Судзьдзяў 8 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І сказалі яму Яфрэмляне: навошта ты гэта зрабіў, што не паклікаў нас, калі ішоў ваяваць з Мадыяніцянамі? І моцна пасварыліся зь ім.
І сказалі яму Ехрамляне: «Што гэта ты зрабіў нам, што не пагукаў нас, як ішоў ваяваць ізь Мідзянянмі?» І сьперачаліся зь ім дужа.
Гедэон адказваў ім: ці зрабіў я што такое, як вы сёньня? ці шчасьлівей Яфрэм дабіраў вінаград, чым Авіезэр абіраў?
І ён сказаў ім: «Што зрабіў я цяпер такое, як вы? Ці не ляпей Яхрэму дабіраць віно, чымся Авезэру абіраць?
У вашыя рукі аддаў Бог князёў Мадыямскіх Арыва і Зіва, і што мог я зрабіць такое, як вы? Тады супакоіўся дух іхні супроць яго, калі сказаў ён ім такія словы.
У вашы рукі аддаў Бог князёў Мідзянскіх, Орыва а Зыва, і што мог зрабіць я такое, як вы?» Тады паслабянеў дух іхны супроці яго, як казаў Ён гэтае слова.
І прыйшоў Гедэон да Ярдана, і перайшоў сам і трыста чалавек, якія былі зь ім. Яны былі стомленыя, перасьледуючы ворагаў.
І прышоў Ґедэон да Ёрдану, перайшоў сам а трыста чалавекаў, што былі зь ім, стамаваўшыся, але гналіся.
І сказаў ён жыхарам Сакхота: дайце хлеба народу, які ідзе за мною; яны стаміліся, а я перасьледую Зэвэя і Салмана, цароў Мадыямскіх.
І сказаў ён людзём Сукофу: «Дайце, калі ласка, букаткі хлеба люду, каторы йдзець за імною, бо яны стамаваліся, а я ганюся за Зэвагом а Цалмуною, каралямі Мідзянскімі».
Князі Сакхота сказалі: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб войску твайму даваць хлеб?
І сказалі князі Сукофу: «Ціж даланя Зэвагова а Цалмуніна ўжо ў тваёй руццэ, каб нам даць войску твайму хлеба?»
І сказаў Гедэон: за гэта, калі аддасьць Гасподзь Зэвэя і Салмана ў рукі мае, я разарву цела ваша цярноўнікам пустынным і малацільнымі зубчатымі дошкамі.
І сказаў Ґедэон: «За гэта, як аддасьць СПАДАР Зэвага а Цалмуну ў руку маю, я змалачу цела вашае пустыннымі дзідамі а цернямі».
Адтуль пайшоў ён у Пэнуэл і тое самае сказаў жыхарам яго, і жыхары Пэнуэла адказвалі яму тое самае, што адказвалі жыхары Сакхота.
І ўзышоў стуль да Пенуелю, і гукаў зь імі таксама, і адказалі яму людзі Пенуелю, як адказалі людзі Сукофу.
Ён сказаў і жыхарам Пэнуэла: калі я вярнуся ў міры, разбуру вежу гэтую.
І ён казаў таксама людзём Пенуелю, кажучы: «Як я зьвярнуся ў супакою, забуру вежу гэтую».
А Зэвэй і Салман былі ў Каркоры і зь імі іхняе рушэньне да пятнаццаці тысяч, усё, што засталося з усяго рушэньня жыхароў усходу; а загінула сто тысяч чалавек, што агалялі меч.
А Зэваг а Цалмуна былі ў Каркору і зь імі іхнае войска да пятнанцацёх тысячаў, усе, што засталося з усёга войска сыноў усходу; забітых жа сто дваццацёх тысячаў чалавекаў, што агаляюць меч.
Гедэон пайшоў да тых, што жылі ў намётах на ўсход ад Новы і Ёгбэгі і пабіў табар, калі табар стаяў бясьпечна.
І ўзышоў Ґедэон дарогаю жывучых у буданох на ўсход ад Новы а Ёґбегі, і зразіў табар, а табар быў забясьпечаны.
Зэвэй і Салман пабеглі; ён пагнаўся за імі і схапіў абодвух цароў Мадыямскіх, Зэвэя і Салмана, і ўвесь табар увёў у замяшаньне.
І ўцякалі Зэваг а Цалмуна; а ён пагнаўся за імі, і схапіў абодвых каралёў Мідзянскіх, Зэвага а Цалмуну, і ўсе войска налякаў.
І вярнуўся Гедэон, сын Ёаса, з вайны ад узвышша Херэса.
І зьвярнуўся Ґедэон Ёашонак зь бітвы перад усходам сонца.
І захапіў хлопца з жыхароў Сакхота і выпытаў у яго; і ён напісаў яму князёў і старэйшын Сакхоцкіх семдзесят сем чалавек.
І схапіў маладзёна зь людзёў Сукофскіх, і выпытаў у яго, і ён апісаў яму князёў Сукофскіх а старцоў яго семдзясят сямёх чалавекаў.
І прыйшоў ён да жыхароў Сакхоцкіх і сказаў: вось Зэвэй і Салман, за якіх вы пасьмяяліся зь мяне, кажучы: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб мы давалі хлеб стомленым людзям тваім?
І прышоў ён да людзёў Сукофскіх, і сказаў: «Вось, Зэваг а Цалмуна, за каторых вы наругаліся імне, кажучы: "Ціж даланя Зэвагова а Цалмуніна ўжо ў руццэ тваёй, каб нам даваць стамаваным людзём тваім хлеба?"»
І ўзяў старэйшын горада і церне пустэльнае і зубчатыя малацільныя дошкі і пакараў імі жыхароў Сакхота;
І ўзяў старцоў месцкіх і пустынныя дзіды а церні, і даў ім навуку людзём Сукофу.
і вежу Пэнуэльскую разбурыў і перабіў жыхароў горада.
І вежу Пенуельскую забурыў, і забіў людзёў места.
І сказаў Зэвэю і Салману: якія былі тыя, якіх вы забілі на Фаворы? Яны сказалі: яны былі такія, як ты, кожны з выгляду сын царскі.
І сказаў Зэвагу а Цалмуне: «Ідзе людзі, каторых вы забілі ў Табору?» Яны адказалі: «Якоў ты, таковы яны, кажны меў выгляд сыноў каралеўскіх».
Гедэон сказаў: гэта былі браты мае, сыны маці маёй! жывы Гасподзь: калі б вы пакінулі іх жывымі, я не забіў бы вас.
І сказаў: «Браты мае, сынове маці мае яны. Жыў СПАДАР! калі б вы пакінулі іх жывых, я не забіў бы вас».
І сказаў Эфэру, першынцу свайму: устань, забі іх. Але хлопец не дастаў меча свайго, бо баяўся, бо быў яшчэ малады.
І сказаў Еферу, першаку свайму: «Устань, забі іх». Але не агаліў маладзёнак мяча свайго, затым што баяўся, бо быў яшчэ маладзёнак.
І сказалі Зэвэй і Салман: устань сам і забі нас, бо па чалавеку і сіла ягоная. І ўстаў Гедэон, і забіў Зэвэя і Салмана, і ўзяў спражкі, якія былі на шыях у вярблюдаў іхніх.
І сказаў Зэваг а Цалмуна: «Устань ты й зразь нас, бо подле чалавека й сіла ягоная». І ўстаў Ґедэон, і забіў Зэвага а Цалмуну, і ўзяў прыборы, што былі на шыях вярблюдоў іхных.
І сказалі Ізраільцяне Гедэону: валодай намі ты і сын твой і сын сына твайго, бо ты выратаваў нас з рук Мадыяніцянаў.
І сказалі мужы Ізраелцы Ґедэону: «Радзь нас як ты, так сын твой, так і сын сына твайго, бо ты выбавіў нас із рукі Мідзяну».
Гедэон сказаў ім: ні я ня буду валодаць вамі, ні мой сын ня будзе валодаць вамі; Гасподзь хай валодае вамі.
І сказаў ім Ґедэон: «Ня буду я радзіць вас, і ня будзе радзіць сын мой вас; СПАДАР хай радзе вас».
І сказаў ім Гедэон: прашу ў вас аднаго, дайце мне кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
І сказаў ім Ґедэон: «Маю да вас просьбу: дайце імне кажны па завушніцы із здабытку свайго», — бо залатыя завушніцы былі ў іх, бо Ізмайлаўцы яны.
Яны сказалі: дамо. І паслалі вопратку і кідалі туды кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
І сказалі: «Мы ахвотна дамо». І разаслалі адзежыну, і кідалі туды кажны па завушніцы із здабытку свайго.
Вагі ў залатых завушніцах, якія ён выпрасіў, было тысяча сямсот залатых сікляў, апрача спражак, гузікаў і пурпуровых вопратак, якія былі на царах Мадыямскіх, і апрача ланцужкоў, якія былі на шыі ў вярблюдаў іхніх.
І была вага залатых завушніцаў, каторыя ён выпрасіў, тысяча сямсот залатых сыкляў, апрача прыбораў, грыўняў а пурпуровых адзежаў, каторыя былі на каралёх Мідзянскіх, і апрача ланцугоў, каторыя былі на шыі вярблюдоў іхных.
З гэтага зрабіў Гедэон эфод і паклаў яго ў сваім горадзе, у Офры, і пачалі ўсе Ізраільцяне блудна хадзіць туды за ім, і быў ён сеткаю Гедэону і ўсяму дому ягонаму.
І зрабіў з гэтага Ґедэон наплечнік, і пастанавіў яго ў сваім месьце, у Офры, і бязулілі ўвесь Ізраель за ім там, і быў ён сеткаю Ґедэону а ўсяму дому ягонаму.
Так упакорыліся Мадыяніцяне сынам Ізраіля і не падымалі ўжо галавы сваёй, і сьцішылася зямля на сорак гадоў у дні Гедэона.
І быў укораны Мідзян перад сынамі Ізраелявымі, і ўжо ня ўзьнімаў болей галавы свае; і ціха было зямлі сорак год за дзён Ґедэонавых.
І пайшоў Ераваал, сын Ёасаў, і жыў у доме сваім.
І пайшоў Еруваал Ёашонак, і жыў у доме сваім.
У Гедэона было семдзесят сыноў, што пайшлі ад сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было многа жонак.
У Ґедэона было семдзясят сыноў, што вышлі ізь сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было шмат жонак.
Таксама і наложніца, якая жыла ў Сіхеме, нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Авімэлэх.
І мамошка ягоная, што ў Сыхеме, нарадзіла таксама яна яму сына, і ён прызначыў яму імя: Авімелех.
І памёр Гедэон, сын Ёасаў, у глыбокай старасьці, і пахаваны ў магіле бацькі свайго Ёаса, у Офры Авіезэравай.
І памер Ґедэон Ёашонак у добрай старасьці, і пахаваны ў гробе айца свайго Ёаша, у Офры Авезравай.
Калі памёр Гедэон, сыны Ізраілевыя зноў пачалі блудна хадзіць сьледам за Вааламі і паставілі сабе за бога Ваалвэрыта;
І сталася, як памер Ґедэон, што адвярнуліся сынове Ізраелявы, і бязулілі за Вааламі, і пастанавілі сабе Ваал-Верыфа за бога.
і ня ўзгадвалі сыны Ізраілевыя Госпада Бога свайго, Які выбаўляў іх з рук усіх ворагаў навокал іх;
І ня памятавалі сынове Ізраелявы СПАДАРА, Бога свайго, Каторы выбавіў іх із рукі ўсіх варагоў навокал іх.
і дому Ераваалаваму, альбо Гедэонаваму, не зрабілі міласьці дабрачынствы, якія ён зрабіў Ізраілю.
І ня выказалі зычлівасьці да дому Ерувааловага-Ґедэонавага подле ўсёга дабрадзейства ягонага, якое ён зьдзеяў Ізраелю.