Судзьдзяў 16 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Прыйшоў аднаго разу Самсон у Газу, і, убачыўшы там блудадзейку, увайшоў да яе.
 
Пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусніцу, і ўвайшоў да яе.

Жыхары Газы сказалі: Самсон прыйшоў сюды. І хадзілі яны вакол, і падпільноўвалі яго ўсю ноч каля гарадское брамы, і хаваліся ўсю ноч, кажучы: да сьвятла ранішняга пачакаем, і заб’ем яго.
 
Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны абкружылі яго і зрабілі засаду на Самсона ў браме горада; і ўсю ноч яны сядзелі ціха, чакаючы, каб, калі настане раніца, забіць яго на выхадзе.

А Самсон спаў да поўначы; а апоўначы, устаўшы, схапіў дзьверы гарадское брамы з абодвума вушакамі, падняў іх разам з завалай, паклаў на плечы свае, і занёс іх на вяршыню гары, што па дарозе ў Хэўрон.
 
А Самсон спаў аж да паўночы, а затым, устаўшы, схапіў абедзве паловы брамы разам з яе вушакамі, і вырваў іх з засаўкай, і, паклаўшы сабе на плечы, занёс на вяршыню гары, што насупраць Геброна.

Пасьля таго пакахаў ён адну жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк; звалі яе Даліла.
 
Потым Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк і звалася Даліла.

Да яе прыйшлі ўладцы Філістымскія, і кажуць ёй: угавары яго, і выведай, у чым вялікая сіла ягоная, і як нам адолець яго, каб зьвязаць яго і ўпакорыць яго; а мы дамо табе за тое кожны сто сікляў срэбра.
 
І прыйшлі да яе кіраўнікі філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся ў яго, адкуль бярэцца яго сіла і як маглі б мы яго адолець і яго, адоленага, пакарыць; калі гэта зробіш, дамо табе па тысячы сто срэбранікаў кожны».

І сказала Даліла Самсону: скажы мне, у чым вялікая сіла твая, і чым зьвязаць цябе, каб цябе ўпакорыць.
 
Дык казала Даліла Самсону: «Скажы мне, прашу, адкуль у цябе бярэцца такая вялікая сіла і чым можна звязаць цябе, каб пакарыць цябе?»

Самсон сказаў ёй: калі зьвяжуць мяне сямю сырымі цяцівамі, якія ня высушаны, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як і астатнія людзі.
 
Самсон адказаў ёй: «Калі звязаць мяне сямю сырымі вяроўкамі, сплеценымі з сухажылляў, яшчэ не сухімі і ўжо не сырымі, то я зраблюся бяссільным і стану, як іншыя людзі».

І прынесьлі ёй уладцы Філістымскія сем сырых цяціваў, якія ня высахлі, і яна зьвязала яго імі.
 
І прынеслі ёй валадары філістынцаў сем вяровак, як ён казаў, і яна звязала імі яго

(Тым часам адзін патайна сядзеў у яе спальні.) І сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. Ён парваў цяцівы, як ірвуць нітку з кудзелі, калі перапаліць яе агонь. І ня выведана сіла ягоная.
 
ў той час, калі яны схаваліся ў яе пакоі. І яна яму крыкнула: «Самсон, філістынцы над табою!» Ён паразрываў вяроўкі так, як калі б хтосьці разарваў нітку, звітую з пакулля, калі яна занялася вогненным дымам; так і не даведаліся, у чым яго сіла.

І сказала Даліла Самсону: вось, ты ашукаў мяне і казаў мне няпраўду; скажы ж цяпер мне, чым цябе зьвязаць?
 
Па нейкім часе сказала Даліла Самсону: «Вось, падмануў ты мяне і схлусіў мне; прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць звязаны».

Ён сказаў ёй, калі зьвяжуць мяне новымі вяроўкамі, якія ня былі ва ўжытку, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як усе іншыя людзі.
 
Ён адказаў ёй: «Калі буду звязаны дзевяццю вяроўкамі, якія ніколі не былі ва ўжытку, буду кволы і падобны да іншых людзей».

Даліла ўзяла новыя вяроўкі, і зьвязала яго, і сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. І сарваў ён іх з рук сваіх, як ніткі.
 
Даліла зноў звязала яго вяроўкамі і крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» — бо ў другім пакоі была прыгатавана засада. Ён разарваў вяроўкі на сваіх руках так, як ніткі з тканіны.

І сказала Даліла Самсону: усё ты падманваеш мяне і кажаш мне няпраўду; скажы мне, чым бы цябе зьвязаць. Ён сказаў ёй: калі ты ўватчэш сем кос з галавы маёй у тканіну і прыб’еш яе цьвіком да ткацкага варацідла.
 
І зноў сказала Даліла Самсону: «Дакуль жа будзеш ты падманваць мяне і хлусіць мне? Скажы, чым цябе трэба звязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем кос галавы маёй у тканіну і замацуеш іх калком, то я зраблюся слабым і стану, як іншыя людзі».

І прымацавала іх да варацідла і сказала яму: Філістымляне ідуць на цябе, Самсоне! Ён прачнуўся са сну свайго і вырваў ткацкае варацідла разам з тканінай.
 
Калі яна яго ўсыпіла, і ўпляла сем кос галавы яго ў тканіну, і замацавала калком, яна крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, вырваў калок з утком і тканінаю.

І сказала яму Даліла: як жа ты кажаш: «кахаю цябе», а сэрца тваё не са мною? вось, ты тройчы ашукаў мяне, і не сказаў мне, у чым вялікая сіла твая.
 
І сказала яму Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што любіш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не захацеў сказаць, у чым сіла твая найвялікшая».

І як што яна словамі сваімі прыставала да яго кожны дзень і мучыла яго, дык душы ягонай да сьмерці стала цяжка;
 
І паколькі яна яму дакучала і штодзень мучыла безупынна яго, то душа яго самлела і аж да смерці знемагла.

і ён адкрыў ёй усё сэрца сваё, і сказаў ёй: брытва не краналася галавы маёй; бо я назарэй Божы ад чэрава маці маёй. Калі ж астрыгчы мяне, дык адступіць ад мяне сіла мая; я зраблюся слабы, і буду, як усе іншыя людзі.
 
Тады адкрыў ён ёй усё сэрца сваё і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я ад улоння маці сваёй — назір Божы; калі б абгалілі галаву маю, адышла б ад мяне сіла мая, і зрабіўся б я слабым, і стаў бы, як іншыя людзі».

Даліла, бачачы, што ён адкрыў ёй усё сэрца сваё, паслала паклікаць уладцаў Філістымскіх, сказаўшы ім: цяпер ідзеце; ён адкрыў мне сэрца сваё. І прыйшлі да яе ўладцы Філістымскія, і прынесьлі срэбра ў руках сваіх.
 
Яна, зразумеўшы, што ён адкрыў ёй усю сваю душу, паслала да валадароў філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сваё сэрца». Яны прыйшлі, узяўшы грошы, якія ёй паабяцалі.

І ўсыпіла яго Даліла на каленях сваіх; і паклікала чалавека, і загадала яму абстрыгчы сем кос з галавы ягонай. І пачаў ён слабнуць, і адступіла ад яго сіла ягоная.
 
А яна ўсыпіла яго на сваіх каленях, і паклікала цырульніка, і загадала яму абгаліць сем кос яго, і ён пачаў упакорвацца, бо адступіла ад яго сіла адразу ж.

Яна сказала: Філістымляне ідуць на цябе, Самсоне! Ён прачнуўся са сну свайго, і сказаў: пайду, як і раней, і вызвалюся. А ня ведаў, што Гасподзь адступіў ад яго.
 
І сказала яна: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, падумаў у душы сваёй: «Пайду, як рабіў раней, і вызвалюся», не ведаючы, што Госпад адышоў ад яго.

Філістымляне ўзялі яго, і выкалалі яму вочы, прывялі яго ў Газу, і закавалі яго двума меднымі ланцугамі, і ён малоў у доме вязьняў.
 
Калі схапілі яго філістынцы, зараз жа выкалалі яны яму вочы і завялі ў Газу, дзе прымусілі яны яго, закутага ў два ланцугі медныя і замкнёнага ў вязніцы, малоць зерне.

Тым часам валасы на галаве ў яго пачалі падрастаць, дзе яны былі выстрыжаны.
 
Тым часам раней паголеныя валасы сталі ў яго адрастаць.

Уладцы Філістымскія сабраліся, каб прынесьці вялікую ахвяру Дагону, богу свайму, і павесяліцца, і сказалі: бог наш аддаў Самсона, ворага нашага, у рукі нашыя.
 
А валадары філістынцаў сабраліся ўсе, каб ускласці багатыя ахвяры богу свайму Дагону і павесяліцца, кажучы: «Бог наш аддаў у рукі нашы ворага нашага, Самсона».

Народ таксама, бачачы яго, славіў бога свайго, кажучы: бог наш аддаў у рукі нашыя ворага нашага і спусташальніка зямлі нашай, які пабіў многіх з нас.
 
І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і тое ж самае казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашы ворага нашага, які нішчыў зямлю нашу і вельмі многіх з нас забіў».

І калі разьвесялілася сэрца іхняе, сказалі: паклічце Самсона, хай ён пацешыць нас. І паклікалі Самсона з дома вязьняў, і ён забаўляў іх, і паставілі яго паміж слупамі.
 
І калі яны зрабіліся ўжо даволі вясёлымі, патрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх пазабавіў. Ён, прыведзены з вязніцы, забаўляў іх; і прымусілі яны яго стаць паміж дзвюма калонамі.

І сказаў Самсон хлопчыку, які вадзіў яго за руку: падвядзі мяне, каб я абмацаў слупы, на якіх умацаваны дом, і абаперся на іх.
 
І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусці мяне, каб мог я дакрануцца да калон, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца і трошкі адпачыць».

А дом быў поўны мужчын і жанчын; там былі ўсе ўладцы Філістымскія, і на даху было да трох тысяч мужчын і жанчын, якія глядзелі на Самсона, які забаўляў іх.
 
А дом той быў поўны мужчын і жанчын; і былі там усе князі філістынскія, а на даху каля трох тысяч чалавек абодвух полаў глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх.

І паклікаў Самсон Госпада і сказаў: Госпадзе Божа! спамяні мяне і ўмацуй мяне толькі цяпер, о, Божа! каб я адзін раз адпомсьціў Філістымлянам за вочы мае.
 
Тады Самсон усклікнуў да Госпада, кажучы: «Госпадзе, Божа, прыгадай пра мяне! І вярні мне толькі ў гэты раз даўнейшую сілу маю, Божа, каб мог я адпомсціць філістынцам за абодва вокі мае!»

І ссунуў Самсон зь месца два сярэднія слупы, на якіх уцьверджаны быў дом, упершыся ў іх, у адзін праваю рукою сваёю, а ў другі леваю.
 
І Самсон узяўся пасярэдзіне за абедзве калоны, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адну правай рукой, а на другую левай рукой,

І сказаў Самсон: памры, душа мая, з Філістымлянамі! І ўперся з усяе сілы, і абваліўся дом на ўладцаў і на ўвесь народ, які быў у ім. І было памерлых, якіх забіў Самсон пры сьмерці сваёй, больш, чым калі забіў ён у жыцьці сваім.
 
і сказаў Самсон: «Хай памрэ душа мая разам з філістынцамі!» І страсянуў ён моцна калоны, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі; і тых, каго ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, каго пазабіваў за час усяго жыцця свайго.

І прыйшлі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, і ўзялі яго, і пайшлі і пахавалі яго паміж Цораю і Эстаолам, у магіле Маноя, бацькі ягонага. Ён быў судзьдзя Ізраіля дваццаць гадоў.
 
І прыйшлі браты яго і ўвесь род, і ўзялі цела яго, і пахавалі яго паміж Цорай і Эстаолам, у магіле бацькі яго, Маноаха; а судзіў ён Ізраэль дваццаць гадоў.