Судзьдзяў 14 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І зыйшоў Самсон у Тымну, і ўбачыў там жанчыну з дачок Філістынскіх.
І пайшоў Самсон у Тамну, і, убачыўшы там жанчыну з дачок філістынскіх,
І вярнуўся, і паведаміў бацьку свайму і маці: «У Тымне бачыў я жанчыну з дачок Філістынскіх. Цяпер вазьміце мне яе за жонку».
ён вярнуўся, і заявіў бацьку свайму і маці, кажучы: «У Тамне бачыў я жанчыну з дачок філістынскіх, прашу, каб вы ўзялі яе мне за жонку».
Бацька і маці сказалі яму: «Ці ж няма жынчыны між дачок братоў тваіх і ў-ва ўсім народзе маім, што захацеў ты ўзяць сабе жонку ў Філістынцаў неабрэзаных?» Сказаў Самсон бацьку свайму: «Вазьмі яе мне, бо ўпадабалі яе вочы мае».
Бацька і маці яго сказалі яму: «Ці ж няма жанчыны між дачок братоў тваіх і ва ўсім народзе тваім, што захацеў ты ўзяць сабе жонку ў філістынцаў, якія неабрэзаныя?» І сказаў Самсон бацьку свайму: «Вазьмі яе мне, бо ўпадабалі яе вочы мае».
Бацькі ж яго ня ведалі, што гэта справа ГОСПАДА і што Ён шукае прычыны выступіць супраць Філістынцаў, бо ў той час Філістынцы панавалі над Ізраілем.
Бацькі ж яго не ведалі, што гэта справа Госпада і што Ён шукае прычыны выступіць супраць філістынцаў. Бо ў той час філістынцы валадарылі над Ізраэлем.
І пайшоў Самсон з бацькам і маці ў Тымну. І калі падыходзілі яны да вінаграднікаў гораду, выскачыў малады леў і стаў насупраць яго.
І пайшоў Самсон з бацькам сваім і маці ў Тамну. І, калі падыходзілі яны да вінаграднікаў горада, выскачыў з рыкам малады леў і пабег насустрач яму.
І зыйшоў тады на Самсона Дух ГОСПАДА, і ён разьдзёр маладого ільва як казьляня, бо нічога ня меў у руках. Але бацьку і маці не сказаў, што зрабіў.
І сышоў тады на Самсона Дух Госпадаў, і ён разадраў ільва на кускі, як казляня, зусім нічога не маючы ў руках. Але бацьку і маці аб гэтым не пажадаў сказаць.
І ён прыйшоў, і размаўляў з жанчынай, якую ўпадабалі вочы ягоныя.
І прыйшоў, і размаўляў з жанчынай, якую ўпадабалі яго вочы.
Праз нейкі час, калі ён вяртаўся, каб забраць яе, калі зыйшоў у бок, убачыў парэшткі ільва, і рой пчолаў на целеягоным, і плястар мёду.
І па нейкім часе, калі ён вяртаўся, каб забраць яе, ён сышоў у бок, каб убачыць труп ільва; і вось, рой пчол быў на яго целе і пчаліныя соты з мёдам.
І ўзяў яго ў рукі, і еў мёд у дарозе. І вярнуўся да бацькі і маці, і даў ім частку, і яны пакаштавалі. Але не хацеў ім казаць, што мёд узяў з цела ільва.
І, узяўшы іх у рукі, ён еў мёд у дарозе; і, вярнуўшыся да бацькі свайго і маці, ім даў частку, каб і яны пакаштавалі. Але не хацеў ім казаць, што мёд узяў з цела льва.
І бацька ягоны пайшоў да той жынчыны, і справіў там Самсон банкет, які звычайна спраўляюць нарачоныя.
Дык бацька яго пайшоў да тае жынчыны, і справіў там Самсон банкет, бо так звычайна робяць нарачоныя.
А калі там убачылі яго, далі яму трыццаць вясельных сяброў, якія былі пры ім.
А калі жыхары таго месца ўбачылі яго, яны далі яму трыццаць вясельных сяброў, якія былі пры ім.
І зьвярнуўся да іх Самсон: «Загадаю я вам загадку. Калі разгадаеце мне яе за сем дзён банкету, я дам вам трыццаць шатаў ільняных і трыццаць зьменаў вопратак.
Сказаў ім Самсон: «Загадаю я вам загадку: калі разгадаеце мне яе за сем дзён банкету, дам я вам трыццаць шатаў ільняных і столькі ж тунікаў.
А калі ня зможаце разгадаць, вы дасьцё мне трыццаць шатаў ільняных і трыццаць зьменаў вопратак». Яны адказалі яму: «Загадвай загадку сваю, а мы будзем слухаць».
А калі не зможаце разгадаць, вы дасцё мне трыццаць шатаў ільняных і такую ж колькасць тунікаў». Яны адказалі яму: «Загадвай сваю загадку, каб мы паслухалі яе».
І ён сказаў ім: «З таго, хто есьць, выйшла тое, што [можна] зьесьці, а з дужага выйшла слодыч». І тры дні не маглі яны адгадаць загадкі.
І ён сказаў ім: «З таго, хто есць, выйшла ежа, а з дужага выйшла слодыч». І тры дні не маглі яны адгадаць загадку.
Калі надыйшоў чацьвёрты дзень, сказалі яны жонцы Самсона: «Угавары мужа твайго, каб ён разгадаў нам загадку, а іначай спалім цябе і дом бацькі твайго. Ці вы на тое запрасілі нас сюды, каб абрабаваць нас?»
А калі надышоў чацвёрты дзень, сказалі яны жонцы Самсона: «Прылашчы мужа свайго і ўгавары яго, каб ён сказаў табе, што азначае загадка; калі не пажадаеш зрабіць гэта, спалім цябе і дом бацькі твайго: ці вы таму запрасілі нас сюды, каб абрабаваць нас?»
І плакала жонка Самсона перад ім, і казала: «Ненавідзіш ты мяне і не кахаеш, і таму загадкі, якую загадаў сынам народу майго, ня хочаш мне разгадаць». А ён сказаў: «Нават бацьку свайму і маці я не разгадаў бы яе. А як магу табе выявіць?»
Ліла слёзы жонка Самсона перад ім і скардзілася, кажучы: «Ненавідзіш ты мяне і не любіш, таму загадку, якую загадаў сынам народа майго, не хочаш мне растлумачыць». А ён адказаў: «Нават бацьку свайму і маці не жадаю гаварыць аб гэтым, а як магу табе растлумачыць?»
І яна плакала перад ім сем тых дзён, калі спраўлялі банкет. У сёмы дзень нарэшце разгадаў ёй, бо яна вельмі дакучала яму. А яна як найхутчэй перадала гэта сынам народу свайго.
Дык яна плакала перад ім сем дзён, калі спраўлялі банкет: сёмага дня ўрэшце растлумачыў ён ёй загадку, бо яна вельмі дакучала яму. А яна адразу ж перадала гэта суайчыннікам сваім.
І яны ў сёмы дзень перад заходам сонца сказалі яму: «Што саладзейшае за мёд, і хто дужэйшы за льва». Ён жа ім сказаў: «Калі б вы не аралі ялаўкай маёй, не разгадалі б загадкі маёй».
І яны сёмага дня перад захадам сонца сказалі яму: «Што саладзейшае за мёд, і хто дужэйшы за льва?» Ён ім сказаў: «Калі б вы не аралі ялаўкай маёй, не разгадалі б маёй загадкі».
І зыйшоў на яго Дух ГОСПАДА, і ён пайшоў у Ашкелён, і забіў там трыццаць чалавек, зьняў з іх адзеньне і аддаў тым, якія разгадалі загадку. І, разгневаны вельмі, вярнуўся ў дом бацькі свайго.
Тады сышоў на яго Дух Госпадаў, і ён пайшоў у Аскалон, і забіў там трыццаць чалавек: знятае з іх адзенне аддаў ён тым, якія разгадалі загадку. І, разгневаны дужа, вярнуўся ў дом бацькі свайго.
А жонка Самсона выйшла за вясельнага сябра ягонага, які быў пры ім.
Жонка ж Самсонава выйшла за аднаго з вясельных сяброў яго.