Судзьдзяў 15 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Праз нейкі час, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон наведаў жонку сваю і прынёс ёй казьляня. Калі хацеў увайсьці да яе, бацька ейны забараніў яму,
 
А па нейкім часе, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон прыйшоў, жадаючы наведаць жонку сваю, і прынёс ёй казляня з казінага статка. Калі хацеў увайсці, як звычайна, у пакой яе, бацька яе забараніў яму,

кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму. Але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе. Няхай яна будзе табе за жонку».
 
кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму; але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе: хай яна будзе табе жонкаю».

І сказаў ім Самсон: «У такім выпадку ня буду вінаваты адносна Філістынцаў, калі буду ім рабіць шкоду».
 
Адказаў яму Самсон: «З гэтага дня не буду вінаваты адносна філістынцаў, бо буду вам рабіць шкоду».

І пайшоў Самсон, і налавіў трыста лісаў, і ўзяў паходні, і прывязаў хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні.
 
І пайшоў Самсон, і налавіў трыста лісаў, і звязаў іх хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні.

І запаліў паходні, і пусьціў іх на збожжа Філістынскае, і спаліў ім снапы і няжатае збожжа, і сады вінаградныя, і сады аліўкавыя.
 
Запаліўшы паходні, ён пусціў лісаў, каб яны разбегліся ў розныя бакі. Лісы адразу ж пабеглі на палі філістынцаў. Запаліўшы іх, яны спалілі і ўжо сабраны ўраджай, і тое, што ў той час было ў сцябле, так што полымя ахапіла нават і вінаграднікі з маслінавымі гаямі.

І пыталіся Філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тымны, бо ён забраў у яго жонку і аддаў яе сябру ягонаму». І пайшлі Філістынцы, і спалілі жанчыну і бацьку яе.
 
І пыталіся філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тамны, бо ён адабраў у яго жонку і аддаў яе іншаму — вось што ён зрабіў». Дык пайшлі тады філістынцы і спалілі жанчыну і бацьку яе.

А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, дык я не супачыну, пакуль не адпомшчу вам».
 
А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, то не супакоюся, пакуль вам не адпомшчу».

І прынёс ім вялікае зьнішчэньне, перабіваючы сьцёгны і лыткі. І пайшоў, і жыў у пячоры ў скале ў Этаме.
 
І прынёс ім вялікае знішчэнне, перабіваючы сцёгны і лыткі. А ён пайшоў і абжыўся ў пячоры скалы ў Этаме.

І пайшлі Філістынцы ў зямлю Юды, і разлажыліся там табарам, і да Лехі даходзілі войскі іхнія.
 
І пайшлі філістынцы ў зямлю Юды і сталі лагерам, і да Лехіaдаходзілі іх войскі.

І сказалі ім людзі з пакаленьня Юды: «Чаму вы выйшлі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і адплаціць яму за тое, што ён нам зрабіў».
 
І сказалі ім тады людзі з пакалення Юды: «Чаму вы выступілі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і аддаць яму за тое, што ён нам зрабіў».

І тры тысячы мужчынаў з пакаленьня Юды пайшлі на вяршыню гары ў Этаме, і сказалі Самсону: «Ці ты ня ведаеш, што Філістынцы пануюць над намі? Што ты нарабіў нам?» Ён ім сказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў».
 
Дык тры тысячы мужчын з пакалення Юды пайшлі да пячоры скалы ў Этаме і сказалі Самсону: «Ці ты не ведаеш, што філістынцы валадараць над намі? Чаму ты пажадаў зрабіць гэта?» Ён ім адказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў».

І сказалі яму: «Прыйшлі мы зьвязаць цябе і выдаць у рукі Філістынцаў». І сказаў ім Самсон: «Прысягніце мне, што мяне не заб’ецё».
 
«Прыйшлі мы, — кажуць яму, — звязаць цябе і выдаць у рукі філістынцаў». Сказаў ім Самсон: «Прысягніце і паабяцайце мне, што мяне не заб’яце».

Яны сказалі: «Не заб’ём, але зьвязанага выдадзім цябе ім». І зьвязалі яго дзьвюма новымі вяроўкамі, і зьвялі са скалы.
 
Яны сказалі: «Не заб’ём, але звязанага, выдадзім цябе». І звязалі яго дзвюма новымі вяроўкамі, і звялі яго са скалы ў Этаме.

І так прыйшоў ён у Леху, і Філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач. І Дух ГОСПАДА зыйшоў на яго, і вяроўкі, якімі былі зьвязаныя рукі ягоныя, зрабіліся як перагарэўшы лён, і путы распаўзьліся і пападалі з рук ягоных.
 
Калі прыбыў ён у Леху і філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач, Дух Госпадаў сышоў на яго, і, як звычайна знішчаецца лён ад вогненнага дыму, так вяроўкі, якімі быў ён звязаны, рассыпаліся і развязаліся.

І ён знайшоў сьвежю сківіцу асьліную, і схапіў яе рукою сваёй, і забіў ёю тысячу чалавек.
 
Тады, знайшоўшы яшчэ свежую асліную сківіцу, ён, схапіўшы яе, знішчыў ёю тысячу чалавек.

І сказаў Самсон: «Сківіцаю асьлінай я гару іх наваліў! Сківіцаю асьлінай тысячу чалавек я забіў!»
 
І сказаў ён: «Сківіцаю аслінаю я знішчыў іх, сківіцаю дзіцяняці аслінага тысячу чалавек я забіў!»

А калі перастаў гаварыць, кінуў сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехі.
 
І, калі пракрычаў ён гэтыя словы, кінуў з рукі сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехіb.

І адчуў вялікую смагу, і клікаў да ГОСПАДА, і сказаў: «Ты рукою слугі Твайго ўчыніў вялікае збаўленьне і перамогу, а цяпер прыйдзецца мне памерці ад смагі і патрапіць у рукі неабрэзаных».
 
І, чуючы вялікую смагу, паклікаў ён Госпада, і казаў: «Ты рукою слугі Свайго даў гэта найвялікшае збаўленне і перамогу, і вось, я паміраю ад смагі і траплю ў рукі неабрэзаных».

І Бог адкрыў скалу ў Лехі, і выцекла адтуль вада. І ён напіўся вады, і набраўся сілы, і акрыяў. Таму тую крыніцу назвалі Эн-Гаккорэ, і яна ў Лехі да сёньняшняга дня.
 
Тады Бог адкрыў скалу ля Лехі і выцекла адтуль вада. Напіўшыся вады, ён ажыў духам і набраўся сілы. Таму тое месца называюць Эн-Гакарэcда сённяшняга дня.

І быў ён судзьдзёю Ізраіля ў дні Філістынцаў дваццаць гадоў.
 
І быў ён суддзёю Ізраэля ў дні філістынцаў дваццаць гадоў.