Судзьдзяў 3 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Вось тыя народы, якіх пакінуў Гасподзь, каб выпрабоўваць імі Ізраільцянаў, усіх, якія ня ведалі пра ўсе войны Хананэйскія, —
 
І во тыя народы, каторыя пакінуў СПАДАР, каб прабаваць імі Ізраелцаў, усіх, каторыя ня ведалі праз усі войны Канаанскія,

дзеля таго толькі, каб ведалі і вучыліся ваяваць наступныя роды сыноў Ізраілевых, якія раней ня ведалі вайны:
 
Адно дзеля веданьня родаў сыноў Ізраелявых, каб вучыць іх вайны, бо ўперад ня зналі яе:

пяць уладароў Філістымскіх, усе Хананэі, Сіданяне і Эвэі, якія жылі на гары Ліван, ад гары Ваал-Эрмона да ўваходу ў Эмат.
 
Пяцёх князёў Пілісцкіх, усі Канааняне, Сыдоняне а Гэвеі, што жывуць на гары Лібане, ад гары Ваал-Гэрмону аж да ўходу ў Гамаф.

Яны былі пакінуты, каб выпрабоўваць імі Ізраільцянаў і даведацца, ці слухаюцца яны запаведзяў Гасподніх, якія Ён наказаў бацькам іхнім праз Майсея.
 
І яны былі, каб імі прабаваць Ізраелцаў, даведацца, ці будуць яны паслушныя расказаньням СПАДАРОВЫМ, каторыя Ён расказаў айцом іхным Масеям.

І жылі сыны Ізраілевыя сярод Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў:
 
І сынове Ізраелявы жылі сярод Канааняніна, Гэціча, Аморэя, Ферэзэя, Гэвея а Евусэя;

і бралі дочак іхніх сабе за жонак, і сваіх дочак аддавалі за сыноў іхніх, і служылі багам іхнім.
 
І бралі дачкі іхныя сабе за жонкі, і свае дачкі аддавалі за сыноў іхных, і служылі багом іхным.

І ўчынілі сыны Ізраілевыя ліхое перад вачыма Госпада, і забылі Госпада, Бога свайго, і служылі Ваалам і Астартам.
 
І зрабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і забыліся СПАДАРА, Бога свайго, і служылі Ваалам а Астартам.

І ўспалымніўся гнеў Гасподні на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Хусарсатэму, цару Месапатамскаму, і служылі сыны Ізраілевыя Хусарсатэму восем гадоў.
 
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і выдаў іх у рукі Хушан-Рышафаіма, караля Арам-Нагараіму, і служылі сынове Ізраелявы Хушан-Рышафаіму восьмі год.

Тады заенчылі сыны Ізраіля да Госпада, і паставіў Гасподзь ратаўніка сынам Ізраілевым, які ўратаваў іх, Гатанііла, сына Кеназа, малодшага брата Халева.
 
Тады загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, і пастанавіў вывальніка сыном Ізраелявым, каторы вывальніў іх, Офнеля, сына Кеназа, брата Калевавага, меншага за яго.

На ім быў Дух Гасподні, і быў ён судзьдзя Ізраіля. Ён выйшаў на вайну, і аддаў Гасподзь у рукі яму Хусарсатэма, цара Месапатамскага, і адолела рука ягоная Хусарсатэма.
 
І быў на ім Дух СПАДАРОЎ, і ён судзіў Ізраеля. Ён вышаў на вайну, і аддаў СПАДАР у рукі ягоныя Хушан-Рышафаіма, караля Араму, і дужая была рука ягоная над Хушан-Рышафаімам.

І спакойна было ў зямлі сорак гадоў. І памёр Гатанііл, сын Кеназаў.
 
І ціха было ў зямлі. І памер Офнель Кеназёнак.

Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і ўмацаваў Гасподзь Эглона, цара Маавіцкага, супроць Ізраільцянаў, за тое, што ўчынялі яны ліхое перад вачыма Госпада.
 
І далей рабілі ліха сынове Ізраелявы ў ваччу СПАДАРА, і ўмацаваў СПАДАР Еґлона, караля Моаўскага, супроці Ізраелцаў, за тое, што яны рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА.

Ён сабраў да сябе Аманіцянаў і Амалікіцянаў, і пайшоў і пабіў Ізраільцянаў, і авалодалі яны горадам Пальм.
 
Ён зьбер да сябе сыноў Амонавых а Амалікавых, і пайшоў, і зразіў Ізраеля, і апанавалі яны места Пальмаў.

І служылі сыны Ізраілевыя Эглону, цару Маавіцкаму, васямнаццаць гадоў.
 
І служылі сынове Ізраелявы Еґлону, каралю Моаўскаму, асьмінанцаць год.

Тады заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада, і Гасподзь паставіў ім ратаўніка Аода, сына Геры, сына Эмініевага, які быў ляўко. І паслалі сыны Ізраілевыя зь ім дарункі Эглону, цару Маавіцкаму.
 
І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, і СПАДАР пастанавіў ім вывальніка Егуда Ґеранка, Венямінаўца, мужа не валодаючага праваю рукою. І паслалі сынове Ізраелявы ім дары Еґлону, каралю Моаўскаму.

Аод зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і падперазаў яго пад плашчом сваім да правага сьцягна.
 
І зрабіў сабе Егуд меч із двума лязамі, локаць удаўжкі, і прыперазаў яго пад вопраткаю сваёю з правага боку свайго.

І паднёс дарункі Эглону, цару Маавіцкаму; а Эглон быў чалавек вельмі тоўсты.
 
І дабліжыў дар Еґлону, каралю Моаўскаму, Еґлон жа быў чалавек вельма таўсты.

Калі паднёс Аод усе дарункі і правёў людзей, якія прынесьлі дарункі,
 
І было, як скончыў даваць дар, то адпусьціў люд, што прынесьлі дар,

дык сам вярнуўся ад балванаў, якія ў Галгале, і сказаў: у мяне ёсьць таемнае слова табе, цару. Той сказаў: цішэй! І выйшлі ад яго ўсе, што стаялі пры ім.
 
А сам зьвярнуўся ад выразаных балваноў, каторыя ў Ґілґале, і сказаў: «Тайнае слова ё ў мяне да цябе, каролю». Ён сказаў: «Ціха!» І вышлі ад яго ўсі, што стаялі пры ім.

Аод падышоў да яго; ён сядзеў у прахалодным пакоі, які быў у яго асобна. І сказаў Аод: у мяне ёсьць да цябе слова Божае. Эглон устаў з крэсла.
 
Егуд увыйшоў да яго; ён сядзеў у верхнім халадковым пакою, каторы меў аднаму сабе. І сказаў Егуд: «Слова Божае ў мяне да цябе». І ён устаў із свайго седава.

Аод працягнуў левую руку сваю, і ўзяў меч з правага сьцягна свайго, і ўсадзіў яго ў чэрава ягонае,
 
Егуд выцягнуў левую руку сваю, і ўзяў меч з правага боку свайго, і ўсадзіў у чорава ягонае,

так што ўвайшла за вастрыём і тронка, і тлушч закрыў вастрыё; бо Аод ня выняў меча з чэрава ягонага, і ён прайшоў у заднія часткі.
 
І ўвыйшло таксама дзяржаньне за лязом, і тук пакрыў лязо; бо ня выцягнуў ляза з чэрава ягонага, і прайшоў у кутніцу.

І выйшаў Аод за дзьверы, і зачыніў за сабою дзьверы верхняга пакоя, і замкнуў.
 
І вышаў Егуд перазь сені, і зачыніў за сабою дзьверы верхняга пакою, і замкнуў.

Калі ён выйшаў, рабы Эглона прыйшлі, і бачаць, вось, дзьверы верхняга пакоя замкнутыя, і кажуць: мабыць, ён дзеля патрэбы ў прахалодным пакоі.
 
А як ён вышаў, слугі прышлі й бачаць, і вось, дзьверы верхняга пакою замкнёныя, і кажуць: «Пэўне ён прыкрывае ногі свае ў халадковым пакою».

Чакалі даволі доўга, але бачачы, што ніхто не адчыняе дзьвярэй сьвяцёлкі, узялі ключ і адамкнулі, і вось, гаспадар іхні ляжыць на зямлі мёртвы.
 
І ждалі аж сароміліся, і вось, ён не адмыкае дзьвярэй верхняга пакою, і ўзялі ключ, і адамкнулі, і вось, спадар іхны ўпаў на зямлю мертвы.

Пакуль яны здаўмяваліся, Аод тым часам сышоў, прайшоў міма балванаў і ўратаваўся ў Сэіраце.
 
А Егуд уцёк, пакуль яны длякаліся, прайшоў за выразаныя балваны й уцёк да Сэйрагу.

А прыйшоўшы, затрубіў у трубу на гары Яфрэмавай, і сышлі зь ім сыны Ізраілевыя з гары, і ён ішоў наперадзе іх.
 
І было, як ён прышоў і затрубіў у трубу на гары Яхрэмавай, дык зышлі зь ім сынове Ізраелявы з гары, і ён сьпераду іх.

І сказаў ім: ідзеце за мною: бо аддаў Гасподзь ворагаў вашых Маавіцянаў у рукі вашыя. І пайшлі за ім, і перахапілі пераправу церазь Ярдан да Маава, і не давалі нікому пераходзіць.
 
І сказаў ім: «Ганіце за імною, бо аддаў СПАДАР варагоў вашых, Моава, у рукі вашы». І зышлі за ім, і заваявалі броды Ёрдану аж да Моаву, і не давалі нікому пераходзіць.

І пабілі ў той час Маавіцянаў каля дзесяці тысяч чалавек, усіх здаровых і дужых, і ніхто ня ўцёк.
 
І пабілі Моава ў тым часе каля дзесяцёх тысячаў чалавекаў, кажнага таўстога а кажнага дужасіла, і ніхто ня ўцёк.

Так упакорыліся ў той дзень Маавіцяне Ізраілю, і было спакойна ў зямлі восемдзесят гадоў.
 
І быў Моаў укораны ў тым дню пад руку Ізраеля, і было ціха ў зямлі асьмідзясят год.

Пасьля Аода быў Самэгар, сын Анатаў, які шэсьцьсот чалавек Філістымлянаў пабіў валовым ражном; ён таксама ўратаваў Ізраіля.
 
І просьле яго быў Шам-Ґар Анафёнак, і зразіў Пілішчан шасьцьсот чалавекаў валовім нарогам, і ён таксама вывальніў Ізраеля.