Судзьдзяў 2 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І зыйшоў анёл ГОСПАДА з Гільгалу ў Бахім, і сказаў: «Я вывеў вас з Эгіпту і завёў вас у зямлю, якую Я запрысяг бацькам вашым, і сказаў: “Не парушу запавету Майго з вамі на вякі.
 
І сышоў Анёл Госпадаў з Галгала ў Бахім і сказаў: «Я вывеў вас з Егіпта і завёў вас у зямлю, якою Я прысягнуў бацькам вашым і паабяцаў ім, каб не парушыць запавету Майго з вамі навекі,

Не заключайце запавет з жыхарамі зямлі гэтай, але разваліце ахвярнікі іхнія”. Але вы не захацелі паслухаць голасу Майго. Чаму вы гэтак зрабілі?
 
толькі так, каб вы не дамаўляліся з жыхарамі гэтай зямлі, а разбурылі іх ахвярнікі. Але вы не захацелі паслухаць голасу Майго. Чаму вы гэта зрабілі?

І Я сказаў: “Ня буду выганяць іх перад абліччам вашым, каб былі яны вам цернем, а богі іхнія будуць для вас пасткаю”».
 
Дзеля таго і Я не буду выганяць іх перад абліччам вашым, каб былі яны вам путамі, а багі іх — на пагібель».

Калі анёл ГОСПАДА прамаўляў словы гэтыя да ўсіх сыноў Ізраіля, яны ўзьнялі голас свой і заплакалі.
 
І калі Анёл Госпадаў гаварыў гэтыя словы да ўсіх сыноў Ізраэля, яны закрычалі і заплакалі.

І назвалі імя месцу гэтаму Бахім, і яны там склалі ахвяру ГОСПАДУ.
 
І было названа месца тое Бахімa, і яны там склалі ахвяру Госпаду.

І адпусьціў Егошуа народ, і пайшлі сыны Ізраіля, кожны ў спадчыну сваю, каб узяць на ўласнасьць зямлю.
 
І адпусціў Ешуа народ, і пайшлі сыны Ізраэля кожны ў спадчыну сваю, каб узяць зямлю.

І служылі яны ГОСПАДУ ў-ва ўсе дні Егошуа і старшыняў, якія жылі пасьля Егошуа і бачылі ўсе вялікія дзеяньні ГОСПАДА, якія ўчыніў Ён для Ізраіля.
 
І служылі яны Госпаду ва ўсе дні Ешуа і старэйшын, якія жылі доўга па яго смерці, і бачылі ўсю вялікую справу Госпада, якую ўчыніў Ён для Ізраэля.

І памёр Егошуа, сын Нуна, слуга ГОСПАДА, маючы сто дзесяць гадоў.
 
І памёр Ешуа, сын Нуна, слугі Госпада, маючы сто дзесяць гадоў;

І пахавалі яго ў межах спадчыны ягонай у Тымнат-Хэрэсе на гары Эфраіма, на поўнач ад гары Гааш.
 
і пахавалі яго ў межах спадчыны яго ў Тамнатсары, на гары Эфраім, на паўночным баку гары Гаас,

І калі ўсё тое пакаленьне адыйшло да бацькоў сваіх, паўстала іншае пакаленьне пасьля іх, якое ня ведала ГОСПАДА і таго, што Ён зрабіў для Ізраіля.
 
і ўсё тое пакаленне адышло да бацькоў сваіх, і паўстала іншае пакаленне па іх, якое не ведала Госпада і таго, што Ён зрабіў для Ізраэля.

І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і служылі Баалам.
 
Тады пачалі сыны Ізраэля ўчыняць ліха перад абліччам Госпада і служыць Баалам,

І пакінулі яны ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і пайшлі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія жылі вакол іх, і пакланяліся ім, і гнявілі ГОСПАДА.
 
і пакінулі яны Госпада, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, і пайшлі за чужымі багамі, за багамі народаў, што жылі навакол іх, і пакланяліся ім, і ўзбуджалі гнеў Госпада,

І яны пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалу і Астарце.
 
пакідаючы Яго і служачы Баалу і Астарце.

І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, якія зрабавалі ахвярнікі іхнія, і аддаў іх у рукі ворагаў, якія жылі вакол, і яны ўжо не маглі супрацівіцца ворагам сваім.
 
Дык разгневаўся Госпад на Ізраэль і аддаў яго ў рукі рабаўнікоў, якія яго рабавалі, і аддаў яго ў рукі ворагаў, якія жылі вакол, і яны ўжо не маглі выстаяць перад ворагам сваім;

І ў-ва ўсім, што яны рабілі, рука ГОСПАДА была ім на зло, як ГОСПАД казаў і як ГОСПАД прысягаў. І былі яны ў вялікім уціску.
 
але, куды б ні хацелі яны ісці, рука Госпада была над імі на зло, як Госпад казаў і прысягаў ім. І былі яны ў вялікім уціску.

І паставіў ім ГОСПАД судзьдзяў, каб яны ратавалі іх ад рукі крыўдзіцеляў іхніх.
 
Тады паставіў ім Госпад суддзяў, каб яны вызвалялі іх ад рукі крыўдзіцеляў іх;

Але яны і судзьдзяў сваіх ня слухалі, і паганіліся з багамі чужымі, і ім пакланяліся. Хутка збочвалі яны з дарогі, якою ішлі бацькі іхнія, якія слухалі прыказаньні ГОСПАДА. А яны рабілі насуперак.
 
але і суддзяў не хацелі слухаць, паганячыся з чужымі багамі і ім пакланяючыся. Хутка збочылі яны з дарогі, якою ішлі бацькі іх, якія слухалі настаўленні Госпада, яны ж рабілі ўсё насуперак.

Калі ГОСПАД даваў ім судзьдзяў, ГОСПАД быў з судзьдзёю і ратаваў іх ад рук ворагаў іхніх у-ва ўсе дні судзьдзі, бо ГОСПАД літаваўся над імі, калі яны стагналі ад тых, што іх уціскалі і перасьледавалі.
 
І калі Госпад даваў ім суддзяў, Госпад быў з суддзёю, і вызваляў іх ад рук ворагаў іх праз увесь час суддзі, бо Госпад змякчаўся міласэрнасцю і чуў стогны няшчасных.

Калі ж паміраў судзьдзя, яны адварочваліся і дапускаліся горшых злачынстваў, чым бацькі іхнія, ідучы за багамі чужымі, служачы ім і пакланяючыся ім, не пакідалі яны ўчынкаў сваіх ліхіх і шляху свайго ліхога.
 
Калі ж паміраў суддзя, яны адварочваліся і ўчынялі горшыя злачынствы, чым бацькі іх, ідучы за чужымі багамі, служачы ім і пакланяючыся ім: не кідалі яны ўчынкаў сваіх і вельмі небяспечную дарогу, па якой прывыклі хадзіць.

І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і Ён сказаў: «За тое, што народ гэты парушыў запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі, і яны ня слухалі голас Мой,
 
І ўзгарэўся гнеў Госпада на Ізраэля, і Ён сказаў: «За тое, што гэта пакаленне парушыла запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іх, і пагардзілі яны голасам Маім,

Я ня выганю перад абліччам іхнім народы, якіх пакінуў Егошуа, калі памёр,
 
Я не выганю перад імі паганаў, якіх пакінуў Ешуа, калі памёр,

каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будуць яны захоўваць шлях ГОСПАДА і хадзіць па ім, як захоўвалі бацькі іхнія, ці не?»
 
каб праз іх выпрабаваць Ізраэль, ці будзе ён пільнаваць дарогу Госпадаву і хадзіць па ёй, як пільнавалі бацькі яго, ці не».

І пакінуў ГОСПАД народы гэтыя, і ня выгнаў іх хутка, і не аддаў іх у рукі Егошуа.
 
Дык пакінуў Госпад гэтыя народы, і не захацеў зараз жа выганяць іх, і не аддаў іх у рукі Ешуа.