Ісаі 3 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Бо вось, Спадар, СПАДАР войскаў, адыйме ў Ерузаліму а Юдэі пасіленьне а падпору: усе пасіленьне хлебам і ўсе пасіленьне вадою,
 
Вось, Валадар, Госпад Магуццяў адыме ў Ерузаліма і ў Юды моц і апеку: увесь запас хлеба ды ўвесь запас вады,

Дужасіла а ваеньніка, судзьдзю а прароку а варажбіта а старога,
 
сілача і ваяра, суддзю і прарока, вешчуна і старца,

Пяцьдзясятніка а пачэсьлівага а райцу а дасьціпнога майстру а ўмелага ў знахарстве.
 
пяцідзесятніка і магната, і раднага, і чараўніка, і разумнага запявалу —

І дам хлапцоў за князёў іхных, і сысуны радзіць будуць іх.
 
і дасць ім за князёў юнакоў, і хлапчукі будуць панаваць над імі.

І люд будзе ўцісканы адзін адным, і кажны прыяцелям сваім; хлапец будзе гарэзьлівы да старога, і непаважаны будзе над пачэсьлівым;
 
І ўзбурыцца народ, чалавек на чалавека ды кожны на блізкага свайго: хлопчык будзе нахабна крычаць на старога, ды прастак — на радавітага.

Бо схопе людзіна ў доме айца свайго за адзецьце брата свайго: «Пайдзі, будзь нашым дзяржаўцам, і гэтае разбурэньне будзе пад рукою тваёю».
 
Схопіць нават мужчына брата свайго ў доме бацькі свайго: «Адзенне маеш — будзь нашым кіраўніком, вазьмі ў рукі гэтую руіну».

Таго дня ён падыйме голас, кажучы: «Не хачу быць дзяржаўцам, бо ў доме маім няма ані хлеба, ані адзецьця; не рабіце мяне дзяржаўцам люду».
 
Усклікне ён у той дзень і скажа: «Я не лекар, у маім доме няма хлеба, няма адзення; не стаўце мяне кіраўніком народа».

Бо спаткнуўся Ерузалім, і Юдэя пала; бо язык іхны і ўчынкі іхныя супроці СПАДАРА, немарасьціць вочы славы Ягонае.
 
Бо ўпаў Ерузалім і Юда ў заняпад прыйшоў, бо словы іх і задумы іх — супраць Госпада, а таму правакуюць яны вочы велічнасці Яго.

Выгляд віду іхнага сьветча супроці іх, і агалашаюць грэх свой, як Содома, не пярэчаць. Гора душы іхнай, бо яны самы адплацілі сабе ліхам.
 
Бо выраз твараў іх абвінавачвае іх; як Садом, абвяшчаюць яны свой грэх і не хаваюць; гора душы іх, бо ліха аддадзена ім назад.

Скажыце справядліваму, што будзе добра яму, бо плады ўчынкаў сваіх будуць есьці.
 
Скажыце справядліваму: «Добра!», бо будзе спажываць плод задум сваіх.

Гора нягодніку, блага, бо подле заслугі рук ягоных, будзе зроблена яму.
 
Гора бязбожніку за ліха: будзе яму адплата.

Людзе мой! уцісканьнікі яго — дзеці, і жанкі радзяць яго. Людзе мой! правадыры твае мыляць цябе і кірунак сьцежак тваіх псуюць.
 
О мой народзе, дзіця яго прыціскае, і жанчыны над ім пануюць. Народзе мой! Тыя, хто кажа, што ты шчаслівы, яны ашукваюць цябе і разбураюць дарогу хады тваёй.

СПАДАР устаў прававацца і стаіць, судзіць люды.
 
Падняўся Госпад, каб абвінаваціць, і стаіць, каб судзіць народы.

СПАДАР увыйдзе на суд із старцамі люду Свайго і з князьмі Сваімі, бо вы спасьцілі вінішча; прыдбаньне беднага — у дамох вашых.
 
Госпад прыйдзе на суд са старэйшынамі народа свайго, з князямі сваімі. «Гэта вы спустошылі вінаграднік, і нарабаванае ў беднага — у вашых дамах.

«Нашто вы мяжджуліце люд Мой і від ўбогіх мелеце?» — агалашае Спадар, СПАДАР войскаў.
 
Чаму ж вынішчаеце вы народ Мой ды абліччы ўбогіх засмучаеце?» — кажа Госпад, Бог Магуццяў.

І сказаў СПАДАР: «А затым што загардзелі дачкі Сыёну, і ходзяць із выцягненаю шыяю, і міргаюць ачыма сваімі, і йдучы падскакуюць, і нагамі сваімі звоняць;
 
І сказаў Госпад: «За тое, што ўзняліся дочкі сіёнскія ў пыху і ходзяць, выцягваючы шыю і кідаючы вачамі, ступаюць малымі крокамі ды звоняць бразготкамі на нагах,

То Спадар зробе шалудзівым цемя дачок Сыёну, і СПАДАР аголе сорам іхны».
 
Госпад дасць, што лысымі стануць чарапы дачок Сіёна, і адыме Госпад у іх валасы.

Таго дня Спадар адкіне прыбор із ланцужкоў на вагах, зоркі а колцы, як месяц,
 
У той час забярэ Госпад аздобу чаравічкаў,

Завушніцы а кралі а чыпкі, галаўныя завязкі а бружлеты а паясы а пуздрэлікі з пахамі а чароўныя прывескі,
 
і паўмесячыкі, завушніцы, бранзалеты і вэлюмы, дыядэмы і ланцужкі ля ног, і стужкі, і бутэлечкі на духмянасці,

Жуковінкі а ўзносьніцы,
 
і пярсцёнкі, і аздобы для ноздраў,

Вопраткі а пакрыцьці а хусткі а капшукі,
 
дарагія шаты, і накідкі, і шалі, і торбачкі,

Прасьветныя тканіны а цянюсенькія палотны а каптуры а брыжавыя адзецьці;
 
і люстэрачкі, і тонкую бялізну, і наміткі ды сукенкі.

І замест паху будзе смурод, і замест пояса — павароз, і замест заплеценых валасоў — лысіна, і замест шырокае сьвіткі — накінены мех, замест харашыні — плямы.
 
А будзе: замест паху — смурод, замест пояса — вяроўка, замест прычасанага чуба — лысіна, замест багатай вопраткі — цесны мяшок, замест красы — выпаленая пляма».

Сьмяротныя твае падуць ад мяча, і дужасілы твае — на вайне.
 
Мужы твае пагінуць ад меча, і волаты твае — у баях на вайне;

І будуць стагнаць а плакаць брамы яе, і яна будзе сядзець на зямлі спустошаная.
 
загалосяць і жалобай адзенуцца яе брамы, і, спустошаная, сядзе яна на зямлі.