Судзьдзяў 10 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І паўстаў просьле Авімелеха на спасеньне Ізраеля Фола, сын Пуі Додзянка, з плямені Іссасхаровага. І ён жыў у Шаміру на гары Яхрэмавай.
Па Абімэлеху на вызваленне Ізраэля паўстаў кіраўнік Тола, сын Пувы, сына Дадо, чалавек з пакалення Ісахара, які жыў у Саміры на гары Эфраіма.
І судзіў ён Ізраеля дваццаць тры гады, і памер, і пахаваны ў Шаміру.
І ён судзіў Ізраэль дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Саміры.
І паўстаў просьле яго Яір Ґілеадзянін, і судзіў Ізраеля дваццаць два гады.
Па ім быў Яір з Галаада, які судзіў Ізраэль дваццаць два гады.
І было ў яго трыццацёх сыноў, каторыя езьдзілі на трыццацёх маладых аслох, і трыццаць местаў было ў іх; іх дагэтуль завуць сёламі Яіровымі, каторыя ў зямлі Ґілеадзкай.
І меў ён трыццаць сыноў, якія ездзілі на трыццаці маладых аслах і мелі трыццаць гарадоў, якія па сённяшні дзень называюцца Гавот Яірa, яны ў зямлі Галаад.
І памер Яір, і пахаваны ў Камоне.
І памёр Яір, і пахаваны ён у Камоне.
І далей сынове Ізраелявы рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА, і служылі Ваалам а Астартам а багом Арамейскім а багом Сыдонскім а багом Моаўскім а багом сыноў Амонавых а багом Пілісцкім; і пакінулі СПАДАРА, і ня служылі Яму.
А сыны Ізраэля, далучаючы да старых грахоў новыя, чынілі зло перад абліччам Госпада, і служылі яны Баалам і Астартам, багам Арама, Сідона і Мааба, і сынам Амона і Філістына; і пакінулі яны Госпада, і не пакланяліся Яму.
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і Ён выдаў іх у рукі Пілішчан а ў рукі сыноў Амонскіх.
І, разгневаўшыся на іх, Госпад аддаў іх у рукі Філістына і ў рукі сыноў Амона.
Яны душылі а ўціскалі сыноў Ізраелявых з тога году асьмінанцаць год, усіх сыноў Ізраелявых, каторыя на тым баку Ёрдану ў зямлі Аморэйскай, каторая ў Ґілеадзе.
І яны вынішчалі і страшна ўціскалі ўсе васемнаццаць гадоў сыноў Ізраэля, што жылі за Ярданам у зямлі амарэяў у Галаадзе, настолькі, што
І перайшлі сынове Амонскія Ёрдан, каб весьці вайну таксама зь Юдаю а Венямінам а домам Яхрэмавым, і вельмі цесна было сыном Ізраеля.
сыны Амона пераходзілі Ярдан, каб ваяваць супраць Юды і Бэньяміна і дому Эфраіма; і быў Ізраэль у вялікім уціску.
І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, кажучы: «Мы ізграшылі перад Табою, і тым, што пакінулі Бога свайго, і тым, што служылі Ваалам».
І клікалі сыны Ізраэля Госпада, і казалі: «Зграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, і служылі Баалу».
І сказаў СПАДАР сыном Ізраелявым: «Ці ня ўціскалі вас Ягіпцяне а Аморэі а сынове Амонавы а Пілішчане
Сказаў ім Госпад: «Калі егіпцяне, і амарэі, і сыны Амона, і філістынцы,
А Сыдоняне а Амалік а Моаўляне, і вы гукалі да Мяне, і Я выбаўляў вас із рук іхных.
сідонцы, а таксама Амалек і Мадыян уціскалі вас, а вы прызывалі Мяне, ці ж Я не вырваў вас з іх рук?
А вы пакінулі Мяне і служылі іншым багом; за тое Я ня буду ўжо выбаўляць вас.
А вы ўсё роўна пакінулі Мяне і пакланяліся чужым багам; таму не буду ратаваць вас болей.
Пайдзіце, гукайце да багоў, каторых вы абралі, няхай яны выбаўляюць вас у часе ўціску вашага».
Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі: хай яны вас ратуюць у час гора!»
І сказалі сынове Ізраелявы СПАДАРУ: «Ізграшылі мы; учыні Ты з намі подле ўсёга, што добра ў ваччу Тваім, адно выбаў нас, калі ласка, цяпер».
І казалі сыны Ізраэля Госпаду: «Зграшылі мы; зрабі Ты з намі, што Табе падабаецца, толькі цяпер выратуй нас!»
І яны аддалілі чужыя багі з пасярод сябе, і служылі СПАДАРУ. І зжалілася душа Ягоная над мучэньням Ізраеля.
Сказаўшы гэта, выкінулі яны са сваіх межаў усіх ідалаў чужых багоў, і служылі Госпаду, Які пашкадаваў Ізраэль у яго горы.
І згукаліся сынове Амонавы, і разьлягліся табарам у Ґілеадзе; і зьберліся сынове Ізраелявы, і разьлягліся табарам у Міцпе.
Такім чынам, сыны Амона сабраліся і паставілі палаткі ў Галаадзе; насупраць іх у Міцпе сабраліся сыны Ізраэля і там сталі лагерам.
І сказалі люд — князі Ґілеадзкія адзін аднаму: «Хто тый чалавек, што пачнець ваяваць супроці сыноў Амонавых? будзе тый галавою ўсіх жыхараў Ґілеадзкіх».
І гаварылі народ і князі галаадскія, кожны асобна — блізкім сваім: «Хто супраць сыноў Амона пачне ваяваць першы, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Галаада».