Судзьдзяў 6 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Зрабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і аддаў іх СПАДАР у рукі Мідзянян на сем год.
 
А сыны Ізраэля чынілі зло перад абліччам Госпада, і Госпад аддаў іх на сем гадоў у рукі мадыянцаў.

І сілілася рука Мідзянян над Ізраелям. Ад Мідзянян зрабілі сабе сынове Ізраелявы раськепіны ў горах а пячоры а гарады.
 
І моцна прыціскалі іх мадыянцы. Дык сыны Ізраэля зрабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і найбяспечнейшыя месцы.

І было: як пасее Ізраель, і ўвыйдзе Мідзян а Амалік а сынове ўсходу, і ўзыходзяць на яго;
 
І калі ізраэльцы сеялі збожжа, то прыходзілі мадыянцы, і Амалек, і іншыя ўсходнія народы, і хадзілі сярод іх,

І разьлягаліся табарамі, і нікбілі плады зямлі аж да прыходу твайго да Ґазы, і не пакідалі на выжывеньне ў Ізраелю ані авечкі, ані вала, ані асла;
 
і ставілі палаткі побач з імі, як быццам былі яны на пашы, і нішчылі ўсё аж да Газы, не пакідаючы для Ізраэля ніякіх сродкаў для жыцця: ані авец, ані валоў, ані аслоў.

Бо яны й статкі іхныя ўзыходзілі з буданамі, прыходзілі, як шаранча, у множасьці; а ім і вярблюдом іхным ня было ліку, і прыходзілі да зямлі Ізраельскае, каб пустошыць яе.
 
Бо самі яны прыходзілі разам з усімі сваімі статкамі, і з палаткамі сваімі, і, як саранча, запаўнялі ўсё незлічоным мноствам людзей і вярблюдаў

І пагалеў Ізраель вельмі ад Мідзянян, і загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА.
 
І быў вельмі прыніжаны Ізраэль мадыянцамі. І пачалі Ізраэльцы клікаць Госпада і прасіць

І было, як загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА на Мідзянян,
 
аб дапамозе супраць мадыянцаў.

Дык паслаў СПАДАР чалавека, прароку сыном Ізраелявым, і сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я ўзьвёў вас ізь Ягіпту, і вывеў вас із дому нявольнікаў,
 
Госпад паслаў ім прарока, які сказаў: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я вывеў вас з Егіпта, і вывеў вас з дому няволі,

І выбавіў вас із рукі Ягіпцян і з рукі ўсіх, што ўціскалі вас, і прагнаў іх ад вас, і даў вам зямлю іхную,
 
і вызваліў вас з рук егіпцян і ўсіх ворагаў, якія чынілі вам шкоду: і выгнаў іх перад вамі, і аддаў вам зямлю іх”.

І сказаў вам: ’Я СПАДАР, Бог ваш; ня бойцеся багоў Аморэйскіх, у каторых зямлі вы жывіце’; але вы не паслухалі голасу Майго"».
 
І Я сказаў: “Я — Госпад, Бог ваш, не пакланяйцеся багам амарэяў, на зямлі якіх пражываеце. А вы не захацелі слухаць голас Мой”».

І прышоў Ангіл СПАДАРОЎ, і сеў у Офры пад дубам Ёаша Авезрацкага, а Ґедэон, сын ягоны, малаціў тады пшонку ў вінной таўчэльні, каб схаваць яе ад Мідзян.
 
І з’явіўся Анёл Госпадаў, і сеў пад дубам, што быў у Эфры, які належаў Ёасу, бацьку роду Абіязэра. І калі Гедэон, сын яго, малаціў і ачышчаў у давільні збожжа, каб яго схаваць ад мадыянцаў,

І зьявіўся яму Ангіл СПАДАРОЎ, і сказаў яму: «СПАДАР із табою, дужасіле!»
 
з’явіўся яму анёл Госпадаў і сказаў: «Госпад з табою, наймужнейшы з людзей!»

І сказаў яму Ґедэон: «О спадару мой! І калі СПАДАР із намі, дык чаму стрэла нас усе гэта? І йдзе ўсі чудосы Ягоныя, праз каторыя павядалі нам айцове нашы, кажучы: "Ці не зь Ягіпту вывеў нас СПАДАР?" А цяпер пакінуў нас СПАДАР і аддаў нас у рукі Мідзянян».
 
І Гедэон сказаў яму: «Прабач, гаспадар мой, калі Госпад з намі, чаму прыйшло да нас усё гэта? Дзе цуды Яго, аб якіх расказвалі нам бацькі нашыя, калі казалі: “З Егіпта вывеў нас Госпад”. Цяпер жа пакінуў нас Госпад і аддаў у рукі мадыянцаў».

І зьвярнуўся да яго СПАДАР, і сказаў: «Ідзі з гэтаю сілаю сваёю і выбаві Ізраеля з рукі Мідзянян; ці ня Я пасылаю цябе?»
 
І Госпад глянуў на яго і сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю сваёй і вызвалі Ізраэль ад рук мадыянцаў: ведай, што Я пасылаю цябе».

І сказаў Яму: «О СПАДАРУ мой! чым выбаўлю я Ізраеля? Вось, наша тысяча найбяднейшая ў Манаса, і я наймалодшы ў доме айца свайго».
 
Гедэон у адказ сказаў: «Скажы, гаспадар мой, якім чынам вызвалю я Ізраэль? Вось, род мой — найбяднейшы ў пакаленні Манасы, а я апошні ў сям’і бацькі майго».

І сказаў яму СПАДАР: «Бо Я буду з табою, і ты паразіш Мідзянян, як аднаго чалавека».
 
І Госпад адказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш мадыянцаў як аднаго чалавека».

І сказаў Яму: «Калі ж я прыдбаў ласку ў ваччу Тваім, то зрабі імне знак, што Ты гутарыш з імною.
 
Адказаў ён Госпаду: «Калі знайшоў я ласку ў Цябе, дай мне знак, што гэта Ты гаворыш са мною.

Не адступі адсюль, пакуль я ня прыйду да Цябе, і ня вынясу дару свайго, і не палажу перад табою». Ён сказаў: «Я забаўлюся тут, аж пакуль зьвернешся».
 
Не адыходзь адсюль, пакуль я не вярнуся і не прынясу ахвяру, каб скласці яе Табе». А Госпад на гэта адказаў: «Я пачакаю твайго прыходу».

І Ґедэон зайшоўся й прыгатаваў казянё а праснакоў зь ефы мукі; мяса палажыў у сутнік, а страву ўліў у гаршчок, і прынёс да Яго пад дуб, і дабліжыў.
 
Такім чынам, Гедэон пайшоў і падрыхтаваў казляня, і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а мясную поліўку — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму.

І сказаў яму Ангіл Божы: «Вазьмі мяса а праснакі, і палажы на гэтую скалу, і вылі страву». Ён так і зрабіў.
 
І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і хлебныя праснакі і палажы іх на скале той, а поліўкі выліеш зверху». І калі ён зрабіў так,

І выцягнуў Ангіл СПАДАРОЎ канец палкі, каторая ў руццэ ў яго, і дакрануўся да мяса а праснакоў; і ўзышло цяпло із скалы, і зжэрла мяса а праснакі; і Анліл СПАДАРОЎ адышоў ад аччу ягонага.
 
анёл Госпадаў працягнуў канец палкі, якую трымаў у руцэ, і дакрануўся ёю да мяса і хлебных праснакоў; і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і хлебныя праснакі; анёл жа Госпадаў знік з вачэй яго.

І абачыў Ґедэон, што Ангіл СПАДАРОЎ гэта, і сказаў Ґедэон: «О гора, Спадару СПАДАРУ! бо я бачыў Ангіла СПАДАРОВАГА відам у від».
 
І Гедэон, зразумеўшы, што гэта быў анёл Госпадаў, сказаў: «О Госпадзе, Ты — гаспадар мой, бо я ўбачыў анёла Госпадава твар у твар!»

І сказаў яму СПАДАР: «Супакой табе, ня бойся, не памрэш».
 
І сказаў яму Госпад: «Супакой табе: не бойся, не памрэш!»

І збудаваў там Ґедэон аброчнік СПАДАРУ, і назваў яго: СПАДАР Супакою, — Егова Шалом. Ён яшчэ дагэтуль у Офры Авезравай.
 
Такім чынам, паставіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: «Ягвэ-Шалом — Супакой Госпада». Аж па сённяшні дзень ахвярнік гэты ёсць у Эфры, у сыноў Абіязэра.

І сталася тае ночы, што сказаў яму СПАДАР: «Вазьмі цялё-бычка айца свайго і другога быка сямігодняга і разбуры аброчнік Ваала ў вайца свайго, дзерва балванова, каторае ля яго, сьсячы,
 
У тую ноч сказаў Госпад Гедэону: «Вазьмі быка бацькі свайго і другога быка, сямігадовага, і разбуры ахвярнік Баала, уласнасць бацькі свайго, і ссячы святы гай, што каля ахвярніка,

І збудуй аброчнік СПАДАРУ, Богу свайму, на версе гэтага моцнага месца на ўладжаным месцу, і вазьмі другога быка, і абрачы на ўсепаленьне на дровах дзерва балвановага, каторае сьсячэш».
 
і пастаў ахвярнік Госпаду, Богу твайму, на вяршыні гэтае скалы, на якой раней учыніў ты ахвярапрынашэнне: і вазьмі таксама другога быка, і ўскладзі цэласпаленне на вогнішчы з дрэў, якія ссячэш у святым гаі».

І ўзяў Ґедэон дзесяцёх чалавекаў із слугаў сваіх, і зрабіў, як казаў яму СПАДАР. І сталася; а што баяўся хатніх айца свайго і людзёў места, калі б зрабіў гэта ўдзень, то зрабіў гэта ночы.
 
Такім чынам, узяў Гедэон дзесяць чалавек з паслугачоў сваіх, і зрабіў, як загадаў яму Госпад. Але баяўся ён роду бацькі свайго і жыхароў таго горада і не хацеў гэтага рабіць днём, але ўсё выканаў ноччу.

І ўсталі месцкія людзі нараніцы, і вось, разбураны аброчнік Ваалаў, і дзерва балванова пры ім сьсечана, і другі бык узьнесены на ўсепаленьне на аброчніку збудаваным.
 
І калі раніцай падняліся людзі таго горада, то ўбачылі разбураны ахвярнік Баала, і ссечаны святы гай, і другога бычка, ускладзенага на ахвярнік, што быў тады пабудаваны.

І казалі адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І яны сачылі, і шукалі, і сказалі: «Ґедэон Ёашонак зрабіў гэта».
 
І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І калі шукалі яны таго, хто зрабіў гэта, сказалі: «Гедэон, сын Ёаса, зрабіў усё гэта».

І сказалі месцкія людзі Ёашу: «Вывядзі сына свайго, хай ён памрэць, бо разбурыў аброчнік Ваалаў, і за тое, што сьсек дзерва балванова, каторае пры ім».
 
І сказалі Ёасу: «Выведзі сюды сына свайго, і няхай ён памрэ, бо разбурыў ахвярнік Баала і ссек святы гай».

Ёаш сказаў усім, што стаялі каля яго: «Ці вам сьперачацца за Ваала, ці вам спасаць яго? Хто будзе сьперачацца за яго, тый хай памрэць да раньня; калі ён Бог, то хай сам сьперачаецца за сябе, за тое, што разбураны аброчнік ягоны».
 
А Ёас адказаў ім: «Няўжо вы будзеце мсціўцамі за Баала, каб змагацца за яго? Хто праціўнік Баала, будзе пакараны да раніцы смерцю; калі ён бог, хай сам адпомсціць за сябе таму, хто разбурыў ахвярнік яго».

І назваў яго таго дня Еруваалом, кажучы: «Хай Ваал сьперачаецца зь ім, ён разбурыў аброчнік ягоны».
 
З таго дня Гедэон быў названы Ерабаал, бо гаварыў Ёас: «Хай Баал помсціць за сябе таму, хто разбурыў ахвярнік яго».

І ўвесь Мідзян, і Амалік, і сынове ўсходу зьберліся разам, і перайшлі раку, і разьлягліся табарам на даліне Ізраельскай.
 
Такім чынам, усе мадыянцы, Амалек і ўсходнія народы, сабраліся разам і пераправіліся праз Ярдан, і сталі лагерам у даліне Езрагэль.

І Дух СПАДАРОЎ ахінуў Ґедэона: ён затрубіў у рог і згукаў за сабою Авезра.
 
І Дух Госпада ахапіў Гедэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе род Абіязэра, каб пайшоў ён за ім.

І паслаў паслоў па ўсім Манасу, і яго таксама згукалі за ім; і паслаў паслоў да Ашэра а Завулона а Неффаліма, і гэтыя ўзышлі наўпярэймы ім.
 
І паслаў ён вестуноў да ўсяго пакалення Манасы, які і сам пайшоў за ім, а таксама паслаў пасланцоў да пакалення Асэра, Забулона і Нэфталі, якія пайшлі, каб з ім злучыцца.

І сказаў Ґедэон Богу: «Калі Ты манішся выбавіць рукою маёй Ізраеля, як казаў Ты,
 
І сказаў Гедэон Богу: «Калі хочаш выратаваць Ізраэль праз мяне, як Ты казаў,

Дык вось, я расьцялю стрыжаную воўну на такаўні: калі раса будзе адно на воўне, а на ўсёй зямлі суха, то буду ведаць, што выбавіш рукою маёй Ізраеля, як казаў Ты».
 
то я рассцялю на таку стрыжаную воўну і, калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі будзе суха, буду ведаць, што рукою маёй, як Ты сказаў, Ты вызваліш Ізраэль».

І сталася так: і ўстаўшы назаўтрае ён пачаў сьціскаць воўну, і выціснуў з воўны расы цэлы жбанок вады.
 
І так сталася. Устаўшы раніцай і сціснуўшы воўну, ён напоўніў поўную чашу расою.

І сказаў Ґедэон Богу: «Хай не ўзгарыцца гнеў Твой на мяне, што я скажу яшчэ раз, калі ласка, спрабую адно гэты раз із воўнаю: няхай будзе суха на аднэй воўне, а на ўсёй зямлі няхай будзе раса».
 
І зноў сказаў Гедэон Богу: «Не гнявіся на мяне, калі я яшчэ раз паспрабую атрымаць знак на воўне. Прашу, каб раніцай была сухой толькі сама воўна, а на ўсёй зямлі хай будзе раса».

І зрабіў Бог так тае ж ночы: і было суха на воўне аднэй, а на ўсёй зямлі была раса.
 
І ўчыніў Бог ноччу тое, што ён прасіў: толькі сама воўна засталася сухой, а па ўсёй зямлі была раса.