Эстэр 9 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка
І ў дванаццаты месяц, значыцца месяц Адар, у трынаццаты дзень яго, калі прыйшоў час споўніцца слову валадара і загаду ягонаму, у той дзень, калі ворагі Юдэяў спадзяваліся запанаваць над імі, і зьмянілася ўсё, так што Юдэі запанавалі над ворагамі сваімі,
Потым у дванаццатым месяцы, гэта значыць у месяцы Адар, у ягоны трынаццаты дзень, калі прыйшоў час выканаць загад караля і ягонае вырашэньне, у той дзень, калі ворагі жыдоў спадзяваліся запанаваць над імі, выйшла наадварот, бо жыды запанавалі над сваімі ворагамі.
сабраліся Юдэі ў гарадах сваіх, у-ва ўсіх акругах валадара, каб узьняць руку на тых, якія шукалі ім ліха; і ніхто ня стаў перад абліччам іхнім, бо страх перад імі ахапіў усе народы.
Сабраліся жыды ў сваіх местах, па ўсіх краінах караля Артаксэркса, каб узьняць руку на іх ворагаў і ніхто ня мог ім супроцьстаяць, бо страх перад імі апанаваў усе народы.
І ўсе князі акругаў і сатрапы, і ваяводы, і выканаўцы працаў валадарскіх падтрымлівалі Юдэяў, бо ахапіў іх страх перад Мардэхаем.
Усе-ж намесьнікі краінаў, князі і старшыні і выканаўцы каралеўскіх справаў падтрымлівалі жыдоў, бо апанаваў іх страх перад Мардахэем,
Бо вялікі быў Мардэхай у доме валадара, і вестка пра яго разыходзілася ў-ва ўсе акругі, бо чалавек гэты, Мардэхай, падымаўся і ўзьвялічваўся.
бо быў Мардахэй вялікі ў каралеўскім доме, а ягоная слава разыходзілася па ўсіх краінах, бо гэты муж Мардахэй узьнімаўся вышэй і вышэй.
І білі Юдэі ўсіх ворагаў сваіх ударамі мяча, забіваючы і зьнішчаючы, і рабілі паводле жаданьня свайго тым, што ненавідзелі іх.
І нішчылі жыды ўсіх сваіх ворагаў, сякучы мячом, забіваючы і губячы, і паступалі з непрыяцелямі паводле сваёй волі.
У Шушане сталіцы забілі Юдэі і вынішчылі пяцьсот чалавек.
Нават у Сузан, сталічным месьце, забілі і загубілі жыды пяцьсот чалавек:
І Паршандату, Далфона, Аспату,
і Паршандата, і Далфона, і Асфата;
Парату, Адалію, Арыдату,
і Парата, і Адаля, і Арыдата;
Пармашту, Арысая, Арыдая і Ваізату, —
і Пармоста, і Арысая, і Арыдая, і Ваезата, –
дзесяць сыноў Амана, сына Гамэдата, прыгнятальніка Юдэяў, яны забілі, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.
дзесяцярох сыноў Гамана, сына Гамадата, ворага жыдоў, забілі яны, але не паднялі руку на маемасьць.
У той дзень дайшоў перад аблічча валадара лік забітых у Шушане сталіцы.
У той-жа дзень паведамілі караля аб лічбе забітых у Сузан, сталічным месьце.
І сказаў валадар валадарцы Эстэр: «У Шушане сталіцы забілі Юдэі і выгубілі пяцьсот чалавек і дзесяцёх сыноў Амана. А ў пазасталых акругах валадарскіх што яны зрабілі? Якое жаданьне тваё? І яно будзе дадзена табе. І якая яшчэ просьба твая? І так станецца».
І сказаў кароль каралеве Эстэр: — у Сузан, сталічным месьце, забілі жыды і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцярох сыоў Гамана, дык што-ж яны зрабілі ў іншых каралеўскіх краінах? Якое яшчэ тваё пажаданьне? Яно будзе здаволенае. Якая яшчэ просьба твая? Яна будзе выкананая.
І сказала Эстэр: «Калі валадару [падаецца] добрым, няхай таксама дазволена будзе Юдэям, якія ў Шушане, і заўтра рабіць паводле закону сёньняшняга дня. А дзесяцёх сыноў Амана няхай павесяць на дрэве».
І сказала Эстэр: — калі кароль схоча, дык няхай-бы дазволіў жыдом, што ў Сузан, і заўтра рабіць тое, што сягоньня, а дзесяць сыноў Гамана няхай-бы павесілі на шыбеніцы.
І сказаў валадар зрабіць гэтак, і быў абвешчаны закон у Шушане, і дзесяцёх сыноў Амана павесілі.
І загадаў кароль, каб было так. І даны загад у Сузан і павесілі дзесяцёх сыноў Гамана.
І сабраліся Юдэі, якія ў Шушане, таксама ў чатырнаццаты дзень месяца Адар, і забілі ў Шушане трыста чалавек, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.
І сабраліся жыды, што былі ў Сузан, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адар і забілі ў Сузан трыста чалавек, а на дабычу не паднялі рукі.
А рэшта Юдэяў, якія [былі] ў акругах валадарскіх, сабраліся і сталі на [абарону] жыцьця свайго, і супакоіліся ад ворагаў сваіх, і забілі тых, якія ненавідзелі іх, семдзясят тысячаў, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.
Таксама іншыя жыды, што жылі ў каралеўскіх краінах, сабраліся, каб стаць у абароне жыцьця свайго і каб мець супакой ад сваіх ворагаў і забілі семдзесят пяць тысячаў, а на дабычу не паднялі рукі.
[Так было] ў трынаццаты дзень месяца Адар; а ў чатырнаццаты [дзень] яны супакоіліся і зрабілі яго днём частаваньня і радасьці.
Пачалі ў трынаццаты дзень месяца Адар, а ў чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца перасталі і зрабілі гэты дзень днём бяседаў і вясельля.
А Юдэі, якія [былі] ў Шушане, сабраліся ў трынаццаты дзень яго і ў чатырнаццаты дзень яго; а ў пятнаццаты дзень яго супакоіліся і зрабілі яго днём частаваньня і радасьці.
Жыды-ж, што былі ў Сузан, зьбіраліся ў трынаццаты і чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца, а перасталі ў пятнаццаты дзень гэтага-ж месяца і зрабілі яго днём бяседаў і вясельля.
Дзеля гэтага Юдэі местачковыя, якія жывуць у гарадах неагароджаных, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адар у радасьці і частаваньнях, як дзень сьвяточны, пасылаючы адны адным падарункі.
Дзеля гэтага, жыды што жывуць на сяле, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адар у вясельлі і бяседах, пасылаючы з добрай думкай адзін другому падаркі.
І апісаў Мардэхай гэтыя падзеі, і паслаў лісты да ўсіх Юдэяў, якія ў-ва ўсіх акругах валадара Ахашвэроша, да блізкіх і да далёкіх,
І апісаў Мардахэй гэтыя выпадкі і паслаў лісты ўсім жыдом, што жылі па ўсіх краінах караля Артаксэркса, блізкім і далёкім,
Каб яны з’абавязаліся сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго, год у год,
пастанаўляючы, каб сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго,
як дні, у якія Юдэі супакоіліся ад ворагаў сваіх, і [як] той месяц, у які замяніўся для іх смутак у радасьць, і жалоба — у дзень сьвяточны, каб яны зрабілі іх днямі частаваньня і радасьці, пасылаючы адны адным падарункі і дары для бедных.
як тыя дні, у якіх жыды адпачылі ад ворагаў сваіх, і як месяца, у якім сум абярнуўся ў вясельле, а плач у радасьць, каб сьвяткавалі гэтыя дні з бяседамі і вясельлем, пасылаючы адзін другому падаркі і падаянкі бедным.
І прынялі Юдэі тое, што ўжо самі пачалі рабіць і пра што Мардэхай напісаў ім,
І прынялі жыды тое, што ўжо самыя пачалі рабіць і аб чым пісаў ім Мардахэй,
што Аман, сын Гамэдата, Агагянін, прыгнятальнік Юдэяў, думаў загубіць Юдэяў і кідаў пур, значыцца жэрабя, каб расьцярушыць іх і загубіць іх,
як Гаман, сын Гамадата, Агагеец, думаў згубіць жыдоў і кідаў пур, гэта значыць лёс аб зьнішчэньні і згубе іх,
і што [Эстэр] прыйшла перад аблічча валадара, і ён сказаў у лісьце, каб намер нягодны, які [Аман] надумаў супраць Юдэяў, зьвярнуўся на галаву ягоную, і павесілі яго і сыноў ягоных на дрэве.
і як Эстэр дайшла да караля і як кароль загадаў новым лістом, каб благі намер Гамана, які ён меў супроць жыдоў, абярнуўся на ягоную галаву і як павесілі яго і ягоных сыноў на шыбеніцы.
Дзеля гэтага назвалі дні гэтыя Пурым, ад слова “пур”. Дзеля гэтага паводле ўсіх словаў лісту гэтага і таго, што самі бачылі і што адбылося з імі,
Дзеля гэтага і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назову Пур. Дзеля гэтага згодна з усімі словамі гэтага лісту і з тым, што самыя бачылі і што дайшло да іх,
пастанаўляючы, пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на насеньне сваё, і на ўсіх, хто далучыцца да іх, непарушна сьвяткаваць гэтыя два дні паводле напісанага пра іх і паводле тэрміну іхняга, кожны год.
пастанавілі жыды і прынялі на сябе і нашчадкаў сваіх і на ўсіх, што да іх далучацца, каб не парушалі гэтага, але каб сьвяткавалі гэтыя два дні згодна з іхным прызначэньнем, у ўстаноўлены час, кожны год.
І дні гэтыя маюць узгадвацца і сьвяткавацца ў-ва ўсіх пакаленьнях, і ў кожнай сям’і, і ў кожнай акрузе, і ў кожным горадзе. І дні гэтыя Пурыму не забудуцца сярод Юдэяў, памяць пра іх ня зьнішчыцца ў насеньні іхнім.
Каб-жа гэтыя дні былі памятныя і слаўныя ад веку да веку ў кожным племені ў кожнай краіне і ў кожным месьце, і каб гэтыя дні і Пурым не адмяняліся ў жыдоў і памяць аб іх не загінула ў дзяцей іх.
І напісала Эстэр валадарка, дачка Абіхаіла, і Мардэхай Юдэй з усёю ўладаю, каб выконвалі гэты другі ліст пра Пурым.
Напісала таксама каралева Эстэр, дачка Абіхайла, і жыд Мардахэй з усёй настойлівасьцяй, каб выконывалі гэты новы ліст аб Пурыме,
І паслалі лісты да ўсіх Юдэяў, у сто дваццаць сем акругаў валадарства Ахашвэроша са словамі супакою і праўды,
і разаслаў Мардахэй гэты ліст да ўсіх жыдоў у стодваццацьсем краінаў караля Артаксэркса са словамі міру і праўды,
каб прызначыць гэтыя дні Пурыму ў тэрмін іхні, які прызначыў ім Мардэхай Юдэй і Эстэр валадарка, і як яны [самі] прызначылі сабе і насеньню свайму напамін посту і галашэньня свайго.
каб цьвёрда пільнавалі ў свой час гэтых дзён Пурым, як устанавіў аб іх жыд Мардахэй і каралева Эстэр і як яны самыя забавязалі сябе і нашчадкаў сваіх на памятку посту і нараканьня.
І слова Эстэр зацьвердзіла гэты напамін пра Пурым, і было ўпісана ў кнігу.
Так наказ Эстэр пацьвердзіў гэтае слова аб Пурыме і яго ўпісанае ў кнігу.