Судзьдзяў 10 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля Авімэлэха паўстаў на выратаваньне Ізраіля Тола, сын Туі, сына Додавага, з племя Ісахаравага. Ён жыў у Шаміры, на гары Яфрэмавай.
І паўстаў просьле Авімелеха на спасеньне Ізраеля Фола, сын Пуі Додзянка, з плямені Іссасхаровага. І ён жыў у Шаміру на гары Яхрэмавай.
Ён быў судзьдзя Ізраіля дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны ў Шаміры.
І судзіў ён Ізраеля дваццаць тры гады, і памер, і пахаваны ў Шаміру.
Пасьля яго паўстаў Яір з Галаада і быў судзьдзёю Ізраіля дваццаць два гады.
І паўстаў просьле яго Яір Ґілеадзянін, і судзіў Ізраеля дваццаць два гады.
У яго было трыццаць два сыны, якія езьдзілі на трыццаці двух маладых аслах, і трыццаць два гарады было ў іх; іх да сёньня называюць селішчамі Яіра, што ў зямлі Галаадскай.
І было ў яго трыццацёх сыноў, каторыя езьдзілі на трыццацёх маладых аслох, і трыццаць местаў было ў іх; іх дагэтуль завуць сёламі Яіровымі, каторыя ў зямлі Ґілеадзкай.
І памёр Яір і пахаваны ў Камоне.
І памер Яір, і пахаваны ў Камоне.
Сыны Ізраілевыя далей рабілі ліхое перад вачыма Госпада і служылі Ваалам і Астартам, і багам Арамейскім і багам Сідонскім, і багам Маавіцкім і багам Аманіцкім і багам Філістымскім, а Госпада пакінулі і ня служылі Яму.
І далей сынове Ізраелявы рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА, і служылі Ваалам а Астартам а багом Арамейскім а багом Сыдонскім а багом Моаўскім а багом сыноў Амонавых а багом Пілісцкім; і пакінулі СПАДАРА, і ня служылі Яму.
І запалаў гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаў іх у рукі Філістымлянам і ў рукі Аманіцянам;
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і Ён выдаў іх у рукі Пілішчан а ў рукі сыноў Амонскіх.
яны ўціскалі і мучылі сыноў Ізраілевых з таго года васемнаццаць гадоў, усіх сыноў Ізраілевых па той бок Ярдана ў зямлі Амарэйскай, якая ў Галаадзе.
Яны душылі а ўціскалі сыноў Ізраелявых з тога году асьмінанцаць год, усіх сыноў Ізраелявых, каторыя на тым баку Ёрдану ў зямлі Аморэйскай, каторая ў Ґілеадзе.
Нарэшце Аманіцяне перайшлі Ярдан, каб весьці вайну зь Юдам і Веньямінам і з домам Яфрэмавым. І вельмі цесна было сынам Ізраіля.
І перайшлі сынове Амонскія Ёрдан, каб весьці вайну таксама зь Юдаю а Венямінам а домам Яхрэмавым, і вельмі цесна было сыном Ізраеля.
І залямантавалі сыны Ізраілевыя да Госпада і казалі: зграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага і служылі Ваалам.
І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, кажучы: «Мы ізграшылі перад Табою, і тым, што пакінулі Бога свайго, і тым, што служылі Ваалам».
І сказаў Гасподзь сынам Ізраілевым: ці ня прыгняталі вас Егіпцяне і Амарэі, і Аманіцяне і Філістымляне,
І сказаў СПАДАР сыном Ізраелявым: «Ці ня ўціскалі вас Ягіпцяне а Аморэі а сынове Амонавы а Пілішчане
і Сіданяне і Амалікіцяне і Маавіцяне, і калі вы клікалі Мяне, ці ж не ратаваў Я вас ад рук іхніх?
А Сыдоняне а Амалік а Моаўляне, і вы гукалі да Мяне, і Я выбаўляў вас із рук іхных.
а вы пакінулі Мяне і пачалі служыць багам іншым; за тое Я ўжо ня буду ратаваць вас:
А вы пакінулі Мяне і служылі іншым багом; за тое Я ня буду ўжо выбаўляць вас.
ідзеце, клічце багоў, якіх вы выбралі, няхай яны ратуюць вас у цесны для вас час.
Пайдзіце, гукайце да багоў, каторых вы абралі, няхай яны выбаўляюць вас у часе ўціску вашага».
І сказалі сыны Ізраілевыя Госпаду: зграшылі мы; рабі з намі ўсё, што Табе заўгодна, толькі вызвалі нас цяпер.
І сказалі сынове Ізраелявы СПАДАРУ: «Ізграшылі мы; учыні Ты з намі подле ўсёга, што добра ў ваччу Тваім, адно выбаў нас, калі ласка, цяпер».
І адкінулі ад сябе чужых багоў і пачалі служыць Госпаду. І ня вынесла душа Яго цярпеньняў Ізраіля.
І яны аддалілі чужыя багі з пасярод сябе, і служылі СПАДАРУ. І зжалілася душа Ягоная над мучэньням Ізраеля.
Аманіцяне сабраліся і разьмясьціліся табарам у Галаадзе; сабраліся таксама сыны Ізраілевыя і сталі табарам у Масіфе.
І згукаліся сынове Амонавы, і разьлягліся табарам у Ґілеадзе; і зьберліся сынове Ізраелявы, і разьлягліся табарам у Міцпе.
Народ і князі Галаадскія сказалі адзін аднаму: хто пачне вайну супроць Аманіцянаў, той будзе за правадыра жыхарам Галаадскім.
І сказалі люд — князі Ґілеадзкія адзін аднаму: «Хто тый чалавек, што пачнець ваяваць супроці сыноў Амонавых? будзе тый галавою ўсіх жыхараў Ґілеадзкіх».