Судзьдзяў 3 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І во тыя народы, каторыя пакінуў СПАДАР, каб прабаваць імі Ізраелцаў, усіх, каторыя ня ведалі праз усі войны Канаанскія,
Гэта народы, якія Госпад пакінуў, каб праз іх выпрабаваць Ізраэль, усіх, якія не ведалі войнаў з хананеямі,
Адно дзеля веданьня родаў сыноў Ізраелявых, каб вучыць іх вайны, бо ўперад ня зналі яе:
каб навучыліся наступныя пакаленні сыноў Ізраэля змагацца з ворагамі, бо яны не ведалі войнаў:
Пяцёх князёў Пілісцкіх, усі Канааняне, Сыдоняне а Гэвеі, што жывуць на гары Лібане, ад гары Ваал-Гэрмону аж да ўходу ў Гамаф.
пяць валадароў філістынскіх, а таксама ўсе хананеі, сідонцы і гівеі, што пражывалі ў гарах Лібана, пачынаючы ад гары Баал-Гэрмон аж да ўваходу ў Эмат.
І яны былі, каб імі прабаваць Ізраелцаў, даведацца, ці будуць яны паслушныя расказаньням СПАДАРОВЫМ, каторыя Ён расказаў айцом іхным Масеям.
Ён пакінуў іх, каб праз іх выпрабаваць Ізраэля, ці будзе ён трымацца настаўленняў Госпада, якія загадаў Ён бацькам іх праз Майсея, ці не.
І сынове Ізраелявы жылі сярод Канааняніна, Гэціча, Аморэя, Ферэзэя, Гэвея а Евусэя;
Такім чынам сыны Ізраэля абжыліся сярод хананеяў, хетэяў, амарэяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў.
І бралі дачкі іхныя сабе за жонкі, і свае дачкі аддавалі за сыноў іхных, і служылі багом іхным.
І бралі яны за жонак іх дачок, і самі сваіх дачок аддавалі іх сынам, і служылі багам іх.
І зрабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і забыліся СПАДАРА, Бога свайго, і служылі Ваалам а Астартам.
І дапусціліся сыны Ізраэля ліха перад Госпадам, і забыліся на Госпада, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце.
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і выдаў іх у рукі Хушан-Рышафаіма, караля Арам-Нагараіму, і служылі сынове Ізраелявы Хушан-Рышафаіму восьмі год.
І разгневаўся Госпад на Ізраэль, і аддаў іх у рукі Хусан-Расатаіма, цара Арам-Нагараіма, і служылі сыны Ізраэля яму восем гадоў.
Тады загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, і пастанавіў вывальніка сыном Ізраелявым, каторы вывальніў іх, Офнеля, сына Кеназа, брата Калевавага, меншага за яго.
І прызывалі яны Госпада, Які паставіў ім збаўцу Атаніэля, сына Кенэза, малодшага брата Калеба, які вызваліў іх.
І быў на ім Дух СПАДАРОЎ, і ён судзіў Ізраеля. Ён вышаў на вайну, і аддаў СПАДАР у рукі ягоныя Хушан-Рышафаіма, караля Араму, і дужая была рука ягоная над Хушан-Рышафаімам.
І быў на ім Дух Госпадаў, і судзіў ён Ізраэль; і ваяваў ён; і аддаў Госпад у рукі яго Хусан-Расатаіма, цара Арам-Нагараіма, і ён перамог яго.
І ціха было ў зямлі. І памер Офнель Кеназёнак.
І адпачывала зямля сорак гадоў, і Атаніэль, сын Кенэза, памёр.
І далей рабілі ліха сынове Ізраелявы ў ваччу СПАДАРА, і ўмацаваў СПАДАР Еґлона, караля Моаўскага, супроці Ізраелцаў, за тое, што яны рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА.
А сыны Ізраэля зноў пачалі чыніць ліха перад абліччам Госпада, Які ўмацаваў супраць іх Эглона, цара Мааба, бо чынілі яны ліха перад Госпадам.
Ён зьбер да сябе сыноў Амонавых а Амалікавых, і пайшоў, і зразіў Ізраеля, і апанавалі яны места Пальмаў.
І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пабіў Ізраэль, і заняў горад Пальмаў.
І служылі сынове Ізраелявы Еґлону, каралю Моаўскаму, асьмінанцаць год.
І сыны Ізраэля служылі Эглону, цару Мааба, васемнаццаць гадоў.
І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, і СПАДАР пастанавіў ім вывальніка Егуда Ґеранка, Венямінаўца, мужа не валодаючага праваю рукою. І паслалі сынове Ізраелявы ім дары Еґлону, каралю Моаўскаму.
І сыны Ізраэля клікалі Госпада, Які даў ім збаўцу Эгуда, сына Гэра, з пакалення Бэньяміна, які замест правай карыстаўся левай рукой. Сыны Ізраэля паслалі праз яго дары Эглону, цару Мааба.
І зрабіў сабе Егуд меч із двума лязамі, локаць удаўжкі, і прыперазаў яго пад вопраткаю сваёю з правага боку свайго.
І Эгуд зрабіў сабе меч двухбаковавостры, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад сваім адзеннем на правым баку,
І дабліжыў дар Еґлону, каралю Моаўскаму, Еґлон жа быў чалавек вельма таўсты.
і прынёс ён падарункі Эглону, цару Мааба. Эглон жа быў вельмі тлусты.
І было, як скончыў даваць дар, то адпусьціў люд, што прынесьлі дар,
І калі даў яму дары, адпусціў людзей, якія іх прынеслі;
А сам зьвярнуўся ад выразаных балваноў, каторыя ў Ґілґале, і сказаў: «Тайнае слова ё ў мяне да цябе, каролю». Ён сказаў: «Ціха!» І вышлі ад яго ўсі, што стаялі пры ім.
і, вярнуўшыся з Галгала, дзе былі ідалы, сказаў цару: «О цар, маю для цябе таемнае слова». І той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі.
Егуд увыйшоў да яго; ён сядзеў у верхнім халадковым пакою, каторы меў аднаму сабе. І сказаў Егуд: «Слова Божае ў мяне да цябе». І ён устаў із свайго седава.
Эгуд жа падышоў да яго, калі ён сядзеў у летнім пакоі, які займаў толькі ён адзін, і сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той хутка падняўся з пасада.
Егуд выцягнуў левую руку сваю, і ўзяў меч з правага боку свайго, і ўсадзіў у чорава ягонае,
І Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і ўсадзіў яго ў жывот яго
І ўвыйшло таксама дзяржаньне за лязом, і тук пакрыў лязо; бо ня выцягнуў ляза з чэрава ягонага, і прайшоў у кутніцу.
так моцна, што чаранок услед мечу ўвайшоў у рану і засеў у вялікім тлушчы. І ён не выняў меча, але пакінуў яго ў целе, так, як ударыў, і адразу ж, [з-за сакрэтаў прыроды], кал са страўніка лінуў наверх.
І вышаў Егуд перазь сені, і зачыніў за сабою дзьверы верхняга пакою, і замкнуў.
І выйшаў Эгуд у залу, і замкнуў за сабою дзверы пакоя, і ўмацаваў іх засаўкай.
А як ён вышаў, слугі прышлі й бачаць, і вось, дзьверы верхняга пакою замкнёныя, і кажуць: «Пэўне ён прыкрывае ногі свае ў халадковым пакою».
Пасля яго выхаду прыйшлі царскія паслугачы, і, калі ўбачылі замкнутыя дзверы пакоя, сказалі: «Напэўна, мыецца ў летнім пакоі».
І ждалі аж сароміліся, і вось, ён не адмыкае дзьвярэй верхняга пакою, і ўзялі ключ, і адамкнулі, і вось, спадар іхны ўпаў на зямлю мертвы.
І чакалі доўга, пакуль не ўстрывожыліся, і, бачачы, што ніхто не адчыняе, узялі ключы, і адчынілі дзверы, і знайшлі гаспадара свайго, які ляжаў на зямлі нежывы;
А Егуд уцёк, пакуль яны длякаліся, прайшоў за выразаныя балваны й уцёк да Сэйрагу.
Эгуд жа, пакуль яны чакалі, уцёк і прайшоў ідалаў, адкуль вярнуўся і прыбыў у Сэйру.
І было, як ён прышоў і затрубіў у трубу на гары Яхрэмавай, дык зышлі зь ім сынове Ізраелявы з гары, і ён сьпераду іх.
І зараз жа затрубіў у трубу на гары Эфраім; і сыны Ізраэля сышлі з ім з гары, і ён ішоў на чале.
І сказаў ім: «Ганіце за імною, бо аддаў СПАДАР варагоў вашых, Моава, у рукі вашы». І зышлі за ім, і заваявалі броды Ёрдану аж да Моаву, і не давалі нікому пераходзіць.
Сказаў ён ім: «Ідзіце за мною; бо Госпад выдаў ворагаў вашых, маабцаў, у вашы рукі». І яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, каторымі праходзяць у Мааб, і не дазволілі нікому прайсці.
І пабілі Моава ў тым часе каля дзесяцёх тысячаў чалавекаў, кажнага таўстога а кажнага дужасіла, і ніхто ня ўцёк.
І ў гэты час забілі яны каля дзесяці тысяч маабцаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя мужчыны. І ніводзін з іх не змог уцячы.
І быў Моаў укораны ў тым дню пад руку Ізраеля, і было ціха ў зямлі асьмідзясят год.
І ўпакораныя былі ў той дзень маабцы ізраэльцамі, і восемдзесят гадоў зямля жыла спакойна.
І просьле яго быў Шам-Ґар Анафёнак, і зразіў Пілішчан шасьцьсот чалавекаў валовім нарогам, і ён таксама вывальніў Ізраеля.
Па ім быў Самгар, сын Аната, які пабіў філістынцаў шэсцьсот чалавек кіем для быкоў, і сам ён таксама ўратаваў Ізраэль.