Судзьдзяў 19 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
У тыя дні, калі ня было цара ў Ізраіля, жыў адзін лявіт на схіле гары Яфрэмавай. І ўзяў сабе наложніцу зь Віфляема Юдэйскага.
І сталася тых дзён, калі караля ня было ў Ізраеля, і быў чалавек Левіт, што жыў на схоне гары Яхрэмавай. Ён узяў сабе мамошку з Бэтлеему Юдэйскага.
Наложніца ягоная пасварылася зь ім, і пайшла ад яго ў дом бацькі свайго ў Віфляем Юдэйскі, і была там чатыры месяцы.
І бязуліла мамошка ягоная, і пайшла ад яго да дому айца свайго да Бэтлеему Юдэйскага, і была там чатыры месяцы.
Муж яе ўстаў і пайшоў за ёю, каб пагаварыць у сэрца яе і вярнуць яе да сябе. Зь ім быў слуга ягоны і пара аслоў. Яна ўвяла яго ў дом бацькі свайго.
І ўстаў муж ейны, і пайшоў да яе, каб гукаць да сэрца яе і зьвярнуць яе. І дзяцюк ягоны зь ім, і пара аслоў. Яна ўвяла яго да дому айца свайго. І абачыў яго айцец маладзіцы, і ўзрадаваўся, і вышаў наўпярэймы яму,
Бацька гэтай маладой жанчыны, убачыўшы яго, радасна сустрэў яго, і затрымаў яго цесьць ягоны, бацька маладой жанчыны. І прабыў ён у яго тры дні; яны елі і пілі і начавалі там.
І ўзьдзяржаў яго цесьць ягоны, айцец маладзіцы. І прабыў ён у яго тры дні; і яны елі а пілі, і начавалі там.
На чацьвёрты дзень усталі яны рана, і ён устаў, каб ісьці. І сказаў бацька маладой жанчыны зяцю свайму: падмацуй сэрца тваё лустай хлеба, і потым пойдзеце.
І было на чацьверты дзень, што ўсталі яны нараніцы, і ён устаў, каб ісьці. І сказаў айцец маладзіцы зяцю свайму: «Пасілі сэрца свае кавалкам хлеба, і потым пойдзеце».
Яны засталіся, і абодва разам елі і пілі. І сказаў бацька маладой жанчыны чалавеку таму: застанься яшчэ на ноч, і хай павесяліцца сэрца тваё.
Яны селі, елі а пілі абое разам. І сказаў айцец маладзіцы чалавеку таму: «Папрыяй, калі ласка, і пераначуй, і хай павяселіцца сэрца твае».
Чалавек той устаў быў, каб ісьці, але цесьць упрасіў яго, і ён зноў начаваў там.
І ўстаў тый чалавек, каб ісьці; але цесьць ягоны ўпрасіў яго, і ён зьвярнуўся й начаваў там.
На пяты дзень устаў ён раніцай, каб ісьці. І сказаў бацька маладой жанчыны той: падмацуй сэрца тваё хлебам, і пачакайце, пакуль ня схіліцца дзень. І елі абое яны.
І ўстаў нараніцы на пяты дзень, каб ісьці. І сказаў айцец маладзіцы тае: «Пасілі, калі ласка, сэрца свае»; і забавіліся да сходу дня, і елі абое яны.
І ўстаў той чалавек, каб ісьці, сам ён, наложніца ягоная і слуга ягоны. І сказаў яму цесьць ягоны, бацька маладой жанчыны: вось, дзень схіліўся на вечар, начуйце, калі ласка; вось, дзень хутка скончыцца, начуй тут, хай павесяліцца сэрца тваё; заўтра раней устанеце ў дарогу вашую, і пойдзеш у дом твой.
І ўстаў тый чалавек, каб ісьці, сам ён а мамошка ягоная а дзяцюк ягоны. І сказаў яму цесьць ягоны, айцец маладзіцы: «Гля, пачынае вечарэць, начуйце, калі ласка; гля, вечарэе, начуй тут, і хай павяселіцца сэрца твае; і ўстанеце рана заўтра ў дарогу сваю, і пойдзеш да будану свайго».
Але мужчына не згадзіўся начаваць, устаў і пайшоў; і прыйшоў у Евус, што сёньня Ерусалім; зь ім пара наўючаных аслоў і наложніца ягоная зь ім.
Але муж не захацеў начаваць, і ўстаў, і пайшоў; і прышоў аж супроці Евусу, каторы Ерузалім; а зь ім пара аслоў зь цяжарам і мамошка ягоная зь ім.
Калі яны былі паблізу Евуса, дзень ужо моцна схіліўся. І сказаў слуга гаспадару свайму: зойдзем у гэты горад Евусэяў, і заначуем у ім.
Як яны былі ля Евусу, то чыста зьвечарэла. І сказаў дзяцюк спадару свайму: «Пайдзіма, калі ласка, і зьвернем да гэтага места Евусэявага, і будзем начаваць у ім».
Гаспадар яго сказаў яму: не, ня пойдзем у горад іншапляменцаў, якія ня з сыноў Ізраілевых, а дойдзем ла Гівы.
І сказаў яму спадар ягоны: «Не, ня зьвернем да места чужога, каторыя ня із сыноў Ізраелявых, але дойдзем аж да Ґівеі».
І сказаў слузе свайму: дойдзем да аднаго з гэтых месцаў, і заначуем у Гіве, або ў Раме.
І сказаў дзяцюку свайму: «Пойдзем і дабліжымся да аднаго з гэтых месцаў, і пераначуем у Ґівее альбо ў Раме».
І пайшлі, і ішлі, і закацілася сонца каля Гівы Веньямінавай.
І перайшлі, і пайшлі, і зайшло ім сонца ля Ґівеы Веняміновае.
І завярнулі яны туды, каб пайсьці начаваць у Гіве. І прыйшоў ён і сеў на вуліцы ў горадзе; але ніхто не запрашаў іх у дом на начлег.
І завярнуліся яны туды, каб пайсьці начаваць у Ґівее. І прышоў ён, і сеў на вуліцы места, але ніхто ня прыняў іх да дому начаваць.
І вось, ідзе адзін стары з працы сваёй з поля ўвечары; ён родам быў з гары Яфрэмавай, і жыў у Гіве. А жыхары горада гэтага былі сыны Веньямінавыя.
І вось, чалавек стары прышоў з работы свае з поля ўвечары; і чалавек гэты з гары Яхрэмавае, і ён жыў у Ґівее. Людзі месца гэтага сынове Веняміновы.
Ён падняў вочы свае, убачыў прахожага на вуліцы гарадской. І сказаў стары: куды ідзеш? і адкуль ты прыйшоў?
І ён узьняў вочы, і абачыў чалавека падарожнага на вуліцы месцкай. І сказаў стары: «Куды йдзеш? і скуль ты прышоў?»
Той сказаў яму: мы ідзём зь Віфляема Юдэйскага да гары Яфрэмавай, адкуль я. Я хадзіў у Віфляем Юдэйскі, а цяпер іду да дома Госпада; і ніхто не запрашае мяне ў дом.
Ён сказаў яму: «Мы пераходзім із Бэтлеему Юдэйскага аж да схону гары Яхрэмавае, скуль я. Я хадзіў да Бэтлеему Юдэйскага, і да дому СПАДАРОВАГА я йду; і ніхто ня прымае мяне да дому.
У нас ёсьць і салома і корм аслам нашым: таксама хлеб і віно мне, рабыні тваёй і слузе гэтаму ёсьць у рабоў тваіх; ні ў чым няма нястачы.
І таксама салома, таксама пошар ё аслом нашым; таксама хлеб а віно імне а служэбцы тваёй а дзяцюку ёсьць у слугаў тваіх; ні ў чым няма нястачы».
Стары сказаў яму: будзь спакойны; уся нястача твая на мне; толькі не начуй на дварэ.
І сказаў стары яму: «Супакой табе! няхай уся нястача твая будзе на імне, адно не начуй на вуліцы».
І ўвёў яго ў свой дом і задаў корму аслам ягоным, а самыя яны абмылі ногі свае, і елі і пілі.
І ўвёў яго ў дом свой, і даў пошару аслом, і яны абмылі ногі свае, і елі, і пілі.
Калі яны разьвесялілі сэрцы свае, вось, жыхары горада, людзі распусныя, атачылі дом, стукаліся ў дзьверы і казалі старому, гаспадару дома: выведзі чалавека, які ўвайшоў у дом твой, мы спазнаем яго.
Яны разьвесялілі сэрцы свае, і вось, людзі места, сынове Веляла, абступілі дом, біліся ў дзьверы, і гукалі старому, гаспадару дому, кажучы: «Вывядзі чалавека, што ўвыйшоў у дом твой, мы пазнаем яго».
Гаспадар дома выйшаў да іх і сказаў ім: не, братове мае, не рабеце ліха, калі гэты чалавек увайшоў у дом мой, не рабеце гэтага вар’яцтва.
І вышаў да іх тый чалавек, гаспадар дому, і сказаў ім: «Не, браты мае, калі ласка, не рабіце ліха; як чалавек гэты ўвыйшоў у дом мой, не рабіце гэтага шалу.
Вось у мяне дачка дзяўчына, і ў яго наложніца, выведу я іх, упакорце іх, і рабеце зь імі, што вам заўгодна; а з чалавекам гэтым не рабеце ніякага вар’яцтва.
Вось, у мяне дачка дзеўка, і ў яго мамошка, вывяду я іх, мучча іх і рабіце зь імі, што добрае ў вачох вашых; а з чалавекам гэтым не рабіце гэтага шалу.
Але яны не хацелі слухаць яго. Тады мужчына ўзяў сваю наложніцу, і вывеў да іх на вуліцу. Яны спазналі яе, і глуміліся зь яе ўсю ноч да раніцы. І адпусьцілі яе, як толькі занялася зара.
Але не хацелі тыя людзі слухаць яго. Тады муж схапіў сваю мамошку і вывеў вонкі да іх. І яны пазналі яе, і зьдзекаваліся зь яе ўсю ноч да раньня; і адпусьцілі яе, як зарала.
І прыйшла жанчына з зарою, і ўпала каля дзьвярэй дома таго чалавека, у якога быў гаспадар яе, і ляжала да сьвятла.
І прышла жонка сьвітаньням, і павалілася ля ўходу дому таго чалавека, у каторага быў спадар ейны, і ляжала аж да сьвету.
Гаспадар яе ўстаў раніцай, адчыніў дзьверы дома, і выйшаў, каб ісьці ў дарогу сваю: аж вось, ляжыць наложніца ягоная каля дзьвярэй дома, і рукі яе на парозе.
І ўстаў спадар ейны нараніцы, і адчыніў дзьверы дому, і вышаў, каб ісьці ў дарогу сваю: і во, мамошка ягоная ўпала ля ўходу дому, і рукі ейныя на парозе.
Ён сказаў ёй: уставай, пойдзем. Але адказу ня было, бо яна памерла. Ён паклаў яе на асла, устаў і пайшоў у сваё месца.
Ён сказаў ёй: «Устань, і пойдзем». І няма адказу. Ён узяў яе на асла; і ўстаў тый муж і пайшоў на свае месца.
Прыйшоўшы ў дом свой, узяў нож, і, узяўшы наложніцу сваю, разрэзаў яе па чэлесах на дванаццаць частак, і паслаў ва ўсе межы Ізраілевыя.
Прышоў да дому свайго, і ўзяў вялікі нож, і ўхапіў мамошку сваю, разрэзаў па касьцёх яе на двананцаць кавалкаў, і разаслаў па ўсіх граніцах Ізраелявых.
Кожны, хто бачыў гэта, казаў: ня бывала і ня бачана было такога зь дня выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай да сёньня; уважце гэтаму, парайцеся і скажэце.
І было, што кажны, хто бачыў гэта, казаў: «Ня было й ня відаць было падобнага ад дня ўзыходу сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае аж дагэтуль; зьвярніце ўвагу на гэта, парадзьцеся й кажыце».