Выхад 28 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
І дабліж да сябе Аарона, брата свайго, і сыноў ягоных ізь ім, з памеж сыноў Ізраелявых, каб ён Імне сьвятарстваваў, Аарона а Надава, Авігу, Елеазара а Іфамара, сыноў Ааронавых.
І зрабі сьвятыя адзецьці Аарону, брату свайму, дзеля славы а харашыні.
І кажы ўсім разумным сэрцам, каторых Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону адзецьці да пасьвячэньня, каб сьвятарстваваў Імне.
І во адзецьці, каторыя маюць яны зрабіць: нагруднік, наплечнік, верхняя рыза, хітон сьцягаваны, мітра а пояс. І зробяць сьвятыя адзецьці Аарону, брату твайму, і сыном ягоным, каб сьвятарстваваць Імне.
Хай яны возьмуць золата, васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны, і цянюсенькага палатна.
І зробяць наплечнік із золата, з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны, і з тканага цянюсенькага палатна ўмелае работы.
Дзьве прырамкі злучальныя будуць у яго ў двух канцох яго, і злучаны.
І шнюрок наплечніка, каторы зьверху яго, мае быць аднолькавае зь ім работы, із золата, васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны, і з тканага цянюсенькага палатна.
І вазьмі два камяні оніксы, і выґравіруй на іх імёны сыноў Ізраелявых.
Шэсьць ізь імёнаў іхных на адным каменю, і шэсьць імёнаў засталых на другім каменю, подле нараджэньня іх.
Работы майстры, каторы ґравіруе на каменю, і каторы ґравіруе пячаці, выґравіруй на двух камянёх імёны сыноў Ізраелявых; асаджанымі ў золата зробіш іх.
І палажы два камяні гэтыя на прырамкі наплечніка; камяні памяткавыя сыном Ізраелявым; і будзе насіць Аарон імёны іхныя перад СПАДАРОМ на абодвых плячох сваіх на памятку.
І два ланцужкі із шчырага золота; як шнюркі зрабі іх, вітае работы, і прымацуй вітыя ланцужкі да асадаў.
І зрабі нагруднік судны работаю майстры, работаю падобнай да наплечніка зробіш яго; із золата, з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны а з тканага цянюсенькага палатна зрабі яго.
Чатыракутні мае быць ён, падвойны, пядзя ўдаўжкі і пядзя ўшыркі.
І ўстаў у яго асаджаныя каменчыкі, чатыры рады каменчыкаў. Рубін, топаз, а шмараґд — гэта рад адзін.
І рад другі: карбункуль, шафір а дыямэнт.
І рад трэйці: яхонт, агат а амэтысты.
І рад чацьверты: хрызоліт, онікс, ясьпіс. У залатыя асады маюць быць асаджаны яны.
І каменчыкі будуць дзеля ймёнаў сыноў Ізраелявых, двананцаць на іх імёнаў. Ґравіраваныя, як пячаць. Кажны будзе да свайго імені двананцацём плямёнам.
І зрабі на нагрудніку ланцужкі, як шнюрок, работы вітае із шчырага золата.
І зрабі на нагруднік два колцы залатыя і прымацуй два колцы да двух канцоў нагрудніка.
І ўвядзі два вітыя залатыя ланцужкі ў вабодва колцы па канцох нагрудніка.
А два канцы двух вітых ланцужкоў прымацуй да дзьвюх асадаў, і прымацуй да прырамак наплечніка з добрага боку яго.
І зрабі два колцы залатыя, і прымацуй іх да двух канцоў нагрудніка, на тым баку, што ляжыць да нутранога боку наплечніка.
І зрабі два колцы залатыя, і прымацуй іх да дзьвюх прырамак наплечніка з долу, з добрага боку яго, каля злучэньня яго, над шнюрком наплечніка.
І прымацуй нагруднік колцамі яго да колцаў наплечніка шнюрком із васільковае воўны, каб ён быў над істужкаю наплечніка, і каб не адставаў нагруднік ад наплечніка.
І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраелявых на нагрудніку судным і сэрцу сваім, як будзе ўходзіць у сьвятыню на памятку перад СПАДАРОМ штачасна.
І ўзлажы на судны нагруднік Урым (Сьвятліня) а Тумім (Дасканальнасьць), і яны будуць ля сэрца Ааронавага, як ён будзе ўходзіць у сьвятыню перад від СПАДАРОЎ; і будзе Аарон штачасна насіць суд сыноў Ізраелявых ля сэрца свайго перад відам СПАДАРОВЫМ.
І зрабі верхнюю рызу да наплечніка ўсю васільковага колеру.
І мае быць сярод яе прарэх дзеля галавы яго; аблямаваньне мае быць наўкола прарэху, тканае работы, падобна да панцыра мае быць у ім, каб ня дзерся.
І зрабі на подале яблыкі гранатовыя зь нітак васільковага, яхонтовага, пурпуровага а чырвовага колеру на подале яе наўкола; і званочкі залатыя пасярод іх наўкола:
Залаты званочак і гранатовы яблык, залаты званочак і гранатовы яблык, на подалах верхняе рызы наўкола.
І будзе на Аарону, каб служыць; і чутны будзе гук ягоны, як ён будзе ўходзіць у сьвятыню перад від СПАДАРОЎ, і як будзе выходзіць, каб яму не памерці.
І зрабі дыядэму із шчырага золата, і выґравіруй на ёй, як ґравіруюць на пячаці: "СЬВЯТАСЬЦЬ СПАДАРУ!"
І прымацуй шнюрком васільковым, і будзе яна на мітры, на пярэднім баку мітры будзе.
І будзе яна на чале Ааронавым, і панясець Аарон бяспраўе пасьвячаных рэчаў, пасьвячаных сынамі Ізраелявымі, усіх дароў, пасьвячаных рэчаў іхных. І будзе яна над чалом ягоным штачасна, каб яны былі прыемныя СПАДАРУ.
І зрабі хітон ізь цянюсенькага палатна, і пояс зрабі работы ўзорнае.
І сыном Ааронавым зрабі хітоны, зрабі ім паясы, і турбаны зрабі ім дзеля славы а харашыні.
І адзень у іх Аарона, брата свайго, і сыноў ягоных ізь ім, і памаж іх, і яны будуць сьвятарстваваць Імне.
І зрабі ганавіцы лянныя прыкрыць голасьць цела, ад сьцёгнаў да галёнкаў хай будуць.
І хай будуць яны на Аарону а на сынох ягоных, як будуць яны ўходзіць у будан збору або бліжыцца да аброчніка служыць у сьвятыні, каб яны не панесьлі бяспраўя й не памерлі. Устава вечная яму а патомкам ягоным па ім.