Судзьдзяў 7 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Ераваал, ён жа Гедэон, і ўвесь народ, які быў зь ім, усталі раніцай і разьмясьціліся табарам каля крыніцы Харода; а Мадыямскі табар быў ад яго на поўнач каля пагорка Марэ ў даліне.
І ўстаў Еруваал, ён жа Ґедэон, і ўвесь люд, што зь ім, і разьлягліся табарам ля жарала Гарода; а табар Мідзянскі быў ад яго на поўнач ля ўзгорку Морэ, у даліне.
І сказаў Гасподзь Гедэону: народу з табою надта многа, не магу Я аддаць Мадыяніцянаў у рукі ім, каб не заганарыўся Ізраіль перад Мною і не сказаў: «мая рука выратавала мяне»;
І сказаў СПАДАР Ґедэону: «Лішне чысьлены люд із табою, каб Імне даць Мідзянян у руку іх, каб не хваліўся Ізраель перад Імною, кажучы: "Мая рука выбавіла мяне".
дык вось, абвясьці ў вушы народу і скажы: «хто палахлівы і баязьлівы, той няхай вернецца і пойдзе назад з гары Галаада». І вярнулася народу дваццаць дзьве тысячы, а дзесяць тысяч засталося.
Дык агаласі ж у вушы люду, кажучы: "Хто баіцца а дрыжыць, хай зьвернецца й пойдзе назад з гары Ґілеаду"». І зьвярнулася люду дваццаць дзьве тысячы, а дзесяць тысячаў засталося.
І сказаў Гасподзь Гедэону: усё яшчэ многа народу; вядзі іх да вады, тады Я выберу іх табе; пра каго Я скажу: «хай ідзе з табою», той і хай ідзе з табою; а пра каго скажу табе: «не павінен ісьці з табою», той няхай і ня йдзе.
І сказаў СПАДАР Ґедэону: «Усе яшчэ шмат люду. Зьвядзі іх да вады, там Я выпрабую іх табе. І будзе, што праз каго Я скажу: "Гэты хай ідзець із табою", тый і хай ідзець із табою; а праз каго скажу табе: "Гэты хай ня йдзець із табою", тый хай і ня йдзець».
Ён прывёў народ да вады. І сказаў Гасподзь Гедэону: хто будзе хлябтаць ваду языком сваім, як хлебча сабака, таго станаві асобна, а таксама і тых усіх, якія будуць станавіцца на калені свае і піць.
Ён завёў люд да вады. І сказаў СПАДАР Ґедэону: «Хто будзе лыкаць языком сваім ваду, як лыкае сабака, таго стаў апрычона, і кажнага, каторы будзе клякаць на калені свае, каб піць.
І было тых, што хлябталі ротам сваім з рукі трыста чалавек; а ўвесь засталы народ кленчыў і піў ваду.
І быў лік тых, што лыкалі ротам сваім із рукі, трыста чалавекаў, а ўвесь жа засталы люд клякаў на калені свае піць ваду.
І сказаў Гасподзь Гедэону: трыма сотнямі тых, што хлябталі, Я выратую вас і аддам Мадыяніцянаў у рукі вашыя, а ўвесь народ няхай ідзе кожны ў сваё месца.
І сказаў СПАДАР Ґедэону: «Трыма сотнямі тых, што лыкалі, Я выбаўлю вас і аддам Мідзянян у руку тваю, а ўвесь люд хай ідзець кажны на свае месца».
І ўзялі яны запас ежы ў народа сабе і трубы іхнія, і адпусьціў Гедэон усіх Ізраільцянаў па намётах і затрымаў у сябе трыста чалавек; а табар Мадыямскі быў у яго ўнізе ў даліне.
І ўзялі яны ежу люду ў рукі свае й рогі іхныя, а кажнага асобнага Ізраелца ён адаслаў да свайго будану, а трыста чалавекаў ён удзяржаў; табар жа Мідзянскі быў у яго далавах у даліне.
У тую ноч сказаў яму Гасподзь: устань, сыдзі ў табар, Я аддаю яго ў рукі твае;
І сталася тае ж ночы, што сказаў яму СПАДАР: «Устань, зыйдзі да табару, бо Я аддаў яго ў руку тваю.
а калі ты баішся ісьці, дык ідзі ў табар ты і Фура, слуга твой;
Калі ж ты баішся йсьці, дык пайдзі да табару ты а Пура, маладзён твой,
і пачуеш, што гавораць, і тады ўмацуюцца рукі твае, і пойдзеш у табар. І сышоў ён і Фура, слуга ягоны, да самых узброеных, якія былі ў табары.
І пачуеш, што гукаюць, і потым пасіляцца рукі твае, і зыйдзеш да табару». І зышоў ён а Пура, маладзён ягоны, аж да краю ўзброеных, што былі ў табару.
А Мадыяніцяне і Амалікіцяне і ўсе жыхары ўсходу разьмясьціліся ў даліне ў такім мностве, як саранча; вярблюдам іхнім ня было ліку, багата было іх, як пяску на беразе мора.
А Мідзян а Амалік а ўсі сынове ўсходу разьлягліся на даліне ў такой множасьці, як шаранча; і варблюдом іхным няма ліку, шмат было іх, як пяску на беразе мора.
Гедэон прыйшоў. І вось, адзін расказвае сон другому і кажа: сьнілася мне, быццам круглы ячменны хлеб каціўся па табары Мадыямскім і, прыкаціўшыся да намёта, ударыўся ў яго так, што ён упаў, перавярнуў яго, і намёт распаўся.
І прышоў Ґедэон; і вось, талавек павядае прыяцелю свайму сон і кажа: «Сьніў я сон, і гля, перапечка ячнага хлеба кацілася па табару Мідзянскім, і дайшла да будану, і выцяла ў яго, і ён паваліўся, перакуліла яго, і будан абурыўся».
Другі сказаў у адказ яму: гэта ня што іншае, як меч Гедэона, сына Ёасавага, Ізраільцяніна; аддаў Бог у рукі ягоныя Мадыяніцянаў і ўвесь табар.
І адказаў прыяцель ягоны, і сказаў: «Гэта нішто іншае, як меч Ґедэона Ёашонка, Ізраелца; аддаў Бог у рукі яму Мідзянян а ўвесь табар».
Гедэон, пачуўшы расказ пра сон і тлумачэньне яго, пакланіўся і вярнуўся ў табар Ізраільскі і сказаў: уставайце! аддаў Гасподзь у рукі вашыя табар Мадыямскі.
І сталася, што як пачуў Ґедэон павяданьне сну й зьясьненьне яго, то пакланіўся, і зьвярнуўся да табару Ізраельскага, і сказаў: «Уставайце! бо аддаў СПАДАР у рукі вашы табар Мідзянскі».
І падзяліў трыста чалавек на тры атрады і даў у рукі ўсім ім трубы і пустыя збаны і ў збаны сьвяцільні.
І падзяліў трыста чалавекаў на тры аддзелы, і даў трубы ў рукі ўсім ім, і жбаны пустыя, і сьветачы палаючыя ўнутры жбаноў.
І сказаў ім: глядзеце на мяне і рабеце тое самае; вось, я падыду да табара, і што буду рабіць, тое і вы рабеце;
І сказаў ім: «Глядзіце на мяне й рабіце тое ж. І вось, я падыйду да канца табару, і што я буду рабіць, тое й вы рабіце.
калі я і тыя, што са мною, затрубім у трубы, трубеце і вы ў трубы вашыя вакол усяго табара і крычэце: меч Госпада і Гедэона!
І затрублю ў рог я а тыя, што з імною, дык трубіце ў рагі й вы навокал усяго табару й скажыце: "Дзеля СПАДАРА а Ґедэона!"»
І падышоў Гедэон і сто чалавек зь ім да табара, напачатку сярэдняй варты, і разбудзілі вартавых, і затрубілі ў трубы і разьбілі збаны, якія былі ў руках у іх.
І прышоў Ґедэон а сту чалавекаў ізь ім да краю табару пры пачатку сярэдняе старожы, яны ж якраз станавілі варты, і затрубілі ў рагі, і разьбілі жбаны, што мелі ў руках сваіх.
І затрубілі тры атрады ў трубы, і разьбілі збаны, і трымалі ў левай руцэ сьвяцільні, а ў правай руцэ трубы, і трубілі, і крычалі: меч Госпада і Гедэона!
І затрубілі тры аддзелы ў рагі, і разьбілі жбаны, і дзяржалі ў левай руццэ сваёй палаючыя сьветачы, а ў правай руццэ рагі, каб трубіць, і крычэлі: «Меч СПАДАРОЎ а Ґедэонаў!»
І стаяў кожны на сваім месцы вакол табара: і забегалі па ўсім табары, і крычалі, і кінуліся ўцякаць.
І стаяў кажны на сваім месцу навокал табару; і пачалі бегаць у вусім табару, і крычэлі, і пусьціліся ўцекі.
Тым часам як трыста чалавек трубілі ў трубы, абярнуў Гасподзь меч аднаго на другога ва ўсім табары, і бегла рушэньне ў Бэтшыту да Царэры, да мяжы Авэлмэхолы, паблізу Табаты.
І трубілі трыста рагі, і зьвярнуў СПАДАР меч кажнага на прыяцеля ягонага, і гэтак у вусім табару, і ўцёк табар аж да Веф-Шыты да Цэрэры, аж да граніцы Авел-Меголы, ля Табафы.
І пакліканы Ізраільцяне з племя Нэфталімавага, Асіравага і ўсяго племя Манасіінага, і пагналіся за Мадыяніцянамі.
І згуканы мужы Ізраелцы зь Неффаліму а з Ашэру а з усёга Манасу, і пагналіся за Мідзянам.
А Гедэон паслаў на ўсю гару Яфрэмаву сказаць: выйдзіце насустрач Мадыяніцянам і перахапеце ў іх пераправу цераз ваду да Бэтвары і Ярдан. І скліканы ўсе Яфрэмляне і перахапілі пераправы цераз ваду Бэтфары і Ярдан;
І паслаў паслоў Ґедэон на ўсю гару Яхрэмаву, кажучы: «Зыйдзіце наўпярэймы Мідзяну, займіце ў іх воды аж да Веф-Вары й Ёрдан». І згукаў кажнага Яхрэмляніна, і занялі воды аж да Веф-Вары а Ёрдану.
і злавілі двух князёў Мадыямскіх: Арыва і Зіва, і забілі Арыва ў Цур-Арыве, а Зіва ў Екеў-Зіве, і гналі Мадыяніцянаў; а галовы Арыва і Зіва прынесьлі Гедэону за Ярдан.
І зваявалі двух князёў Мідзянскіх, Орыва а Зыва, і забілі Орыва ў Цур-Орыве, а Зыва забілі ў Екеў-Зэве, і гналіся за Мідзянянмі; а галавы Орыва а Зыва прынесьлі да Ґедэона за Ёрдан.