Эстэр 7 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну да Эстэры царыцы.
І прышоў кароль а Гаман на чэсьць да Естэры караліцы.
І сказаў цар Эстэры таксама і ў гэты другі дзень у час гасьціны: якое жаданьне тваё, царыца Эстэр? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.
І сказаў кароль Естэры таксама й другога дня ў часе піцьця віна: «Што за просьба твая, караліца Естэр? тое дасца табе; і што за маленьне твае? аж да палукаралеўства яно будзе споўнена».
І адказвала царыца Эстэр і сказала: калі я знайшла добрую прыхільнасьць у вачах тваіх, цар, і калі цару заўгодна, дык хай будуць дараваны мне жыцьцё маё, паводле жаданьня майго, і народ мой, па просьбе маёй!
І адказала караліца Естэр, і сказала: «Калі я прыдбала ласку ў ваччу тваім, каролю, і калі каралю гэта зьлюб, дык хай будуць дараваны імне жыцьцё мае, подле жаданьня майго, і люд мой, на просьбу маю!
Бо прададзены мы, я і народ мой, на вынішчэньне, забіцьцё і пагібель. Калі б мы прададзены былі ў рабы і рабыні, я маўчала б, хоць вораг не адшкадаваў бы ўшчэрбу цара.
Бо праданы мы, я а люд мой, на вынішчэньне, забіцьцё а загубу. Калі б мы былі праданы за нявольнікаў а нявольніцы, я маўчэла б, хоць уцісканьнік не надгарадзіў бы шкоды каралю».
І адказваў цар Артаксэркс і сказаў царыцы Эстэры: хто гэта такі, і дзе той, які адважыцца ў сэрцы сваім зрабіць так.
І адказаў кароль Агасвер, і сказаў караліцы Естэры: «Хто гэта такі, і йдзе тый, што важыўся ў сэрцу сваім зрабіць гэтак?»
І сказала Эстэр: вораг і няпрыяцель — гэты ліхі Аман! І Аман затрымцеў перад царом і царыцаю.
І сказала Естэр: «Уцісканьнік а непрыяцель — гэты нягодны Гаман!» І Гаман спалохаўся караля а караліцы.
І стаў цар у гневе сваім з гасьціны і пайшоў у сад пры палацы; а Аман застаўся ўмольваць за жыцьцё сваё царыцу Эстэр, бо бачыў, што вызначана яму ліхая доля ад цара.
І кароль устаў у гневе сваім ад піцьця віна, і пайшоў у палацкі сад; Гаман жа застаўся маліць караліцу Естэр за жыцьцё свае, бо ён бачыў, што наканаваў яму кароль ліха.
Калі цар вярнуўся з саду пры палацы ў дом гасьціны, Аман быў прыпалы да ложка, на якім была Эстэр. І сказаў цар: нават і гвалціць царыцу хоча ў доме ў мяне! Слова выйшла з вуснаў цара, — і накрылі твар Аману.
Як кароль зьвярнуўся з палацкага саду да дому піцьця віна, Гаман быў прыпаўшы да ложку, на каторым была Естэр. І сказаў кароль: «Нават і сіліць караліцу хоча ў прытомнасьці маёй у доме!» Слова вышла з вуснаў караля, — і накрылі від Гаману!
І сказаў Харбона, адзін зь еўнухаў пры цары: вось дрэва, якое падрыхтаваў Аман Мардахэю, які гаварыў добрае цару, стаіць каля дома Амана, вышынёю ў пяцьдзясят локцяў. І сказаў цар: павесьце яго на ім.
І сказаў Гарбона, адзін ізь легчанцоў пры каралю: «Во й шыбеніца, каторую пастанавіў Гаман Мордэхаю, каторы казаў добрае праз караля, стаіць ля дому Гамановага, увышкі пяцьдзясят локцяў». І сказаў кароль: «Засіліце яго на ёй».
І павесілі Амана на дрэве, якое ён падрыхтаваў Мардахэю. І гнеў цара аціх.
І засілілі Гамана на шыбеніцы, каторую ён прыгатаваў Мордэхаю. І гнеў каралёў уціхамірыўся.