Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Прыказяў Салямонавае 9 Прыказяў Салямонавае 9 разьдзел

1 Мудрасьць пастанавіла сабе дом, вычасала сем стаўпоў яго;
2 Зарэзала статак свой, учыніла віно свае, таксама заслала стол свой;
3 Выслала служэбкі свае агаласіць на вярхох месцкіх вышыняў:
4 «Хто дурны, няхай зьвернецца сюды»; недасьціпному яна кажа:
5 «Прыйдзіце, паспытайцеся з хлеба майго і выпіце зь віна, што я ўчыніла;
6 Пакіньце дурноту, і жывіце, і ступайце па дарозе розуму.
7 Хто гане скалазуба, дастаець сабе няславу, і хто ўпікае нягодніку — загану сабе.
8 Ня гань скалазуба, каб ён не зьненавідзіў цябе; упікай мудраму, і ён будзе любіць цябе.
9 Дай мудраму, і ён памудрэе; паведамі справядліваму, і ў яго павялічыцца веда.
10 Боязьнь СПАДАРА — пачатак мудрасьці, і пазнаньне сьвятога — розум;
11 Бо перазь мяне памножацца дні твае, і дабавяцца табе гады жыцьця.
12 Калі ты стаў мудры, то стаў мудры сабе, а калі насьміхаешся, ты адзін пацерпіш».
13 Дурная жонка крыклівая, недасьціпная, ня знае нічога,
14 Бо сядзіць у дзьвярох дому свайго на седаве, на высокіх месцах места,
15 Каб гукаць праходзячых дарогаю, што йдуць нацянькі дарогаю сваёю:
16 «Хто дурны, няхай зьвернецца сюды»; і недасьціпному яна кажа:
17 «Крадзеныя воды салодкія, і ўтоены хлеб прыемны».
18 А ён ня ведае, што там сьцені сьмерці і ў глыбі — пазваныя ейныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Прыказяў Салямонавае, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.