Судзьдзяў 21 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І ў Міцпе сыны Ізраіля злажылі прысягу: «Ніхто з нас ня дасьць дачкі сваёй [сынам] Бэн’яміна за жонку».
Таксама ў Міцпе сыны Ізраэля прысягалі і казалі: «Ніхто з нас не выдасць замуж сваёй дачкі сынам Бэньяміна».
І пайшоў народ у Бэтэль, і перад абліччам Бога былі аж да вечара, галосячы і плачучы плачам вялікім.
І пайшоў народ у Бэтэль, і ў прысутнасці Бога прабылі аж да вечара, галосячы ўголас, і, пачаўшы плакаць, з вялікім лямантам казалі:
І казалі: «Чаму, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, сталася, што ў народзе Тваім сёньня ня стала ў Ізраіля аднаго калена?»
«Чаму, Госпадзе, Божа Ізраэля, здарылася ў Тваім народзе такое ліха, што сёння не стала ў Ізраэля аднаго калена?»
І назаўтра, устаўшы на сьвітаньні, паставілі ахвярнік і склалі на ім ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя.
І назаўтра, устаўшы на світанні, паставілі ахвярнік, і ўчынілі на ім ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння,
І сказалі сыны Ізраіля: «Хто з усіх каленаў Ізраіля не прыйшоў на супольны сход перад ГОСПАДАМ?» Бо зьвязаліся яны ўрачыстаю прысягаю, што сьмерцю памрэ той, хто ня прыйдзе ў Міцпу да ГОСПАДА.
і казалі: «Хто з усіх пакаленняў Ізраэля не прыбыў у войска Госпада?» Бо звязаліся яны вялікаю прысягаю, каб забіць тых, хто адсутнічаў, калі яны былі ў Міцпе.
І сыны Ізраіля шкадавалі дзеля брата свайго Бэн’яміна, і казалі: «Ня стала сёньня аднаго калена ў Ізраілі.
І сыны Ізраэля, пранятыя жалем дзеля брата свайго Бэньяміна, пачалі гаварыць: «Не стала сёння аднаго пакалення ў Ізраэля.
Што мы зробім, каб тыя, што засталіся, [мелі] жонак? Бо ўсе мы прысягалі перад ГОСПАДАМ, што не дамо ім за жонак дочак нашых».
Адкуль возьмуць яны жонак? Бо ўсе мы разам прысяглі перад Госпадам, што не дамо ім за жонак дачок нашых».
І сказалі яны: «Якое з усіх каленаў Ізраіля не прыйшло да ГОСПАДА ў Міцпу?» І вось з Ябэш Гілеадзкага ніхто не прыйшоў на супольны сход у табар.
Таму сказалі яны: «Якое з усіх пакаленняў Ізраэля не прыбыло да Госпада ў Міцпу?» І вось, знайшліся жыхары Явіса ў Галаадзе, якія не былі ў войску гэтым,
І народ быў пералічаны, і вось, нікога не было з жыхароў Ябэшу Гілеадзкага.
і ў той час, калі яны былі ў Сіло, ніхто з іх там не знаходзіўся.
І грамада паслала туды дванаццаць тысячаў ваяроў мужных, і загадала ім: «Ідзіце і забіце жыхароў Ябэшу Гілеадзкага вострывам мяча, і жанчын, і дзяцей іхніх.
Такім чынам, яны паслалі дзесяць тысяч наймужнейшых ваяроў і загадалі ім: «Ідзіце і забіце жыхароў Явіса Галаадскага вастрыём меча, і жанчын, і дзяцей іх.
І вось што зробіце: усіх мужчынаў і жанчынаў, якія пазналі мужа, пазабівайце».
І вось што вы павінны зрабіць: усіх мужчын і жанчын, якія пазналі мужа, забіце, дзяўчат жа захавайце».
І знайшлі яны сярод жыхароў Ябэшу чатырыста дзяўчат, якія не пазналі мужа, і прывялі іх у табар у Шыло ў зямлі Ханаан.
І знайшлі яны сярод жыхароў Явіса чатырыста дзяўчат, якія не пазналі мужа, і прывялі іх у лагер у Сіло ў зямлю Ханаан.
І грамада паслала да сыноў Бэн’яміна, якія былі на скале Рымон, каб аб’явіць ім мір.
І яны паслалі пасланцоў да сыноў Бэньяміна, якія былі на скале Рэмон, і загадалі ім, каб аб’явілі ім мір.
І вярнуліся сыны Бэн’яміна ў той час, і далі ім жонак з дачок Ябэшу Гілеадзкага, але не хапіла для іх усіх.
І вярнуліся сыны Бэньяміна ў той жа час, і далі ім жонак з дачок Явіса Галаадскага, іншых жа яны не знайшлі, каб аддаць такім чынам.
І народ вельмі моцна шкадаваў дзеля Бэн’яміна, што ГОСПАД зрабіў вылом у каленах Ізраіля.
І ўвесь Ізраэль моцна сумаваў і раскайваўся адносна забойства аднаго з пакаленняў Ізраэля.
І сказалі старшыні грамады: «Што зробім з рэштаю, якія не атрымалі жонак? Бо ўсе жанчыны ў Бэн’яміна загінулі».
І сказалі старэйшыны: «Што зробім з астатнімі, якія не атрымалі жонак? Усе жанчыны ў Бэньяміна загінулі, і ў нас ёсць вялікі клопат, а гэта трэба прадугледзець з вялікай стараннасцю,
І сказалі яны: «Спадчынная зямля застаецца ацалелым [сынам] Бэн’яміна, каб не прапала адно калена ў Ізраілі.
каб не прапала адно пакаленне ў Ізраэля.
Дачок сваіх мы ня можам ім даць, бо мы зьвязаныя прысягаю, бо прысягнулі сыны Ізраіля: “Пракляты, хто дасьць жонку Бэн’яміну!”»
Дачок сваіх не можам ім даць, звязаныя гэтай прысягаю: “Пракляты, хто аддасць дачку сваю за жонку Бэньяміну!”»
І сказалі: «Кожны год бывае сьвята ГОСПАДА ў Шыло, які на поўнач ад Бэтэлю, а на захад ад дарогі, што ідзе з Бэтэлю ў Сыхем, і на поўдзень ад Лебоны».
І зрабілі нараду і вырашылі: «Вось, кожны год бывае свята Госпадава ў Сіло, што на поўнач ад горада Бэтэль, а на ўсход ад дарогі, што ідзе з Бэтэля ў Сіхэм, і на поўдзень ад горада Лебны».
І загадалі яны сынам Бэн’яміна, кажучы: «Ідзіце і схавайцеся ў вінаградніках.
І загадалі яны сынам Бэньяміна, і сказалі: «Ідзіце і схавайцеся ў вінаградніках;
Калі ўбачыце дзяўчатаў з Шыло, якія выйшлі ў карагодах танчыць, выходзьце з вінаграднікаў і хапайце іх, кожны сабе жонку спасярод дочак Шыло, і вядзіце ў зямлю Бэн’яміна.
і калі ўбачыце дзяўчат з Сіло, што выйшлі, каб вадзіць карагоды згодна звычаю, выходзьце хутка з вінаграднікаў і хапайце іх, кожны сабе жонку, і вядзіце ў зямлю Бэньяміна.
Калі ж бацькі іхнія або браты прыйдуць да нас жаліцца, мы скажам ім: “Пашкадуйце іх, бо не здабылі мы ім жонак на вайне, а вы таксама, калі б ім далі, саграшылі б”».
Калі ж бацькі іх і браты прыйдуць да нас жаліцца, мы скажам ім: “Пашкадуйце нас і іх, бо не здабыў ніхто з іх жонку на вайне, а вы таксама калі б ім далі — зграшылі б”».
І сыны Бэн’яміна зрабілі так, і ўзялі жонак паводле ліку свайго, з тых, якія танчылі. І вярнуліся яны ў спадчыну сваю, і адбудавалі гарады свае, і жылі ў іх.
І сыны Бэньяміна зрабілі так, як ім было загадана, і ўзялі жонак па ліку сваім, з тых, якія вадзілі карагоды; і вярнуліся яны ў сваю спадчыну, і адбудавалі сабе гарады, і жылі ў іх.
І сыны Ізраіля вярнуліся адтуль кожны да калена свайго і да сям’і сваёй, і пайшлі кожны ў спадчыну сваю.
Таксама сыны Ізраэля ў той час вярнуліся адтуль кожны да свайго пакалення і да роду свайго, і пайшлі кожны ў спадчыну сваю.
У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушна ў вачах ягоных.
У тыя дні не было цара ў Ізраэлі, але кожны, што яму здавалася слушным, тое і рабіў.