Судзьдзяў 10 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Пасьля Абімэлеха на вызваленьне Ізраіля паўстаў Тола, сын Пуа, сына Додо, чалавек з калена Ісахара. Жыў ён у Шаміры на гары Эфраіма.
 
І паўстаў просьле Авімелеха на спасеньне Ізраеля Фола, сын Пуі Додзянка, з плямені Іссасхаровага. І ён жыў у Шаміру на гары Яхрэмавай.

Ён судзіў Ізраіля дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Шаміры.
 
І судзіў ён Ізраеля дваццаць тры гады, і памер, і пахаваны ў Шаміру.

Пасьля яго быў Яір з Гілеаду, які судзіў Ізраіля дваццаць два гады.
 
І паўстаў просьле яго Яір Ґілеадзянін, і судзіў Ізраеля дваццаць два гады.

Меў ён трыццаць сыноў, якія езьдзілі на трыццаці аслах і мелі трыццаць гарадоў, якія па сёньняшні дзень называюцца Хавот-Яір; яны ў зямлі Гілеад.
 
І было ў яго трыццацёх сыноў, каторыя езьдзілі на трыццацёх маладых аслох, і трыццаць местаў было ў іх; іх дагэтуль завуць сёламі Яіровымі, каторыя ў зямлі Ґілеадзкай.

І памёр Яір, і пахавалі яго ў Камоне.
 
І памер Яір, і пахаваны ў Камоне.

А сыны Ізраіля чынілі ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І служылі яны Баалам і Астартам, багам Араму, Сідону і Мааву, і багам сыноў Амона, і багам Філістынцаў, і пакінулі яны ГОСПАДА, і не пакланяліся Яму.
 
І далей сынове Ізраелявы рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА, і служылі Ваалам а Астартам а багом Арамейскім а багом Сыдонскім а багом Моаўскім а багом сыноў Амонавых а багом Пілісцкім; і пакінулі СПАДАРА, і ня служылі Яму.

І разгневаўся на іх ГОСПАД, і аддаў іх у рукі Філістынцаў і ў рукі сыноў Амона.
 
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і Ён выдаў іх у рукі Пілішчан а ў рукі сыноў Амонскіх.

І яны васямнаццаць гадоў перасьледавалі і ўціскалі сыноў Ізраіля, якія жылі за Ярданам у зямлі Амарэйцаў у Гілеадзе.
 
Яны душылі а ўціскалі сыноў Ізраелявых з тога году асьмінанцаць год, усіх сыноў Ізраелявых, каторыя на тым баку Ёрдану ў зямлі Аморэйскай, каторая ў Ґілеадзе.

Сыны Амона пераходзілі таксама Ярдан ваяваць супраць Юды і Бэн’яміна, і ўсяго дому Эфраіма. І быў Ізраіль у вялікім уціску.
 
І перайшлі сынове Амонскія Ёрдан, каб весьці вайну таксама зь Юдаю а Венямінам а домам Яхрэмавым, і вельмі цесна было сыном Ізраеля.

І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і казалі: «Саграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, і служылі Баалу».
 
І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, кажучы: «Мы ізграшылі перад Табою, і тым, што пакінулі Бога свайго, і тым, што служылі Ваалам».

І сказаў ім ГОСПАД: «Калі Эгіпцяне, Амарэйцы, сыны Амона і Філістынцы,
 
І сказаў СПАДАР сыном Ізраелявым: «Ці ня ўціскалі вас Ягіпцяне а Аморэі а сынове Амонавы а Пілішчане

Сідонцы, Амалек і Мадыян уціскалі вас, а вы клікалі Мяне, ці ж Я не ратаваў вас з рук іхніх?
 
А Сыдоняне а Амалік а Моаўляне, і вы гукалі да Мяне, і Я выбаўляў вас із рук іхных.

А вы ўсё роўна пакідалі Мяне і пакланяліся багам чужым. Таму ня буду ратаваць вас болей.
 
А вы пакінулі Мяне і служылі іншым багом; за тое Я ня буду ўжо выбаўляць вас.

Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі, няхай яны вас ратуюць у час гора!»
 
Пайдзіце, гукайце да багоў, каторых вы абралі, няхай яны выбаўляюць вас у часе ўціску вашага».

І казалі сыны Ізраіля ГОСПАДУ: «Саграшылі мы. Зрабі з намі, што добра ў вачах Тваіх, толькі цяпер выратуй нас!»
 
І сказалі сынове Ізраелявы СПАДАРУ: «Ізграшылі мы; учыні Ты з намі подле ўсёга, што добра ў ваччу Тваім, адно выбаў нас, калі ласка, цяпер».

І выкінулі яны спаміж сябе багоў чужых, якіх мелі, і служылі ГОСПАДУ, і Ён пашкадаваў Ізраіля ў горы ягоным.
 
І яны аддалілі чужыя багі з пасярод сябе, і служылі СПАДАРУ. І зжалілася душа Ягоная над мучэньням Ізраеля.

У той час сыны Амона сабраліся і разлажыліся табарам у Гілеадзе. А насупраць у Міцпе сабраліся сыны Ізраіля, і там разлажыліся табарам.
 
І згукаліся сынове Амонавы, і разьлягліся табарам у Ґілеадзе; і зьберліся сынове Ізраелявы, і разьлягліся табарам у Міцпе.

І гаварылі народ і князі Гілеадзкія адзін аднаму: «Хто першы пачне ваяваць супраць сыноў Амона, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Гілеаду».
 
І сказалі люд — князі Ґілеадзкія адзін аднаму: «Хто тый чалавек, што пачнець ваяваць супроці сыноў Амонавых? будзе тый галавою ўсіх жыхараў Ґілеадзкіх».