Судзьдзяў 21 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І ў Міцпе сыны Ізраіля злажылі прысягу: «Ніхто з нас ня дасьць дачкі сваёй [сынам] Бэн’яміна за жонку».
 
І кажны муж Ізраелец прысяг у Міцпе, кажучы: «Ніхто з нас не аддасьць дачкі свае за жонку Веняміну».

І пайшоў народ у Бэтэль, і перад абліччам Бога былі аж да вечара, галосячы і плачучы плачам вялікім.
 
І прышоў люд да Бэт-Элю, і сядзелі там аж да вечара перад Богам, і ўзьнялі голас свой, і плакалі плачам вялікім.

І казалі: «Чаму, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, сталася, што ў народзе Тваім сёньня ня стала ў Ізраіля аднаго калена?»
 
І сказалі: «Чаму, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў, прыгадзілася гэта ў Ізраелю, што ня стала цяпер у Ізраеля аднаго плямені?»

І назаўтра, устаўшы на сьвітаньні, паставілі ахвярнік і склалі на ім ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя.
 
І было назаўтрае, і ўстаў люд нараніцы, і збудавалі там аброчнік, абракалі ўсепаленьне й супакойныя аброкі.

І сказалі сыны Ізраіля: «Хто з усіх каленаў Ізраіля не прыйшоў на супольны сход перад ГОСПАДАМ?» Бо зьвязаліся яны ўрачыстаю прысягаю, што сьмерцю памрэ той, хто ня прыйдзе ў Міцпу да ГОСПАДА.
 
І сказалі сынове Ізраелявы: «Хто ня ўзыходзіў да грамады, да СПАДАРА з усіх плямёнаў Ізраелявых?» Бо вялікая прысяга была на тых, што ня ўзыходзілі да СПАДАРА да Міцпы, кажучы: «Сьмерцяй хай памрэць!»

І сыны Ізраіля шкадавалі дзеля брата свайго Бэн’яміна, і казалі: «Ня стала сёньня аднаго калена ў Ізраілі.
 
І зжаліліся сынове Ізраелявы над Венямінам, братам сваім, і сказалі: «Цяпер адцята адно плямя ад Ізраеля;

Што мы зробім, каб тыя, што засталіся, [мелі] жонак? Бо ўсе мы прысягалі перад ГОСПАДАМ, што не дамо ім за жонак дочак нашых».
 
Што зробім ім засталым што да жанок, а мы ж прысягалі СПАДАРОМ ня даць ім жанок із дачок нашых?»

І сказалі яны: «Якое з усіх каленаў Ізраіля не прыйшло да ГОСПАДА ў Міцпу?» І вось з Ябэш Гілеадзкага ніхто не прыйшоў на супольны сход у табар.
 
І сказалі: «Хто тый з плямёнаў Ізраелявых, што ня прышоў да СПАДАРА да Міцпы?» І вось, ня прышоў ніхто да табару да грамады зь Явісу Ґілеадзкага.

І народ быў пералічаны, і вось, нікога не было з жыхароў Ябэшу Гілеадзкага.
 
І агледжаны люд, і вось, ня было там ні воднага із жыхараў Явісу Ґілеадзкага.

І грамада паслала туды дванаццаць тысячаў ваяроў мужных, і загадала ім: «Ідзіце і забіце жыхароў Ябэшу Гілеадзкага вострывам мяча, і жанчын, і дзяцей іхніх.
 
І паслаў туды збор двананцацёх тысячаў чалавекаў, з дужасілаў, і далі ім расказаньне, кажучы: «Ідзіце й пабіце лязом мяча жыхараў Явісу Ґілеадзкага, і жанкі, і дзецяняты.

І вось што зробіце: усіх мужчынаў і жанчынаў, якія пазналі мужа, пазабівайце».
 
І во што зрабіце: кажнага мужчыну й кажную жонку, што пазнала ляжаньне мужчыны, акануйце».

І знайшлі яны сярод жыхароў Ябэшу чатырыста дзяўчат, якія не пазналі мужа, і прывялі іх у табар у Шыло ў зямлі Ханаан.
 
І знайшлі яны із жыхараў Явісу Ґілеадзкага чатырыста дзяўчат у дзявоцтве, што не пазналі мужа, ляжаньня з мужчынам, і прывялі іх да табару ў Шыле, каторае ў зямлі Канаанскай.

І грамада паслала да сыноў Бэн’яміна, якія былі на скале Рымон, каб аб’явіць ім мір.
 
І паслаў увесь збор, і гукалі сыноў Веняміновых, што ў скале Рымоне, і агаласілі ім мір.

І вярнуліся сыны Бэн’яміна ў той час, і далі ім жонак з дачок Ябэшу Гілеадзкага, але не хапіла для іх усіх.
 
І зьвярнуўся Венямін у тым часе, і далі ім жонкі, каторыя пакінулі жывыя із жанок Явісу Ґілеадзкага, але іх ня было ім даволі.

І народ вельмі моцна шкадаваў дзеля Бэн’яміна, што ГОСПАД зрабіў вылом у каленах Ізраіля.
 
І люд жалеў Веняміна, бо СПАДАР зрабіў прорву ў плямёнах Ізраелявых.

І сказалі старшыні грамады: «Што зробім з рэштаю, якія не атрымалі жонак? Бо ўсе жанчыны ў Бэн’яміна загінулі».
 
І сказалі старцы збору: «Што нам рабіць засталым, што да жонак, бо выгублены жанкі ў Веняміна?»

І сказалі яны: «Спадчынная зямля застаецца ацалелым [сынам] Бэн’яміна, каб не прапала адно калена ў Ізраілі.
 
сказалі: «Спадак Веняміна хай будзе ўцеклым Веняміна, і хай не загіне плямя з Ізраеля.

Дачок сваіх мы ня можам ім даць, бо мы зьвязаныя прысягаю, бо прысягнулі сыны Ізраіля: “Пракляты, хто дасьць жонку Бэн’яміну!”»
 
Мы, адылі, ня можам даць ім жанок із дачок нашых; бо прысяглі сынове Ізраелявы, кажучы: "Пракляты, хто дасьць жонку Веняміну"».

І сказалі: «Кожны год бывае сьвята ГОСПАДА ў Шыло, які на поўнач ад Бэтэлю, а на захад ад дарогі, што ідзе з Бэтэлю ў Сыхем, і на поўдзень ад Лебоны».
 
І сказалі: «Вось, бывае кажнага году сьвята СПАДАРОВА ў Шыле, каторае на поўнач ад Бэт-Элю й на ўсход сонца ад дарогі, што ўзыходзе ад Бэт-Элю да Сыхему, і на паўдня ад Левоны».

І загадалі яны сынам Бэн’яміна, кажучы: «Ідзіце і схавайцеся ў вінаградніках.
 
І расказалі сыном Веняміновым, кажучы: «Пайдзіце й засядзьце ў вінішчах.

Калі ўбачыце дзяўчатаў з Шыло, якія выйшлі ў карагодах танчыць, выходзьце з вінаграднікаў і хапайце іх, кожны сабе жонку спасярод дочак Шыло, і вядзіце ў зямлю Бэн’яміна.
 
І глядзіце, як выйдуць дачкі Шыльскія скакаць у карагодах, тады выйдзіце зь вінішчаў, і схапіце кажны чалавек сабе жонку з дачок Шыльскіх, і пайдзіце да зямлі Веняміновае.

Калі ж бацькі іхнія або браты прыйдуць да нас жаліцца, мы скажам ім: “Пашкадуйце іх, бо не здабылі мы ім жонак на вайне, а вы таксама, калі б ім далі, саграшылі б”».
 
І будзе, як прыйдуць бацькі іхныя альбо браты іхныя, каб вадзіцца з намі, то мы скажам ім: «Даруйце нам за іх, бо мы не ўзялі кажнаму зь іх жонкі на вайне, і вы не далі ім: цяпер вы вінны».

І сыны Бэн’яміна зрабілі так, і ўзялі жонак паводле ліку свайго, з тых, якія танчылі. І вярнуліся яны ў спадчыну сваю, і адбудавалі гарады свае, і жылі ў іх.
 
І зрабілі так сынове Веняміновы, і ўзялі жонкі подле ліку свайго з былых у карагодзе, каторыя яны схапілі, і пайшлі, і зьвярнуліся да спадку свайго, пабудавалі месты і жылі ў іх.

І сыны Ізраіля вярнуліся адтуль кожны да калена свайго і да сям’і сваёй, і пайшлі кожны ў спадчыну сваю.
 
І пайшлі стуль сынове Ізраелявы таго часу кажны да плямені свайго а да радзімы свае, і пайшлі стуль кажны да спадку свайго.

У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушна ў вачах ягоных.
 
Тых дзён ня было караля ў Ізраеля; кажны рабіў тое, што справядлівае ў ваччу ягоным.