Эстэр 4 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі Мардахэй даведаўся пра ўсё, што рабілася, падраў вопратку на сабе і надзеў на сябе вярэту ў попеле, і выйшаў на сярэдзіну горада і клікаў зь лямантам вялікім і горкім: зьнішчаецца народ, ні ў чым не вінаваты!
 
І Мордэхай даведаўся ўсе, што дзеялася, і разьдзер адзецьці свае, і ўзлажыў на сябе зрэбніну а попел; і вышаў на сярэдзіну места, і гукаў галашэньням вялікім а гаркім,

І дайшоў да царскае брамы і спыніўся, бо нельга было ўваходзіць у царскую браму ў вярэце.
 
І дайшоў аж да каралеўскае брамы, бо не належа ўходзіць у каралеўскую браму ў зрэбніне.

Гэтак сама і ў любой вобласьці і мясьціне, куды толькі даходзіў загад цара і ўказ ягоны, было вялікае нараканьне ў Юдэяў і пост і плач і лямант; вярэта і попел служылі за пасьцель многім.
 
І ў кажным краю а месьце, куды-колечы дайшло слова каралёва й расказаньне ягонае, была вялікая жалоба ў Юдэяў а пост а плач а галашэньне; і зрэб’е й попел былі пасьцеляю шмат каму.

І прыйшлі служанкі Эстэры і еўнухі яе і расказалі ёй, і моцна затрывожылася царыца. І паслала вопратку, каб Мардахэй надзеў яе і зьняў зь сябе вярэту сваю. Але ён ня прыняў.
 
І прышлі служэбкі Естэрыны і легчанцы ейныя, і азнаймілі ёй, і надта забалела караліцы. І паслала адзецьці, каб Мордэхай адзеў іх і зьняў ізь сябе зрэб’е свае; але ён ня прыняў.

Тады паклікала Эстэр Гатаха, аднаго зь еўнухаў цара, якога ён прыставіў да яе, і паслала яго да Мардахэя даведацца: што гэта і чаму гэта?
 
Тады гукнула Естэр Гафаха, аднаго зь легчанцоў каралеўскіх, каторага ён прызначыў да яе, і расказала даведацца ўзглядам Мордэхая: што гэта й чаму гэта?

І пайшоў Гатах да Мардахэя на гарадскі пляц, які перад царскаю брамаю.
 
І вышаў Гафах да Мордэхая на месцкую вуліцу, каторая перад каралеўскаю брамаю;

І расказаў яму Мардахэй пра ўсё, што зь ім здарылася, пра пэўную колькасьць срэбра, якога абяцаў Аман наважыць у скарбніцу царскую за Юдэяў, каб вынішчыць іх;
 
І азнайміў яму Мордэхай праз усе, што зь ім прылучылася, і праз прызначаны лік срэбра, каторае абяцаў Гаман адважыць скарбнікам каралеўскім за Юдэяў, каб выгубіць іх.

уручыў яму сьпіс указа, абнародаванага ў Сузах, пра зьнішчэньне іх, каб паказаць Эстэры і даць ёй знак пра ўсё; прытым наказваў ёй, каб яна пайшла да цара і маліла яго пра памілаваньне і прасіла яго за народ свой;
 
І даў ёй адпіс рукапісу расказаньня, выданага ў Сусе, вынішчыць іх, каб паказаць Естэры, і зьясьніць ёй, і расказаць ёй, каб яна йшла да караля маліць яго й прасіць яго за люд свой.

І прыйшоў Гатах і пераказаў Эстэры словы Мардахэя.
 
І прышоў Гафах, і азнайміў Естэры словы Мордэхаёвы.

І сказала Эстэр Гатаху і паслала яго сказаць Мардахэю:
 
І сказала Естэр Гафаху, і паведала яму ўзглядам Мордэхая:

усе служкі пры цары і народы ў вобласьцях царскіх ведаюць, што кожнаму і мужчыну і жанчыне, хто ўвойдзе да цара ва ўнутраны двор, калі яго не паклікалі, адзін суд — сьмерць: толькі той, каму падасьць цар свой залаты скіпетр, застанецца жывы. А я ня клікана да цара вось ужо трыццаць дзён.
 
«Усі слугі пры каралю й люды краінаў каралеўскіх ведаюць, што кажнаму, і мужчыне й жонцы, хто ўвыйдзе да караля да нутранога панадворку, ня гуканы, адно права — сьмерць; адно тый, да каго выцягне кароль свой залаты ськіпетр, застанецца жывы. А мяне ня гукаў кароль, вось ужо трыццаць дзён».

І пераказалі Мардахэю словы Эстэры.
 
І азнаймілі Мордэхаю словы Естэрыны.

І сказаў Мардахэй у адказ Эстэры: ня думай, што ты адна выратуешся ў доме царскім з усіх Юдэяў.
 
І сказаў Мордэхай у вадказ Естэры: «Ня думай сабе, што ты ўсьцеражэшся ў доме каралеўскім із усіх Юдэяў;

Калі ты прамаўчыш у гэты час, дык свабода і збавеньне прыйдзе Юдэям зь іншай мясьціны, а ты і дом бацькі твайго загінеце. І хто ведае, ці не дзеля такога часу ты і дасягнула годнасьці царскай?
 
Бо калі ты прамоўчыш, прамоўчыш у гэтым часе, то палёгка а ратунак прыйдзе Юдэям ізь іншага месца, ты ж а дом айца твайго зьгінеце. І хто ведае, ці ня дзеля такога часу, як гэты, ты й дапяла каралеўства?»

І сказала Эстэр ў адказ Мардахэю:
 
І сказала Естэр у вадказ Мордэхаю:

ідзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, якія ў Сузах, і пасьцецеся дзеля мяне, і ня ежце і ня пеце тры дні ні ўдзень, ні ўначы, і я з служанкамі маімі буду таксама пасьціцца і потым пайду да цара, хоць гэта супроць закона, і калі загіну — загіну.
 
«Пайдзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, каторыя ў Сусе, і постуйце дзеля мяне, і ня ежча ані піце тры дні, ані ўдзень, ані ночы; і я, і дзеўкі мае будзем таксама поставаць, і так пайду да караля, дарма што гэта супроці права, і калі загінуць, загіну».

І пайшоў Мардахэй і зрабіў, як сказала яму Эстэр.
 
І прайшоў Мордэхай, і зрабіў, як расказала яму Естэр.