Эстэр 8 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
У той дзень цар Артаксэркс аддаў царыцы Эстэры дом Амана, ворага Юдэяў; а Мардахэй увайшоў перад аблічча цара, бо Эстэр абвясьціла, што ён для яе.
Таго дня кароль Агасвер аддаў караліцы Естэры дом Гаманоў, уцісканьніка Юдэяў; а Мордэхай увыйшоў перад від караля, бо Естэр азнайміла, хто ён ёй.
І зьняў цар пярсьцёнак свой, які ён адабраў у Амана, і аддаў яго Мардахэю; а Эстэр паставіла Мардахэя наглядчыкам над домам Амана.
І зьняў Кароль жуковіну сваю, каторую ён адняў у Гамана, і аддаў яе Мордэхаю; Естэр жа прызначыла Мордэхая над домам Гамановым.
І гаварыла Эстэр далей перад царом і ўпала да ног ягоных, і плакала і ўмольвала яго адхіліць злосьць Амана Вугэяніна і намысел ягоны, які ён намысьліў супроць Юдэяў.
І гукала Естэр ізноў перад каралём, і пала ў ногі яму, і плакала й маліла яго адвярнуць ліха Гамана Аґаґяніна а замер ягоны, каторы выдумаў супроці Юдэяў.
І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр; і ўстала Эстэр, і стала перад абліччам цара,
І выцягнуў кароль да Естэры залаты ськіпетр; і ўстала Естэр, і стала перад каралём,
і сказала: калі цару заўгодна, і калі я здабыла ўпадабаньне перад абліччам ягоным, справядлівая справа гэтая перад абліччам цара, і падабаюся я вачам ягоным, дык няхай было б напісана, каб вернутыя былі пісьмы паводле намыслаў Амана, сына Амадата, Вугэяніна, пісаныя ім пра зьнішчэньне Юдэяў ва ўсіх вобласьцях цара;
І сказала: «Калі каралю зьлюб, і калі я прыдбала ласку перад відам ягоным, і годная справа гэтая перад відам караля, і калі люба я ачом ягоным, то хай бы было напісана, каб былі зьвернены лісты, выдумка Гамана Гамэдафенка, Аґаґяніна, каторыя ён напісаў выгубіць Юдэяў у вусіх краінах каралеўскіх!
бо, як я магу бачыць бедства, якое спасьцігне народ мой, і як я магу бачыць пагібель родных маіх?
Бо як я магу бачыць ліха, каторае прыйдзе на люд мой, і як я магу бачыць згубу родных імне?»
І сказаў цар Артаксэркс царыцы Эстэры і Мардахэю Юдэю: вось, я дом Амана аддаў Эстэры, і яго самога павесілі на дрэве за тое, што накладваў руку сваю на Юдэяў;
І сказаў кароль Агасвер караліцы Естэр а Мордэхаю Юдэю: «Вось, я дом Гаманоў аддаў Естэры, і яго засілілі на шыбеніцы за тое, што ён накладаў руку сваю на Юдэяў;
напішэце і вы пра Юдэяў, што вам заўгодна, ад імя цара і змацуйце царскім пярсьцёнкам, бо ліст, напісаны ад імя цара і змацаваны пярсьцёнкам царскім, нельга зьмяніць.
І вы напішыце празь Юдэяў, што вам зьлюб, ад караля і запячатуйце каралеўскаю жуковінаю; бо ліст напісаны ад караля й запячатаваны жуковінаю каралеўскаю, ня можна зьмяніць».
І пакліканы былі тады царскія пісцы ў трэці месяц, гэта значыцца, у месяц Сіван, на дваццаць трэцім дні яго, і напісана было ўсё, як загадаў Мардахэй, як Юдэям так і сатрапам, і вобласьценачальнікам і ўпраўцам вобласным ад Індыі да Эфіопіі — ста дваццаці сямі вобласьцяў, у кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове ягонай, і да Юдэяў пісьмёнамі іхнімі і на мове іхняй.
І пагуканы былі тады пісары каралеўскія трэйцяга месяца, значыцца месяца Сывана, дваццаць трэйцяга дня, і напісалі ўсе так, як расказаў Мордэхай, да Юдэяў а да намесьнікаў а да вайводаў а да князёў краёў, што ад Інды аж да Ефіопы, да сто дваццаць сямёх краёў, да кажнага краю пісьмом яго й да кажнага народу моваю ягонаю, і да Юдэяў пісьмом іхным і моваю іхнаю.
І напісаў ён ад імя цара Артаксэркса, і змацаваў царскім пярсьцёнкам, і паслаў пісьмы праз ганцоў на конях, на драмадэрах і мулах царскіх,
І напісаў ён ад караля Агасвера, і запячатаваў жуковінаю каралеўскаю, і паслаў лісты ганцамі конна на конях, на вярблюдох, мулах а на жаробках-вярблюдзіцах, —
пра тое, што цар дазваляе Юдэям, якія ў любым горадзе, сабрацца і стаць на абарону жыцьця свайго, зьнішчыць, забіць і загубіць усіх моцных у народзе і ў вобласьці, якія ў варожасьці зь імі, дзяцей жонак, і маёмасьць іхнюю зрабаваць
Праз тое, што кароль дазваляе Юдэям, каторыя ў якім-колечы месьце, зьберціся й стаць на абарону жыцьця свайго, зьнішчыць, забіць а загубіць усіх дужых у людзе і ў краіне, уцісканьнікаў іх, дзецяняты а жонкі, і маемасьць іхную разглабаць,
у адзін дзень па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыцца, месяца Адара.
За адзін дзень па ўсіх краінах караля Агасвера, трынанцатага дня двананцатага месяца, значыцца месяца Адара.
Сьпіс з гэтага ўказу аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвешчаны ўсім народам, каб Юдэі гатовыя былі да таго дня помсьціць ворагам сваім.
Адпіс рукапісу даецца, як расказаньне кажнай краіне, на агалашэньне ўсім людам, і каб Юдэі гатовыя былі да тога дня імсьціцца варагом сваім.
Ганцы, якія паехалі на борздых конях царскіх, пагналі хутка і сьпешна з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе.
Ганцы, што ехалі на вярблюдох, мулах, выехалі падганяныя а націсканыя словам каралеўскім. І расказаньне было дана ў Сусе, сталічным месьце.
І Мардахэй выйшаў ад цара ў царскім адзеньні яхантавага і белага колеру і ў вялікім залатым вянку і ў мантыі вісоннай і пурпуровай. І горад Сузы разьвесяліўся і зарадаваўся.
І Мордэхай вышаў ад караля ў вадзецьцю каралеўскім, сінім і белым, і ў вялікай залатой кароне, і ахіліме цянюсенькага палата а пурпуры. І места Суса весялілася а цешылася.
А ў Юдэяў было тады асьвячэньне і радасьць, і весялосьць і сьвяткаваньне.
У Юдэяў была сьвятліня а радасьць а весялосьць а чэсьць.
І ў кожнай вобласьці і ў кожным горадзе, у кожным месцы, куды толькі даходзіў ўказ ягоны, была радасьць у Юдэяў і весялосьць, гасьціна і сьвяточны дзень. І многія з народаў краіны зрабіліся Юдэямі, бо напаў на іх страх перад Юдэямі.
І ў кажнай краіне, і ў кажным месьце, на ўсялякім месцу, куды прышло слова каралеўскае а расказаньне ягонае, у Юдэяў была весялосьць, а радасьць а чэсьць а сьвята. І шмат хто зь людаў зямлі сталі Юдэямі, бо страх Юдэяў паў на іх.