Судзьдзяў 18 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У той час не было валадара ў Ізраілі, а калена Дана шукала сабе зямлі ў спадчыну, бо аж да гэтага дня не была выдзелена ім спадчына сярод каленаў Ізраіля.
 
У той час не было цара ў Ізраэлі, і пакаленне Дана шукала сабе зямлю ва ўласнасць, каб жыць на ёй, бо аж да гэтага дня яно не атрымала зямлю сярод іншых пакаленняў.

І выправілі сыны Дана з межаў пакаленьня свайго пяць чалавек, людзей мужных, з Цоры і Эштаолу, каб выведалі зямлю і пільна разгледзелі яе. І сказалі ім: «Ідзіце і выведайце зямлю гэтую». І прыйшлі яны аж на гару Эфраіма, аж да дому Міхі, і там заначавалі.
 
Такім чынам, выправілі сыны Дана са свайго пакалення і сваёй сям’і пяць чалавек, людзей наймужнейшых, з Сараа і Эстаола, каб выведалі зямлю і пільна разгледзелі яе, і сказалі ім: «Ідзіце і выведайце гэтую зямлю». Калі прыйшлі яны на гару Эфраім, аж да дома Міхі, яны там заначавалі.

Калі яны былі блізка дому Міхі, пазналі яны голас юнака лявіта і, зыйшоўшы там з дарогі, спыталіся ў яго: «Хто цябе сюды прывёў? Што ты тут робіш? Што тут у цябе?»
 
Калі яны былі блізка да дома Міхі, пазналі яны голас юнака левіта і, сышоўшы там з дарогі, спыталіся ў яго: «Хто цябе сюды прывёў? Што ты тут робіш? З якой прычыны захацеў ты сюды прыйсці?»

Ён сказаў ім: «Гэта і гэта зрабіў для мяне Міха, і за плату наняў мяне, каб я быў яму сьвятаром».
 
Ён адказаў ім: «Гэта і гэта зрабіў для мяне Міха і за плату наняў мяне, каб я быў яму святаром».

І прасілі яны яго: «Спытайся ў Бога, каб мы маглі ведаць, ці дарога, якую мы выбралі, будзе мець посьпех».
 
І прасілі яны яго, каб параіўся ён з Богам, каб яны маглі ведаць, ці ідуць яны спрыяльнай дарогай і ці будзе справа мець поспех.

І ён сказаў ім: «Ідзіце ў супакоі. ГОСПАДУ даспадобы дарога вашая, і падарожжа, у якое вы выбраліся».
 
Ён адказаў ім: «Ідзіце ў супакоі. Госпаду даспадобы дарога ваша і шлях, якім вы накіроўваецеся».

І пайшлі тыя пяць чалавек, і прыбылі ў Ляіш, і ўбачылі народ, які жыве без аніякага страху па звычаю Сідонцаў, у бясьпецы і ў супакоі, бо не было нікога, хто нападаў бы на зямлю іхнюю. І Сідонцы былі ад іх далёка, і ня мелі яны ніякіх справаў з Асурам.
 
Такім чынам, пайшлі тыя пяць чалавек, і прыбылі ў Лаіс, дзе ўбачылі народ, што жыве ў ім без якога-небудзь страху па звычаі сідонцаў, бесклапотны і спакойны, бо не было нікога, хто нападаў бы на іх зямлю; і з вялікімі багаццямі, і далёка ад сідонцаў, і не мелі ніякіх адносін з Сірыяй.

І прыйшлі яны да братоў сваіх у Цору і Эштаол, а тыя спыталіся ў іх: «Што вы [скажаце]?»
 
І, вярнуўшыся да сваіх братоў у Цору і Эстаол, адказалі яны на пытанне, што зроблена імі:

Яны сказалі: «Устаньце і пойдзем супраць іх. Бо мы бачылі зямлю вельмі багатую і ўраджайную. Чаго вы сядзіце? Не марудзьце, пойдзем і здабудзем зямлю гэтую.
 
«Устаньце і пойдзем супраць іх. Бо мы бачылі зямлю вельмі багатую і ўраджайную, і вы адмовіцеся ад яе? Не марудзьце; пойдзем і здабудзем яе.

Пойдзем да людзей, [якія жывуць] у бясьпецы, і ў зямлю прасторную. І дасьць Бог у рукі нашыя месца, дзе няма ніякай нястачы ўсяго, што ёсьць на зямлі».
 
Пойдзем да людзей бесклапотных у зямлю найпрасторнейшую. Дасць нам Бог месца, дзе няма ніякай нястачы ні ў чым, што ёсць на зямлі».

І вырушылі адтуль з пакаленьня Дана з Цоры і Эштаолу шэсьцьсот чалавек, узброеных да бою.
 
Дык вырушылі адтуль з пакалення Дана з Цоры і Эстаола, шэсцьсот чалавек, узброеных да бою.

Яны пайшлі і разлажыліся табарам у Кірыят-Ярыме ў Юдэі. І тое месца з таго дня называюць Табар Дана, і знаходзіцца яно на захад ад Кірыят-Ярыму.
 
Яны пайшлі і сталі лагерам у Карыят-Ярыме ў Юдэі. І тое месца з таго часу ўзяло імя Лагер Дана, і знаходзіцца ззаду ад Карыят-Ярыма.

Адтуль пайшлі яны на гару Эфраіма і прыйшлі ў дом Міхі.
 
Адсюль пайшлі яны на гару Эфраім. І калі прыйшлі яны аж да дома Міхі,

І пяць чалавек, якія раней пасланыя былі для выведкі зямлі Ляіш, сказалі братам сваім: «Ці ведаеце, што ў дамах гэтых ёсьць эфод і тэрафімы, рэзьблены [ідал] і [ідал], выліты з мэталю? І цяпер ведаеце, што рабіць».
 
пяць чалавек, якія раней пасланыя былі для выведвання зямлі Лаіс, сказалі братам сваім: «Ці ведаеце, што ў дамах гэтых ёсць эфод, і тэрафім, і выразаны балван, і балван, выліты з металу? Выведайце, што вам падабаецца, каб зрабіць гэта».

І зьвярнулі туды, і ўвайшлі ў дом юнака лявіта, у дом Міхі, і прывіталі яго [словамі] мірнымі.
 
І калі яны крыху павярнулі, увайшлі яны ў дом юнака левіта, у дом Міхі, і прывіталі яго мірнымі словамі.

А шэсьцьсот чалавек, якія былі ўзброеныя, стаялі перад брамай; былі гэта сыны Дана.
 
Шэсцьсот жа чалавек, так як былі ўзброеныя, стаялі перад брамай.

І тыя пяцёра, што былі раней пасланыя выведаць зямлю, узялі рэзьбленую [выяву], эфод, тэрафіма і літога [ідала]. А сьвятар стаяў перад брамай, і побач сталі шэсьцьсот чалавек узброеных.
 
А тыя, што ўвайшлі ў дом юнака, узялі выразанага балвана, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Святар стаяў перад брамай і шэсцьсот ваяроў поруч.

І яны ўвайшлі ў дом Міхі, і ўзялі рэзьбленую [выяву], эфод, тэрафіма і літога [ідала]. І сказаў ім сьвятар: «Што вы робіце?»
 
І вось, тыя, што ўвайшлі ў дом Міхі, узялі выразаную статую, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Сказаў ім святар: «Што вы робіце?»

А яны яму сказалі: «Маўчы! Палажы палец на вусны свае і хадзі з намі, каб мелі мы ў табе і бацьку, і сьвятара. Як табе лепей, быць сьвятаром у доме аднаго чалавека, ці быць сьвятаром калена і роду Ізраіля?»
 
Яны яму адказалі: «Маўчы і палажы палец на вусны свае і хадзі з намі, каб мелі мы цябе і за бацьку, і за святара. Як табе лепей: быць святаром у доме аднаго чалавека ці быць святаром у адным пакаленні і родзе ў Ізраэлі?»

І ўзрадаваўся сьвятар, і ўзяў эфод, тэрафімаў, а таксама рэзьбленага [ідала], і пайшоў з народам гэтым.
 
І ўзрадаваўся святар, і ўзяў эфод і тэрафіма, а таксама выразанага балвана, і пайшоў з народам.

І яны вярнуліся, і пайшлі далей, а перад сабой пусьцілі ісьці дзяцей, жывёлу і ўсю маёмасьць сваю.
 
Калі яны пайшлі далей, а перад сабою пусцілі ісці дзяцей, і жывёлу, і ўсё, што было ў іх каштоўнага,

Калі яны былі ўжо далёка ад дому Міхі, мужчыны, якія жылі ў ваколіцах каля Міхі, сабраліся і дагналі сыноў Дана,
 
і, калі яны былі ўжо далёка ад дома Міхі, мужчыны, якія жылі ў ваколіцах каля дома Міхі, сабраліся і дагналі сыноў Дана,

і ззаду за імі паднялі крык. Тыя павярнуліся і сказалі да Міхі: «Што табе? Чаго крычыш?»
 
і ззаду за імі паднялі крык. Калі яны азірнуліся, сказалі яны Міху: «Што табе? Чаму вы збегліся?»

Ён сказаў: «Бога майго, якога я зрабіў сабе, вы забралі, і сьвятара, і ўсё, што маю, і яшчэ кажаце: “Што табе?”»
 
Ён адказаў: «Багоў маіх, якіх я зрабіў сабе, вы забралі, і святара, і ўсё, што маю, і яшчэ кажаце: “Што табе?”»

І сказалі яму сыны Дана: «Каб больш ня чулі мы голасу твайго за сабою, каб людзі нашыя са злосьці ня кінуліся на цябе. Забірай душу тваю і душы дому твайго».
 
І сказалі яму сыны Дана: «Сцеражыся, каб больш не гаварыць з намі, і каб людзі са злосці не кінуліся на цябе, і каб ты з усім домам тваім не загінуў».

І сыны Дана пайшлі дарогаю сваёй, а Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, вярнуўся ў дом свой.
 
І, так пачаўшы шлях, пайшлі яны далей. А Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, вярнуўся ў свой дом.

А тыя шэсьцьсот чалавек узялі тое, што зрабіў Міха, і сьвятара ягонага, і прыйшлі ў Ляіш, да народу, [які жыве] ў супакоі і бясьпецы, і забілі яго вострывам мяча, а горад спалілі агнём.
 
А тыя шэсцьсот чалавек узялі тое, што зрабіў Міха, і святара яго, і прыбылі ў Лаіс, да народа спакойнага і бесклапотнага, і пабілі яго мечам, а горад аддалі агню,

І ніхто ня мог ім дапамагчы, бо яны далёка жылі ад Сідону і ня мелі ніякіх справаў з Асурам. Гэты горад быў у лагчыне ў Бэт-Рэхове, і [сыны Дана] адбудавалі яго нанова, і жылі ў ім.
 
бо зусім ніхто не мог ім дапамагчы, таму што яны далёка жылі ад Сідона, а да таго не мелі ніякіх адносін і спраў з Сірыяй. Горад жа быў у даліне Бэт-Рэхоб; і яны, адбудаваўшы яго нанова, пасяліліся ў ім,

І назвалі горад гэты Дан, ад імя Дана, бацькі свайго, народжанага Ізраілем. Раней гэты горад называўся Ляіш.
 
назваўшы горад гэты Дан, ад імя Дана, бацькі свайго, народжанага Ізраэлем; раней гэты горад называўся Лаіс.

Сыны Дана паставілі сабе рэзьбленага ідала, а Ёнатан, сын Гершома, сына Майсея, і сыны ягоныя былі сьвятарамі ў пакаленьні Дана аж да дня выгнаньня [ў няволю] зямлі гэтай.
 
І яны паставілі сабе выразанага балвана, а Ёнатан, сын Гэрсама, сына Майсея, а таксама сыны яго былі святарамі ў пакаленні Дана аж да дня страты гэтае зямлі;

І рэзьблены [ідал], якога зрабіў Міха, заставаўся ў іх увесь час, калі Дом Божы быў у Шыло.
 
і балван Міхі заставаўся ў іх увесь час, калі дом Божы быў у Сіло.