Госпад у рукі мае, я буду вашым кіраўніком».
Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: Гасподзь хай будзе за сьведку паміж намі, што мы зробім паводле слова твайго!
Яны адказалі яму: «Сам Госпад, Які чуе гэта, будзе пасрэднікам і сведкам, што споўнім слова тваё».
І пайшоў Ефтай з старэйшынамі Галаадскімі і народ паставіў яго над сабою начальнікам і правадыром, і Ефтай вымавіў усе словы свае перад абліччам Госпада ў Масіфе.
І пайшоў Яфтах з князямі Галаада, і ўвесь народ зрабіў яго сваім кіраўніком. І ўсе гэтыя словы свае сказаў Яфтах перад Госпадам у Міцпе.
І паслаў Ефтай да цара Аманіцкага сказаць: што табе да мяне, што ты прыйшоў да мяне ваяваць на зямлі маёй?
І паслаў Яфтах пасланцоў да цара сыноў Амона, каб яны сказалі ім ад яго імя: «Што ёсць у мяне і ў цябе, што ты прыйшоў ваяваць супраць мяне, каб захапіць маю зямлю?»
Цар Аманіцкі сказаў паслам Ефтаевым: Ізраіль, калі ішоў зь Егіпта; узяў зямлю маю ад Арнона да Явока і Ярдана; дык вось, аддай мне яе зь мірам.
Ён ім адказаў: «Бо Ізраэль забраў зямлю маю, калі выйшаў з Егіпта, ад межаў Арнона да Ябока і Ярдана; такім чынам, вярні мне яе цяпер з мірам».
Ефтай другі раз паслаў паслоў да цара Аманіцкага —
І паўторна выправіў Яфтах пасланцоў, і загадаў ім, каб сказалі яны цару Амона:
сказаць яму: так кажа Ефтай: Ізраіль ня ўзяў зямлі Маавіцкай і зямлі Аманіцкай;
«Гэта кажа Яфтах: “Не забраў Ізраэль зямлі Мааба, ані зямлі сыноў Амона.
бо, калі ішлі зь Егіпта, Ізраіль пайшоў у пустыню да Чэрмнага мора і прыйшоў у Кадэс;
Але калі яны выходзілі з Егіпта, вандраваў Ізраэль праз пустыню аж да Чырвонага мора і прыбыў у Кадэс;
адтуль паслаў Ізраіль паслоў да цара Эдомскага сказаць: «дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю»; але цар Эдомскі не паслухаў; і да цара Маавіцкага ён пасылаў, але і той не згадзіўся; таму Ізраіль заставаўся ў Кадэсе.
і паслалі пасланцоў да цара Эдома, кажучы: “Дазволь, каб прайшоў я праз тваю зямлю”. Не пажадаў ён згадзіцца на яго просьбы. Паслаў таксама і да цара Мааба, але і ён не захацеў дазволіць пераход. Дык заставаўся Ізраэль у Кадэсе.
І пайшоў пустыняю, і абышоў зямлю Эдомскую і зямлю Маавіцкую, прыйшоўшы да ўсходняй мяжы зямлі Маавіцкай, атабарыўся за Арнонам; але не ўваходзіў у межы Маавіцкія, бо Арнон ёсьць мяжа Маава.
І, абыходзячы праз пустыню, абышоў збоку зямлю Эдома і зямлю Мааба, і прыйшоў на ўсходні бок зямлі Мааба, і стаў лагерам за Арнонам, і не пажадаў увайсці ў зямлю Мааба; бо Арнон ёсць мяжой Мааба.
І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, цара Есэвонскага, і сказаў яму Ізраіль: дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю ў нашае месца.
Такім чынам, паслаў Ізраэль пасланцоў да Сэгона, цара амарэяў, цара Хесебона, і сказаў яму: “Дазволь, каб перайшоў я праз зямлю тваю аж да месца майго”.
Але Сігон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля празь межы свае, і сабраў Сігон увесь народ свой, і разьмясьціўся табарам у Яацы, і біўся зь Ізраілем.
Але і ён не згадзіўся прапусціць яго праз межы свае, але, сабраўшы ўвесь народ свой, выступіў супраць Ізраэля ў Ясе і мужна ваяваў з ім.
І аддаў Гасподзь Бог Ізраілеў Сігона і ўвесь народ ягоны ў рукі Ізраілю, і ён пабіў іх; і атрымаў Ізраіль у спадчыну ўсю зямлю Амарэя, які жыў у зямлі той;
І аддаў яго Госпад у рукі Ізраэля з усім яго войскам, ён пабіў яго і завалодаў усёй зямлёй амарэяў, жыхароў гэтай краіны,
і атрымалі яны ў спадчыну ўсе межы Амарэя ад Арнона да Явока і ад пустыні да Ярдана.
усімі яго межамі ад Арнона да Ябока і ад пустыні аж да Ярдана.
Дык вось, Гасподзь Бог Ізраілеў прагнаў Амарэя ад аблічча народу Свайго Ізраіля, а ты хочаш забраць яго спадчыну?
Дык Госпад, Бог Ізраэля, скінуў амарэяў перад народам Сваім, Ізраэлем; а ты цяпер хочаш мець зямлю яго?
Ці не валодаеш ты тым, што даў табе Хамос, бог твой? І мы валодаем усім тым, што даў нам у спадчыну Гасподзь, Бог наш.
Ці не ўсё тое, што дае табе бог твой Хамос ва ўласнасць, павінна табе належаць па праву? А што Госпад, Бог наш, пераможца, даў нам, мы маем ва ўласнасці.
Хіба ты лепшы за Валака, сына Сэпфоравага, цара Маавіцкага? ці сварыўся ён зь Ізраілем, альбо ці ваяваў зь імі?
Ці ты лепшы за Балака, сына Сэфора, цара Мааба? Ці ж сварыўся ён з Ізраэлем і ці ваяваў супраць яго?
Ізраіль жыве ўжо трыста гадоў у Эсэвоне і ў залежных ад яго гарадах, у Араіры і ў залежных ад яго гарадах, і ва ўсіх гарадах, якія паблізу Арнона; але чаму вы ў той час не адабралі іх?
Ізраэль жыў у Хесебоне і ў сёлах яго, і ў Араэры і ў вёсках яго, і ва ўсіх гарадах каля Арнона ўжо трыста гадоў, чаму за такі час вы не выгналі іх?
А я не вінаваты перад табою, і ты робіш мне благое, выступіўшы супроць мяне вайною. Гасподзь Судзьдзя хай будзе сёньня судзьдзёю паміж сынамі Ізраіля і Аманіцянамі!
Такім чынам, не я грашу адносна цябе, але ты супраць мяне дзейнічаеш нядобра, абвяшчаючы мне несправядлівыя войны. Хай Госпад рассудзіць сёння справу між сынамі Ізраэля і сынамі Амона!”»
Але цар Аманіцкі не паслухаў слоў Ефтая, зь якімі ён пасылаў да яго.
Але цар сыноў Амона не пажадаў згадзіцца на словы Яфтаха, якія ён пераказаў праз пасланцоў.
І быў на Ефтаі Дух Гасподні, і прайшоў ён Галаад і Манасію, і з Масіфы Галаадскай пайшоў да Аманіцянаў.
І Дух Госпадаў быў на Яфтаху, і ён, праходзячы Галаад і Манасу, прыбыў у Міцпу ў Галаадзе, а адтуль — да сыноў Амона.
І даў Ефтай абяцаньне Госпаду і сказаў: калі ты аддасі Аманіцян у рукі мае,
Ён жа даў абяцанне Госпаду, кажучы: «Калі Ты аддасі сыноў Амона ў мае рукі,
дык, як вярнуся зь мірам ад Аманіцянаў, што выйдзе з варотаў дома насустрач мне, будзе Госпаду, і прынясу гэта на цэласпаленьне.
то хто б ні выйшаў першым з брамы дома майго і хто б ні выбег насустрач мне, калі вярнуся я з мірам ад сыноў Амона, таго аддам я на цэласпаленне Госпаду».
І прыйшоў Ефтай да Аманіцянаў ваяваць зь імі, і аддаў іх Гасподзь у рукі ягоныя;
І пайшоў ён супраць сыноў Амона, каб ваяваць з імі, і аддаў Госпад іх у рукі яго.
і пабіў іх боем вельмі вялікім, ад Араэра да Мініта дваццаць гарадоў, і да Авэль-Кераміма, і ўпакорыліся Амарэі перад сынамі Ізраілевымі.
І разбіў Яфтах іх ад Араэра аж да мясцовасці Мэніт, а гэта дваццаць гарадоў, і далей аж да Абэл-Хорміма, разгром іх быў страшны, і ўпакораныя былі сыны Амона сынамі Ізраэля.
І прыйшоў Ефтай у Масіфу ў дом свой, і вось, дачка ягоная выходзіць насустрач яму з тымпанамі і танцамі: яна была ў яго толькі адна, і ня было ў яго яшчэ ні сына, ні дачкі.
Калі вярнуўся Яфтах у Міцпу, у дом свой, выбегла насустрач яму дачка яго адзіная з тымпанамі і скокамі: бо ён не меў апроч яе дзяцей.
Калі ён убачыў яе, разадраў вопратку на сабе і сказаў: ах, дачка мая! ты забіла мяне; і ты сярод парушальнікаў спакою майго! я адкрыў вусны мае перад Госпадам і не магу адмовіцца.
І, убачыўшы яе, раздзёр ён адзенне сваё і сказаў: «Ах, дачка мая, ламаючы, ты зламала мяне! І ты ў ліку тых, якія турбуюць мяне! Адчыніў я вусны мае Госпаду і не змагу вырачыся гэтага».
Яна сказала яму: бацька мой! ты адкрыў вусны твае перад Госпадам — і рабі са мною тое, што сказалі вусны твае, калі Гасподзь учыніў празь цябе помсту ворагам тваім Аманіцянам.
Яна яму адказала: «Айцец мой, калі ты адкрыў вусны свае перад Госпадам, зрабі са мною ўсё, што ты паабяцаў, дзеля помсты, дазволенай табе Госпадам, і дзеля перамогі над ворагамі тваімі, сынамі Амона».
І сказала бацьку свайму: зрабі мне толькі вось што: адпусьці мяне на два месяцы; я пайду, узыду на горы і аплачу дзявоцтва маё зь сяброўкамі маімі.
І далей гаварыла яна бацьку: «Толькі адно, што прашу: дазволь мне, каб на працягу двух месяцаў я са сваімі сяброўкамі абышла горы кругом і аплакала дзявоцтва сваё».
Ён сказаў: ідзі. І адпусьціў яе на два месяцы. Яна пайшла зь сяброўкамі і аплаквала дзявоцтва сваё ў горах.
Ён ёй адказаў: «Ідзі!» І адпусціў яе на два месяцы. І калі пайшла яна з сяброўкамі сваімі, яна аплаквала дзявоцтва сваё ў гарах.
Як прайшло два месяцы, яна вярнулася да бацькі свайго, і ён выканаў над ёю абяцаньне сваё, якое даў, і яна ня зьведала мужа. І ўвайшло ў звычай Ізраіля,
І па двух месяцах вярнулася да бацькі свайго; і ўчыніў ён з ёй, як абяцаў, і яна не пазнала мужа. Адсюль узяўся звычай у Ізраэля, і звычай захаваўся,
што кожны год дочкі Ізраіля хадзілі аплакваць дачку Ефтая Галаадыцяніна, чатыры дні ў год.
што кожны год сыходзіліся на чатыры дні дочкі Ізраэля, і аплаквалі дачку Яфтаха з Галаада.