Выслоўяў Саламонавых 9 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,
 
Мудрасьць збудавала дом свой, выцесала сем ягоных слупоў,

закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;
 
пабіла быдла сваё, разьвяла віно сваё і прытагавала свой стол;

паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:
 
разаслала слугаў сваіх, абвяшчаючы з меставых вышыняў:

«хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала:
 
— хто неразумны заходзь сюды, а да дурных гаворыць:

«ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;
 
— прыйдзеце, ешце хлеб мой і пійце разьведзенае мною віно;

адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці».
 
пакіньце нярозум і жывеце і хадзеце шляхом розуму.

Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка — пляміць сябе.
 
Той, хто павучае блюзьнерцу нажывае сабе ганьбу і той, хто абвінавачывае бязбожнага будзе высьмеяны.

Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;
 
Не абвінавачывай блюзьнерцу, каб ён не зьненавідзеў цябе; абвінавачывай мудрага і ён будзе любіць цябе;

дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.
 
зрабі гэта мудраму і ён будзе мудрэйшы; навучы справядлівага і ён будзе разумнейшым.

Пачатак мудрасьці — страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога — розум;
 
Пачаткам мудрасьці зьяўляецца страх Госпада, а веда Сьвятога — розумам,

бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.
 
бо праз мяне памножацца дні твае і дадасцца табе гадоў жыцьця.

Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш.
 
Калі будзеш мудрым, дык будзеш мудрым сабе, а калі насьмявальнік, дык сам будзеш мець шкоду.

Жанчына бяз розуму — крыклівая, дурніца — ні ў чым не абазнаная,
 
Неразумная жанчына, шумлівая, дурная і нічога ня ведаючая

сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,
 
сядае каля дзьвярэй свайго дому, на крэсьле, на высокіх месцах места,

каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:
 
каб клікаць праходзячых дарогаю, што ідуць проста сваймі сьцежкамі:

«хто дурны, заварочвай сюды!», а неразумным кажа яна:
 
— хто дурны заходзь сюды, а маларазумным сказала яна:

«вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны».
 
крадзеныя воды саладзейшыя і захаваны хлеб прыемны, —

Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.
 
але ён ня ведае, што там памершыя, а тыя, якіх заклікалі, — у глыбіні пекла.