Ісаі 2 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.
 
Слова, якое было ў бачанні Ісаі, сына Амоса, пра Юду і Ерузалім.

І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.
 
І будзе ў апошнія дні падрыхтавана гара Госпадава на вяршыні гор, і ўздымецца яна над узгоркамі, і будуць сцякацца да яе ўсе народы.

І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе — зь Ерусаліма.
 
І пойдзе шмат людзей, і скажуць яны: «Ідзіце, і ўзыдзем на гару Госпадаву і ў дом Бога Якубава, і хай навучыць Ён нас дарогам Сваім, і будзем хадзіць па сцежках Яго; бо з Сіёна выйдзе закон і слова Госпадава з Ерузаліма».

І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае — на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.
 
І будзе Ён судзіць народы і выкрые мноства людзей, і перакуюць яны мечы свае на плугі, а дзіды свае — на сярпы. Не падыме народ на народ меча, і не будуць больш рыхтавацца да бою.

О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.
 
Доме Якуба, прыходзьце ды будзем хадзіць у святле Госпадавым.

Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.
 
Сапраўды, адкінуў Ты народ Твой, дом Якуба, бо багата стала сярод іх чараўнікоў усходніх, і варажбіты ў іх былі, як у філістынцаў, і падаюць яны рукі чужынцам.

І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;
 
Край яго багаты срэбрам і золатам, ды бязмежныя яго скарбы,

і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.
 
і багатая зямля яго конямі, ды незлічоныя яго павозкі, і багатая зямля яго ідаламі: пакланяюцца яны творам рук сваіх, што зрабілі пальцы іх.

І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.
 
І сагнуўся чалавек, і прынізіўся род людскі; не даруй ім!

Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.
 
Увайдзі ў скалу, схавайся ў пыле перад страхам ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго.

Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
 
Высока ўзнятыя вочы чалавека апусцяцца, і сагнецца пыха людская; адзін толькі Госпад узвысіцца ў той дзень.

Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, — і яно будзе прыніжана,
 
Дзень бо Госпада Магуццяў надыдзе на кожнага пыхлівага і надутага, і на кожнага, хто выхваляецца, і будзе ён упакораны,

і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,
 
і на ўсе кедры Лібана, гонкія і высокія, і на ўсе дубы Басана,

і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,
 
і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі паднятыя,

і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,
 
і на кожную вежу ўзнесеную, і на кожны мур умацаваны,

і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.
 
і на ўсе караблі Тарсіса, і на ўсе судны прыгожыя.

І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
 
Ды прыгнецца велічнасць чалавечая і прынізіцца пыха людская, і адзін толькі Госпад узвысіцца ў той дзень,

І ідалы зьнікнуць зусім.
 
і ідалы дашчэнту будуць стру-шчаны.

І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
 
Тады ўвойдуць яны ў шчыліны скал і ў пячоры каменныя перад абліччам страху Госпадава і перад славай велічнасці Яго, калі паўстане Ён, каб страсянуць зямлю.

У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,
 
У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбраных і балванаў сваіх залатых, якіх зрабіў ён сабе, каб пакланяцца.

каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
 
І ўвойдзе ён у шчыліны скалаў і ў пячоры каменныя перад абліччам страху Госпадава і перад славай велічнасці Яго, калі паўстане Ён, каб страсянуць зямлю.

Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?
 
Дык не чапайце чалавека, дух якога ў ноздрах яго. Чаго ён будзе варты?