Судзьдзяў 18 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Тых дзён ня было караля ў Ізраеля; і тых дзён плямя Данова шукала сабе спадку, ідзе б асяліцца, бо ня выпала яму дагэнуль поўнага спадку пасярод плямёнаў Ізраелявых.
 
У той час не было цара ў Ізраэлі, і пакаленне Дана шукала сабе зямлю ва ўласнасць, каб жыць на ёй, бо аж да гэтага дня яно не атрымала зямлю сярод іншых пакаленняў.

І паслалі сынове Дановы ад роду свайго пяцёх чалавекаў зь ліку свайго, людзёў харобрых із Цоры а зь Ештаолу, каб выглядзець зямлю й праскумаць яе, і сказалі ім: «Пайдзіце, праскумайце зямлю». І яны прышлі на гару Яхрэмаву аж да дому Мішынага, і начавалі там.
 
Такім чынам, выправілі сыны Дана са свайго пакалення і сваёй сям’і пяць чалавек, людзей наймужнейшых, з Сараа і Эстаола, каб выведалі зямлю і пільна разгледзелі яе, і сказалі ім: «Ідзіце і выведайце гэтую зямлю». Калі прыйшлі яны на гару Эфраім, аж да дома Міхі, яны там заначавалі.

Яны былі ў доме Мішыным, і пазналі яны голас маладога Левіта, і зайшліся туды, і сказалі яму: «Хто цябе прывёў сюды, і што ты тут робіш, і што табе тут?»
 
Калі яны былі блізка да дома Міхі, пазналі яны голас юнака левіта і, сышоўшы там з дарогі, спыталіся ў яго: «Хто цябе сюды прывёў? Што ты тут робіш? З якой прычыны захацеў ты сюды прыйсці?»

Ён сказаў ім: «Тое а тое зрабіў імне Міха, і наняў мяне, і я стаў у яго за сьвятара».
 
Ён адказаў ім: «Гэта і гэта зрабіў для мяне Міха і за плату наняў мяне, каб я быў яму святаром».

І яны сказалі яму: «Папытай, калі ласка, у Бога, каб нам ведаць, ці будзе дасьпешная дарога наша, у каторую мы йдзем».
 
І прасілі яны яго, каб параіўся ён з Богам, каб яны маглі ведаць, ці ідуць яны спрыяльнай дарогай і ці будзе справа мець поспех.

Сказаў ім сьвятар: «Ідзіце ў супакою; перад СПАДАРОМ дарога ваша, у каторую вы пойдзеце».
 
Ён адказаў ім: «Ідзіце ў супакоі. Госпаду даспадобы дарога ваша і шлях, якім вы накіроўваецеся».

І пайшлі тыя пяцёх мужоў, і прышлі да Лаішу, і абачылі люд, каторы ўнутры яго, што ён жывець бязрупатліва, подле звычаю Сыдонян, ціхі а бязрупатлівы, і што ня было прысаромлюючых за што-колечы ў краю ад маючых уладу; і далёкія яны ад Сыдонян, і ніякага дачыненьня ня было ў іх ні зь кім.
 
Такім чынам, пайшлі тыя пяць чалавек, і прыбылі ў Лаіс, дзе ўбачылі народ, што жыве ў ім без якога-небудзь страху па звычаі сідонцаў, бесклапотны і спакойны, бо не было нікога, хто нападаў бы на іх зямлю; і з вялікімі багаццямі, і далёка ад сідонцаў, і не мелі ніякіх адносін з Сірыяй.

І прышлі яны да братоў сваіх да Цоры а Ештаолу, і сказалі ім браты іхныя: «З чым вы?»
 
І, вярнуўшыся да сваіх братоў у Цору і Эстаол, адказалі яны на пытанне, што зроблена імі:

Яны сказалі: «Устаньма і ўзыйдзіма на іх; бо мы бачылі зямлю, і вось, яна вельмі добрая. А вы маўчыце? не лянуйцеся пайсьці, увязацца ў спадак зямлі.
 
«Устаньце і пойдзем супраць іх. Бо мы бачылі зямлю вельмі багатую і ўраджайную, і вы адмовіцеся ад яе? Не марудзьце; пойдзем і здабудзем яе.

Як прыйдзеце вы, прыйдзеце да люду бязрупатлівага, і зямля тая прасторная, — бо даў яе Бог у рукі вашы, — гэта месца, ідзе няма нястачы ні ў чым, што ў зямлі».
 
Пойдзем да людзей бесклапотных у зямлю найпрасторнейшую. Дасць нам Бог месца, дзе няма ніякай нястачы ні ў чым, што ёсць на зямлі».

І крануліся стуль радзімы Дановы з Цоры а Ештаолу, шасьцьсот мужоў, паперазаўшыся ваеннай зброяю.
 
Дык вырушылі адтуль з пакалення Дана з Цоры і Эстаола, шэсцьсот чалавек, узброеных да бою.

Яны ўзышлі а разьлягліся табарам у Кіраф-Еарыме, у Юдэі. Затым і завуць тое месца табарам Дановым дагэтуль; яно адзаду Кіраф-Еарыму.
 
Яны пайшлі і сталі лагерам у Карыят-Ярыме ў Юдэі. І тое месца з таго часу ўзяло імя Лагер Дана, і знаходзіцца ззаду ад Карыят-Ярыма.

І перайшлі стуль яны на гару Яхрэмаву, і прышлі аж да дому Мішынага.
 
Адсюль пайшлі яны на гару Эфраім. І калі прыйшлі яны аж да дома Міхі,

І адказалі тыя пяцёх мужоў, каторыя хадзілі выглядаць зямлю Лаіш, і сказалі братом сваім: «Ці ведаеце, што ў дамох гэтых наплечнік, тэрафім, выразаны абраз а выліваны абраз? дык ведайце, што рабіць».
 
пяць чалавек, якія раней пасланыя былі для выведвання зямлі Лаіс, сказалі братам сваім: «Ці ведаеце, што ў дамах гэтых ёсць эфод, і тэрафім, і выразаны балван, і балван, выліты з металу? Выведайце, што вам падабаецца, каб зрабіць гэта».

І зайшліся туды, і прышлі да дому дзяцюка Левіта, у дом Мішын, і прывіталі яго.
 
І калі яны крыху павярнулі, увайшлі яны ў дом юнака левіта, у дом Міхі, і прывіталі яго мірнымі словамі.

А шасьцьсот чалавекаў, якія із сыноў Дановых, паперазаўшыся ваеннаю зброяю, стаялі ля ўходу брамы.
 
Шэсцьсот жа чалавек, так як былі ўзброеныя, стаялі перад брамай.

І ўзышлі пяцёх чалавекаў, што хадзілі выглядаць зямлю, увыйшлі туды, узялі выразаны абраз а наплечнік а тэрафім а выліваны абраз. І сьвятар стаяў ля ўходу брамы, і тыя ж шасьцьсот чалавекаў, паперазаўшыся ваеннаю зброяю.
 
А тыя, што ўвайшлі ў дом юнака, узялі выразанага балвана, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Святар стаяў перад брамай і шэсцьсот ваяроў поруч.

А гэтыя ўвыйшлі ў дом Мішын, і ўзялі выразаны абраз, наплечнік, тэрафім а выліваны абраз. І сказаў ім сьвятар: «Што вы робіце?»
 
І вось, тыя, што ўвайшлі ў дом Міхі, узялі выразаную статую, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Сказаў ім святар: «Што вы робіце?»

І сказалі яны яму: «Маўчы, палажы руку сваю на вусны свае, і йдзі з намі: і будзь нам за айца а за сьвятара. Ці валей быць табе сьвятаром у дому аднаго чалавека, ці быць сьвятаром у плямені і ў радзіме ў Ізраелю?»
 
Яны яму адказалі: «Маўчы і палажы палец на вусны свае і хадзі з намі, каб мелі мы цябе і за бацьку, і за святара. Як табе лепей: быць святаром у доме аднаго чалавека ці быць святаром у адным пакаленні і родзе ў Ізраэлі?»

І ўзрадавалася сэрца сьвятарова, і ўзяў наплечнік а тэрафім а выразаны абраз, і пайшоў сярод люду.
 
І ўзрадаваўся святар, і ўзяў эфод і тэрафіма, а таксама выразанага балвана, і пайшоў з народам.

І яны завярнуліся, і пайшлі, і пусьцілі дзецяняты, статак а цяжары наперад.
 
Калі яны пайшлі далей, а перад сабою пусцілі ісці дзяцей, і жывёлу, і ўсё, што было ў іх каштоўнага,

Яны адышліся ад дому Мішынага. Людзі ў дамох, суседніх із домам Мішыным, згукаліся й дагналі сыноў Дановых,
 
і, калі яны былі ўжо далёка ад дома Міхі, мужчыны, якія жылі ў ваколіцах каля дома Міхі, сабраліся і дагналі сыноў Дана,

І гукалі сыном Дановым. І абярнулі віды свае, і сказалі Місе: «Чаго табе, што ты згукаў людзёў?»
 
і ззаду за імі паднялі крык. Калі яны азірнуліся, сказалі яны Міху: «Што табе? Чаму вы збегліся?»

І сказаў: «Багі мае, каторыя я зрабіў, вы ўзялі, і сьвятара, і пайшлі; і чаго яшчэ болей? І што ж вы кажаце імне: "Чаго табе?"»
 
Ён адказаў: «Багоў маіх, якіх я зрабіў сабе, вы забралі, і святара, і ўсё, што маю, і яшчэ кажаце: “Што табе?”»

І сказалі яму сынове Дановы: «Хай ня будзе чуцён голас твой меж нас, каб не напалі на вас людзі, зьнемарашчаныя душою, і ты згубіш душу сваю і душу дому свайго».
 
І сказалі яму сыны Дана: «Сцеражыся, каб больш не гаварыць з намі, і каб людзі са злосці не кінуліся на цябе, і каб ты з усім домам тваім не загінуў».

І пайшлі сынове Дановы сваёю дарогаю; і абачыў Міха, што яны дужшыя за яго, абярнуўся й зьвярнуўся да дому свайго.
 
І, так пачаўшы шлях, пайшлі яны далей. А Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, вярнуўся ў свой дом.

І яны ўзялі тое, што зрабіў Міха, і сьвятара, каторы быў у яго, і пайшлі да Лаішу, на люд супакойны а бязруплівы, і паразілі іх лязом мяча, а места спалілі цяплом.
 
А тыя шэсцьсот чалавек узялі тое, што зрабіў Міха, і святара яго, і прыбылі ў Лаіс, да народа спакойнага і бесклапотнага, і пабілі яго мечам, а горад аддалі агню,

І ня было ратуючага, бо ён быў воддаль ад Сыдону, і ні зь кім ня меў дачыненьня, і ён быў у даліне ля Веф-Рэгова. І яны збудавалі места, і асяліліся ў ім.
 
бо зусім ніхто не мог ім дапамагчы, таму што яны далёка жылі ад Сідона, а да таго не мелі ніякіх адносін і спраў з Сірыяй. Горад жа быў у даліне Бэт-Рэхоб; і яны, адбудаваўшы яго нанова, пасяліліся ў ім,

І назвалі імя места: Дан, імям Дана, айца свайго, каторы радзіўся Ізраелю, але Лаіш імя места таго было ўперад.
 
назваўшы горад гэты Дан, ад імя Дана, бацькі свайго, народжанага Ізраэлем; раней гэты горад называўся Лаіс.

І ўстанавілі сабе сынове Дановы выразаны абраз; і Ёнафан, сын Ґіршона Манасёнка, ён а сынове ягоныя былі сьвятарамі ў плямені Дановым аж да дня перасяленьня зямлі.
 
І яны паставілі сабе выразанага балвана, а Ёнатан, сын Гэрсама, сына Майсея, а таксама сыны яго былі святарамі ў пакаленні Дана аж да дня страты гэтае зямлі;

І пастанавілі сабе выразаны абраз, што зрабіў Міха, і стаяў усі дні, пакуль быў дом Божы ў Шыле.
 
і балван Міхі заставаўся ў іх увесь час, калі дом Божы быў у Сіло.