Выхад 1 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
І во ймёны сыноў Ізраелявых, каторыя прышлі да Ягіпту зь Якавам, увыйшлі кажны з домам сваім:
Іссасхар, Завулон а Венямін,
Дан а Неффалім, Ґад а Ашэр.
І было ўсіх душаў, што вышлі ізь сьцёгнаў Якававых, было семдзясят, а Язэп быў у Ягіпце.
І памер Язэп, і ўсі браты ягоныя, і ўвесь род тый;
А дзеці Ізраеля выпладзіліся а раіліся а намнажыліся а змагутнелі вельмі, вельмі, і напоўнілася зямля тая імі.
І паўстаў новы кароль у Ягіпце, каторы нязнаў Язэпа.
І сказаў люду свайму: «Вось, люд Ізраеляў вялікі й дужшы за нас.
Дайце перахітруем яго, каб ён не размнажыўся; і як здарыцца вайна, і злучыцца таксама ён із варагамі нашымі, і будзе ваяваць із намі, і ўзыйдзе ізь зямлі».
І пастанавіў над ім зьбіраньнікаў падачкаў уціскаць яго цяжарамі. І ён збудаваў месты складаў Фараону — Піфон а Рамсэс.
І колькі ўціскалі яго, толькі ён мнажыўся і так пашыраўся. І яны немарасьціліся з прычыны дзяцей Ізраелявых.
І паняволілі Ягіпцяне сыноў Ізраелявых уціскам,
І рабілі гаркім жыцьцё іхнае цяжкою работаю глінаю а цэглаю, і ўсялякаю работаю палявою, і ўсімі работамі, каторыя сілілі рабіць із уціскам.
І сказаў кароль Ягіпецкі бабкам Гэбрэйкам, з каторых аднае імя было Шыфа, а імя другое Фуа,
І сказаў: «Як вы будзеце бабіць у Гэбрэяк і абачыце на радзельным ложку, калі будзе сын, дык забіце яго; а калі дачка, дык няхай застанецца жывая».
І баяліся бабкі Бога, і не рабілі так, як казаў ім кароль Ягіпецкі; і пакідалі дзеці жывыя.
І гукнуў кароль Ягіпецкі бабкі, і сказаў ім: «Чаму вы робіце гэта, што пакідаеце дзеці жывыя?»
Бабкі сказалі Фараону: «Гэбрэйскія жанкі не такія, як ягіпецкія; яны жвавыя, і яны родзяць перш, чымся прыйдзе да іх бабка».
І чыніў дабро Бог бабкам; і люд мнажыўся і вельмі дужэў.
І сталася: затым што бабкі баяліся Бога, дык Ён учыніў ім дамы.
І загадаў Фараон усяму народу свайму, кажучы: «Кажнага сына, каторы народзіцца, кідайце ў раку; а кажную дачку пакідайце жывую».