Эстэр 5 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

На трэці дзень Эстэр адзелася па-царску. І стала яна на ўнутраным двары царскага дома, перад домам цара; а цар сядзеў тады на царскім троне сваім, у царскім доме, проста і насупраць уваходу ў дом. Калі цар убачыў царыцу Эстэр, якая стаяла на двары, яна знайшла міласьць у вачах яго.
 
І было пазаўтра: Естэр адзелася пакаралеўску, і стала яна на нутраным панадворку каралеўскага дому, супроці дому каралёвага; кароль жа сядзеў на каралеўскім пасадзе сваім у каралеўскім доме, супроці ўходу ў дом.

І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр, які быў у руцэ ў яго, і падышла Эстэр і дакранулася да канца скіпетра.
 
Як кароль абачыў караліцу Естэр, на панадворку стаячую, яна знайшла ласку ў ваччу ягоным. І выцягнуў кароль да Естэры залаты ськіпетр, што ў руццэ ў яго, і дабліжылася Естэр, і даткнулася канца ськіпетра.

І сказаў ёй цар: што табе, царыца Эстэр, і якая просьба твая? Нават да паўцарства будзе дадзена табе.
 
І сказаў ёй кароль: «Чаго табе, караліца Естэр, і што за просьба твая? нават аж да палукаралеўства будзе дана табе».

І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, хай прыйдзе цар з Аманам сёньня на гасьціну, якую я прыгатавала яму.
 
І сказала Естар: «Калі зьлюб каралю, дык хай прыйдзе кароль із Гаманом сядні на чэсьць, каторую я прыгатавала яму».

І сказаў цар: схадзеце хутчэй па Амана, каб зрабіў па слове Эстэры. І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.
 
І сказаў кароль: «Пабарзьдзіце Гамана, каб зрабіць подле слова Естэрынага». І прышоў кароль із Гаманом на чэсьць, каторую прыгатавала Естэр.

І сказаў цар Эстэры пры піцьці віна: якое жаданьне тваё? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.
 
І сказаў кароль Естэры пры піцьцю віна: «Якое жаданьне твае? і дасца табе; і якая просьба твая? аж да палукаралеўства яна будзе споўнена».

І адказвала Эстэр і сказала: вось маё жаданьне і мая просьба:
 
І адказала Естэр, і сказала: «Мае жаданьне а мая просьба:

калі я знайшла добрую волю ў вачах цара, і калі цару заўгодна задаволіць жаданьне маё і выканаць просьбу маю, дык хай цар з Аманам прыйдзе на гасьціну, якую я прыгатую ім, і заўтра я выканаю слова цара.
 
Калі я прыдбала ласку ў ваччу караля, і калі зьлюб каралю споўніць жаданьне мае і зрабіць подле просьбы мае, то хай прыйдзе кароль із Гаманом на чэсьць, каторую я спраўлю ім, і заўтра я зраблю подле слова каралёвага».

І выйшаў Аман у той дзень вясёлы і дабрадушны. І калі ўбачыў Аман Мардахэя каля брамы царскае, і той ня ўстаў і зь месца не скрануўся перад ім, тады напоўніўся Аман гневам на Мардахэя.
 
І вышаў Гаман таго дня вясёлы і ў добрым настрою. Але як абачыў Гаман Мордэхая ў браме каралеўскай, і тый ня ўстаў, і зь месца не крануўся перад ім, тады напоўніўся ён палкага гневу на Мордэхая.

Аднак жа сьцярпеў Аман. А калі прыйшоў у дом свой, дык паслаў паклікаць сяброў сваіх і Зэрэш, жонку сваю.
 
Адылі ж зьдзержыўся Гаман. І прышоў да дому свайго, і паслаў пазваць да сябе любячых сваіх а Зэрэш, жонку сваю.

І расказваў ім Аман пра вялікае багацьце сваё і пра мноства сыноў сваіх і пра ўсё тое, як узьвялічыў яго цар і як узьнёс над князямі і слугамі царскімі.
 
І паведаў ім Гаман праз славу багацьця свайго, і праз множасьць сыноў сваіх, і праз усе тое, як узьвялічыў яго кароль і як узвышыў яго над князьмі а слугамі каралеўскімі.

І сказаў Аман: ды і царыца Эстэр нікога не паклікала з царом на гасьціну, якую яна прыгатавала, акрамя мяне; так і назаўтра я кліканы да яе з царом.
 
І сказаў Гаман: «Дый караліца Естэр, апрача мяне, нікога не пазвала з каралём на чэсьць, каторую яна прыгатавала; і таксама назаўтрае я пазваны з каралём да яе.

Але ўсяго гэтага ня досыць мне, пакуль я бачу Мардахэя Юдэя, як ён сядзіць каля брамы царскай.
 
Але ўсяго гэтага ня досыць імне, пакуль я бачу Мордэхая, Юдэя, ля брамы каралеўскае седзячага».

І сказала яму Зэрэш, жонка ягоная, і ўсе сябры ягоныя: хай падрыхтуюць дрэва вышынёю ў пяцьдзясят локцяў, і раніцай скажы цару, каб павесілі Мардахэя на ім, і тады весела ідзі на гасьціну з царом. І спадабалася гэта слова Аману, і ён падрыхтаваў дрэва.
 
І сказала яму Зэрэш, жонка ягоная, і ўсі любячыя яго: «Хай пастановяць высокую шыбеніцу пяцьдзясят локцяў увышкі, і нараніцы скажы каралю, каб засіліць Мордэхая на ёй; тады весела йдзі на чэсьць із каралём». І ўпадабаў гэтае слова Гаман, і ён пастанавіў шыбеніцу.