Выслоўяў Саламонавых 9 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,
 
Мудрасьць пастанавіла сабе дом, вычасала сем стаўпоў яго;

закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;
 
Зарэзала статак свой, учыніла віно свае, таксама заслала стол свой;

паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:
 
Выслала служэбкі свае агаласіць на вярхох месцкіх вышыняў:

«хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала:
 
«Хто дурны, няхай зьвернецца сюды»; недасьціпному яна кажа:

«ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;
 
«Прыйдзіце, паспытайцеся з хлеба майго і выпіце зь віна, што я ўчыніла;

адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці».
 
Пакіньце дурноту, і жывіце, і ступайце па дарозе розуму.

Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка — пляміць сябе.
 
Хто гане скалазуба, дастаець сабе няславу, і хто ўпікае нягодніку — загану сабе.

Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;
 
Ня гань скалазуба, каб ён не зьненавідзіў цябе; упікай мудраму, і ён будзе любіць цябе.

дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.
 
Дай мудраму, і ён памудрэе; паведамі справядліваму, і ў яго павялічыцца веда.

Пачатак мудрасьці — страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога — розум;
 
Боязьнь СПАДАРА — пачатак мудрасьці, і пазнаньне сьвятога — розум;

бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.
 
Бо перазь мяне памножацца дні твае, і дабавяцца табе гады жыцьця.

Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш.
 
Калі ты стаў мудры, то стаў мудры сабе, а калі насьміхаешся, ты адзін пацерпіш».

Жанчына бяз розуму — крыклівая, дурніца — ні ў чым не абазнаная,
 
Дурная жонка крыклівая, недасьціпная, ня знае нічога,

сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,
 
Бо сядзіць у дзьвярох дому свайго на седаве, на высокіх месцах места,

каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:
 
Каб гукаць праходзячых дарогаю, што йдуць нацянькі дарогаю сваёю:

«хто дурны, заварочвай сюды!», а неразумным кажа яна:
 
«Хто дурны, няхай зьвернецца сюды»; і недасьціпному яна кажа:

«вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны».
 
«Крадзеныя воды салодкія, і ўтоены хлеб прыемны».

Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.
 
А ён ня ведае, што там сьцені сьмерці і ў глыбі — пазваныя ейныя.